Мая мара

Янина Пинчук
Як спакусна было б замкнуцца
У мансардзе слановай косці:
Толькі часам пячы шарлотку,
Толькі часам клікаць на госці.
Зрэдку, можа, чытаць навіны,
Часам, мо, прыбіранне, рынак:
Побыт вострай прыправай толькі,
Як між творчасцю перапынак.
І прызнанне, бы ў рэдкага звера,
Так, што грошы – амаль з неба:
Ну а што мне, такой выкшталцонай,
Што мне як мастаку трэба?
Часам, можа быць, інтэрв’ю.
І выставы. Яшчэ – публікацыі.
І, канешне, дзеля натхнення
Рэгулярна ў Еўропе вакацыі.
Падаецца, што вось – ідэал...
Ды паволі ўсплывае пытанне:
Ці не страчу гарэння душы,
Калі страчу навык змагання?..