Перадсвяточны настрой

Янина Пинчук
Угары выцінанкі галін
І нябёсы адцення ўзвару:
Апельсінавымі ліхтарамі
Падсвяцілася коўдра хмараў.
Пад нагамі рыпучы снег,
Часам коўзанка як спакуса,
І наперадзе белы двор
Бы святочным ляжыць абрусам.
Вось і вокны, як ледзяшы,
І ў кожным свая карціна:
Тут салата і ставяць елку,
Там малыя ядуць мандарыны...
Ззаду вуліца і прыпынак,
І мяце лянотна завея.
А наперадзе – новы год,
Што заўсёды нясе надзею.