Снежаньскi вечар

Янина Пинчук
Ты – па цёмнай празрыстай вуліцы;
Пад спадніцай мерзнуць калені;
І ў аранжавым крохкім святле
Узнікаюць кісельныя цені;
Хоць хрушчоўка стаіць прад вачыма –
Да свайго ты імкнешся агменю;
Там пакойчык, гарбата ў кухні,
І гірлянда сыпле праменне;
Вось ты дыхаеш, нібы цмок,
Унікаеш на лёд падзення,
І чапляешся за зямлю:
Нібы дрэва, шукай карэнне.
У пальчатках хай мерзнуць пальцы –
Паскакалі па швэдры алені;
Ты чакаеш калядных цудаў,
Хоць – “цынізм” і “жыцця разуменне”.
Як рэпрэсій, чакаеш сесіі,
Ну, трывай, і тое  - сталенне;
Прытрымай свае думкі крышку
І аддайся зімы летуценням.