Правядзi мяне, восень-сястра...

Янина Пинчук
Правядзі мяне, восень-сястра,
Па вузенькіх лясных сцяжынах,
Дзе павута, нібыта вэлюм,
Дзе маўклівыя цені-яліны,
Дзе манеты асін пад нагамі
І трымцяць крышталі на галінах;
Дзе жывыя спяць камяні,
Дзе стаіўся кароль вужыны...
У гушчар, дзе мох дываном,
Па-над ім – туман верасовы...
Дзе магчымым робіцца цуд
Сілай мроі ды сілай слова,
Дзе нябачных для вока скарбаў
Існуюць свяшчэнныя сховішчы –
Правядзі мяне, восень-сястра,
Да святла таямнічага вогнішча.