Танга ля ратушы

Янина Пинчук
усе сцякліся да ратушы
для асалоды з цікаўнасці
грае квартэт
і усмешкі наўкола
ды што мне з таго
як Святы Себасцьян
падставўляю я грудзі
пад мелодыі банданеона
што пяшчотнымі
доўгімі стрэламі
працінаюць салодкай пакутай
Астар П’яццола
салодкай атрутай
разлівае аповеды
з ноткамі горкага міндалю
і я прагну яшчэ
бо даўно заразілася
з першай хвіліны
невымоўнай тугой
па няздзейсненым
але столькі разоў перажытым
жыве памяць
пра гэтае лета
лета загадзя абвешчанай смерці
нават краны
свае пахілілі галовы
у Дарсэна-Сур (1)
слёзы ліў абеліск
на Пласа-дэ-Майо (2)
рэвалюцыяй пахла
у знойным паветры
набліжаўся экзамен
па гісторыі
міжнародных адносін
я сціскала ў руках
заліковую кніжку
і ад жыцця
свой чакала прысуд
вось трапеча паветра
адкрывайся, партал!
гэты храм
мог стаяць ў Аргентыне
толькі скокнуць,
і за рогам завулка...
ды не
зноў правал
застаюся ў шчаслівым натоўпе
але мроя
усё роўна жыве.
______________
1. порт у Буэнас-Айрэсе
2. цэнтральная плошча Буэнас-Айрэса