Крок у будучыню

Александр Сих
                Драма
               
   Рыгор Іванавіч Бачар, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ужо амаль пяць год жыў адзін. Сваю жонку, Кацярыну Мікалаеўну, пасля цяжкай мытарнай хваробы пахаваў і надоўга засумаваў. На пахаванне з'ехаліся родныя, а на гэты час іх было ўжо вельмі багата. З родных дзяцей меў чацвёра - трох старэйшых сыноў і апошнюю, на радасць бацькам, дачурку. А колькі было ўнукоў-унучак і праўнукаў-праўнучак, ён добра і сам не ведаў, ды і многіх не бачыў зусім. Бо дзеці параз'яджаліся хто
куды, пазаводзілі свае сем'і, а тыя, з цягам часу, свае. Яшчэ раней, калі сыны былі маладзейшымі, наведвалі амаль што год: дапагалі па гаспадарцы, адпачывалі на знаёмым з дзяцінства возеры, успаміналі маладосць, хваліліся сваімі дасягненнямі і ганарыліся сваімі поспехамі на працы. І вось гэтыя самыя поспехі потым так узялі іх за горла, што не толькі ехаць да бацькоў, але і прадыхнуць не было калі.

   І толькі дачка Людміла, іхняя радасць і надзея, жыла паблізу, у горадзе кілометраў дваццаць ад іх вёскі, і наведвала калі не што тыдзень, то праз тыдзень абавязкова. А пасля смерці маці яшчэ часцей: прывозіла ежу, прыбіралася, збірала
бруднае адзенне, каб вымыць у сціральным аўтамаце, без клопату і фізічнага намагання. Першыя часы ўгаворвала паехаць жыць да яе, але Рыгор Іванавіч так катэгарычна адмовіўся, што яна зразумела - усе ўгаворы дарма.

   І вось толькі на пахаванне Качярыны Мікалаеўны прыехалі ўсе сыны са сваімі дзецьмі і ўнукамі, хто змог ці захацеў. Але і так было відавочна, што род вялікі. Некаторых Рыгор Іванавіч не пазнаваў, а іншых зусім бачыў упершыню. Ён вельмі кахаў сваю жонку, таму на сэрцы было надта балюча, і ў той жа момант быў моцна ўзрадаваны сваім родным. І ад гэтага ён плакаў у два разы болей. Чаму, толькі смерць жонкі  сабрала ўсіх пад адным дахам? Рыгор Іванавіч дакладна ведаў - у гэтай хаце яны ўсе збяруцца толькі як памрэ ўжо ён.

   Пасля традыцыйных памінак, сыны пасуцяшалі бацьку, паабяцалі, што як змогуць, дык прыедуць, але нічога не зробіш - трэба ехаць, бо чакаюць справы. Гэта Рыгор Іванавіч разумеў, праца ёсць праца, але ён разумеў і другое: што бачыць іх усіх у апошні раз. Таму слёзы зноў накаціліся на вочы.

   Засталася парадкаваць і прыбірацца дачка са сваёй сям'ёй - мужам і двумя дзецьмі: хлопцам чатырнаццаці год і амаль дарослай дзяўчынай. А ў Рыгора Іванавіча зашчыміла сэрца - так стала сумна.

   І хоць ён меў ужо шмат год, але мужык яшчэ быў крэпкі і на нагах стаяў трывала. І ў прамым і ў пераносным сэнсе. Трымаў кароўку, парку свінак, розную птушку. І вось у адзіны момант усё яго размеркаванае жыццё парушылася. Вайну
прайшоў, перажыў цяжкія пасляваенныя гады, і ніколі не сумаваў. Бо заўсёды ў сэрцы была каханая жанчына, а пасля і ўлюбёныя дзеткі. А тут... Унутры нешта надарвалася і прага да жыцця знікла.

   І чамусьці ў большасці выпадкаў у такія крытычныя моманты людзі цягнуцца да шклянкі з гарэлкай. Рыгор Іванавіч не быў цвярознікам і раней, але ведаў: калі, колькі і дзе. Цяпер жа, пасля жончынай смерці, усё часцей пачалі завітваць аднавяскоўцы, і ўсё часцей не з пустымі рукамі. Заходзілі ад шчырага сэрца - каб не так сумна было старому. І ў рэшце рэшт гераічны ветэран, на старасць гадоў, кропля за кропляй, пазнаў у ёй смак.

   Гаспадарка пачала развальвацца. Яна даўно была меньшая як раней, але кароўку і курачак трымаў, каб малачко і яечка заўсёды мець. А насенаваць заўсёды памагалі суседзі, і бралі за гэта па божаску. Але з часам дачка была вымушана збыць і "рыжую". Засталіся толькі некалькі курак, ад старасці не годных да ежы і таму пакінутых дажываць свой век разам з гаспадаром.

   У гэтую ноч яму не спалася. Розныя думкі лезлі ў галаву. З рання на аўтамабілі была завітаўшы дачка і , як заўсёды, панавезла розных прысмакаў. Вычысціла ўсю хату, згрэбала ў клумкі бацькавую вопратку, каб у кватэры вымыць, і сказала, што праз тыдзень забярэ яго паплюскацца ў "гарадскім карыце". Гэта так Рыгор Іванавіч называў чыгунную балею. Ён любіў паляжаць у гарачаватай вадзе - адмокнуць, а пасля, у гутарцы, папіць смачнай гарбаты.

   Але часцей, як раз у месяц плюскацца адмаўляўся. Казаў - і так за шмат. "Цела ўжо ўсё драблае, за косці еле трымаецца, а калі часта буду ў гарачай вадкасці, то размокну і знойдзеце адзін шкілет".

   Да абеду Людміла ўсё парабіла, потым паснедалі, падзяліліся навінамі: яна - сваімі, ён - вясковымі, бо ў яго было ўсё добра, толькі ў сэрца нешта пачало калоць. Але аб гэтым ён дачцы не сказаў. Навошта? Зараз жа папрэ ў горад, запхне
ў шпіталь, і пій мікстуру і закусвай пілюлямі. Не-э! Ён лепей тут вып'е кілішак "цукрыцы" і з'есць што пажадае: або каўбаскі, або рыбкі, або гэтых курыных ножак. А аднойчы ўбачыў, як унук, гледзячы тэлевізар, нешта смачна хрумкае. Папрасіў участаваць. Цяпер ад гэтых чыпсаў не адтянуць, як ката ад смятаны. Дзякуй Богу і дачцэ, што пацягала да дантыста і вырабілі такія ладныя зубы, што можа дрот перакусіць. Добра жывецца?! Але чамусьці і гэтыя прысмакі ставалі комам у горле. Яшчэ днём лепей: то з адным загаворыць, то з другім, а як прыходзіць ноч, пачынаецца пакута. Таму з вечару, перад тым як легчы, замест снатворнага, выпіваў кілішак "дусту". А ўчора не піў, не меў у запасе прыхаванай. А пры дачцы пасаромеўся ісці ў краму, ды і не хацеў слухаць настаўленні. Таму, калі ў вечар Людміла паехала да дому, Рыгор Іванавіч уключыў тэлевізар, паслухаў навіны, а калі пачалося нейкае кіно, то выключыў і пайшоў спаць. І на дзіва адразу заснуў. Смачна так, быццам малое дзіця. А за акном прыемна шапацеў малады веснавы вецер. Сярэдзіна сакавіка. У дзень усё цяплей прыграе сонейка, і снег усё шпарчэй спаўзае з зямліцы. А Рыгор Іванавіч спаў, аж пахрапваў. І раптам бачыць - у яго пакой заходзіць жонка. У чым хавалі, у тым і прыйшла. Ён здзівіўся. Але не таму, што яна прыйшла, а таму як яна выглядала. Кацярына Мікалаеўна памаладзела на некалькі дзесяткаў год. Валасы з сівых зрабіліся цёмнымі, якія былі ў маладосці, з твару зніклі маршчыны, нават сукенка трымалася туга, дэманструючы жаночыя прыгажосці. Ён ляжаў, моўчкі назіраў і любаваўся. Жонка падышла і села на ложак пры канцы ног. І ўвесь час глядзела яму прама ў вочы. Позірк быў пяшчотна-ласкавы, чысты і светлы, нібы анёл глядзеў.

 - Ну, прывітанне табе, Грышачка! - сказала яна, але пунсовыя губы заставаліся нерухомымі. Рыгор Іванавіч хацеў адказаць, хацеў схапіцца: абдымаць і цалаваць, упасць ніц у ногі і прасіць прабачэння за ўсё. Унутры ўсё бурліла, як у страшэнным вадавароце.
 - Супакойся, - меладычна прамовіла Кацярына Мікалаеўна і палажыла далонь на яго руку. Зараз жа па ўсім целе разлілося такое прыемнае цяпло, яму зрабілася так добра, што Рыгор Іванавіч нават заплюшчыў вочы.
 - Вось і добра, вось і малайчына! - ужо толькі пачуў ён той-жа цягуча-пявучы голас. - Ляжы ціхенька, нібы дзіцятка, і адпачывай. Ведаю, як табе цяжанька, мучаецца твая душанька. А ніяк не можаш звыкнуцца без мяне, нават горкую пачаў піць. Гэта здарма - не трэба гэтага рабіць. Кінь! І ўсё будзе добра. Вось пабачыш! Ты ж ведаеш, як я цябе кахаю?! Моцна-моцна! І я бачу, як ты мяне кахаеш. Таму слухай мяне ўважліва...

   Рыгор Іванавіч і так слухаў як зачараваны, а тут, каб выказаць сваю любоў і ўдзячнасць, нават павярнуў галаву вухам да голасу, каб лепей чуць. І ў гэты самы момант нехта як грымне па нагах! Здалося, што зламаў усе косці.

   Ён стогнучы адкрыў вочы. Перад ім была цемра, і толькі на пры канцы ног варушылася нейкая пляма. Потым яна супакоілася і злілася з коўдрай, быццам і не было нікога. І жонкі таксама не было. Рыгору Іванавічу зрабілася так балюча, што ён разчаравана стукнуўся галавой аб подушку і заплакаў. З часам, крыху супакоіўшыся, ён ляжаў і разважаў, а ў нагах муркаў кот, які перагрэўшыся на печцы, прыгнуў на ногі гаспадара і напужаў сон. І ўсё ж гэта быў толькі сон?! "Але ж якая прыгожая зрабілася мая Кацярына!" - раптам падумаў Рыгор Іванавіч і настрой яго палепшыўся. Адно было дрэнна - так і не даведаўся, што яму хацела сказаць жонка. А ўсё гэты стары кот Васька! Каб яму пацукі хвост адгрызлі, лайдаку! І праз коўдру пнуў таго нагой. Кот Васька а ні якай незадаволенасці не выказаў, толькі павярнуўся на другі бок. Гаспадар зразумеў, што ўжо болей не засне. Да гэтага ён прывык. Але які быў цудоўны сон! Апошні раз ён сніў сваю Кацярыну, бадай, гады тры таму. А тут так нечакана... Эх, і ўсё ж шкада, што не давялося даслухаць! Што ж яна хацела такое сказаць, калі прасіла слухаць уважліва? Вядома, нешта вельмі важнае. Цікава!

   Гэтыя думкі былі парушаны ціхім пастукваннем у шыбу. Рыгор Іванавіч не зразумеў і адразу падумаў, што гэта яму здалося. Але грукат паўтарыўся - ужо мацнейшы. Каго ж гэта прынясло сярод ночы? Невядома колькі часу? Ён сеў, намацаў
рукамі валенкі і сунуў у іх ногі. Пад старасць ногі пачалі моцна мерзнуць і, хоць у хаце было цёпла, ён усё роўна, замест дачковых тапак, хадзіў па пакоі ў валенках. Падышоўшы да акна, Рыгор Іванавіч запытаў.
 - Хто там?
   Ціхі голас адказаў:
 - Іванавіч, гэта я - Сямён. Адчыні.
   Болей нічога не пытаючы, гаспадар пайшоў адчыняць дзверы. Ён добра ведаў Сямёна, маладога хлапца, які жыў праз тры хаты і працаваў у саўгасе на трактары. Бывала, той таксама заходзіў прапусціць кілішак і палямзіць языком.
 - Што ж ты так позна? - запытаў Рыгор Іванавіч, упускаючы ў хату суседа. Праўда, за тым моўчкі сунуўся яшчэ нейкі чалавек, але гаспадар пасаромеўся на парозе запытваць - хто той? Ды і чаго пытаць? Бачна, што сябар Сямёна.
 - Не позна, дзед Рыгор, а рана! Амаль чатыры гадзіны раніцы, - шутліва адказаў Сямён, увайшоўшы ў святло. - Гэта мой сябар Ігнат. Мы разам служылі ў войску.

   Вось і пазнаёміліся. Рыгор Іванавіч, як дабразычлівы гаспадар, прапанаваў нечаканым гасцям прысесць. Пры святле ён разгледзеў Ігната. Нічога не скажаш, хлопец ладны, у адрозненні ад невелькага і шчуплаватага Сямёна, той быў
высокі і шырокаплечы. Сярэдняй даўжыні светлыя валасы трохі кучаравіліся. Твар быў круглаваты, а вочы хоць і блакітныя, але нейкія мутнаватыя, як быццам зусім без колеру.
   "Не добрыя вочы, зусім як лядзяшкі," - яшчэ падумаў Рыгор Іванавіч. А ўладальнік гэтых "лядзяшак", які дагэтуль маўчаў, запытаў.
 - Дзед, у цябе курыць можна?
   Глянь ты, культурны?!
 - Чаму ж не! Сам дымлю.

   Ігнат палез у кішэнь за цыгарэтамі. Сямён дастаў з-за пазухі бутэльку і без дазволу паставіў яе на стол. Было бачна, што тут ён адчуваў сябе па-свойску. Рыгор Іванавіч кінуў позірк на паўлітроўку, потым на суседа, хітра ўсміхнуўся і
накіраваўся за закуссю. Сябры пераглянуліся, а Сямен узняў уверх вялікі палец рукі, нібы кажучы - вось такі мужык! Праз некалькі хвілін на стале з'явіліся тры кілішкі, парэзаная каўбаса, свежыя памідоры. Сямён узяў ролю тамады,
а Ігнат разліў цукрыцу.
 - Ну, дзед Рыгор, Ігнат - давайце за ўсё добрае, няхай нас міне бяда, і не міне прыбытак... у любым выгляду, хоць у выгляду вадкасці і з градусам. Своечасова выпіты кілішак ратуе не толькі ўласнае здароў'е, але і забяспечвае нярвовы
спакой акружаючых. Як кажуць - будзем здаровы!
 - На здароў'е, дзеткі, - адказаў Рыгор Іванавіч, і з незадавальненнем зірнуў у бок Ігната, які выпіў раней, не чакаючы заканчэння сябровага тосту. Ён і Сямён выпілі і трохі закусілі.
 - Ведаеш, Іваныч, прыехаў да мяне ўчора мой сябар, два гады ў адной роце праслужылі, - як бы просячы прабачэння за несвоечасовы візіт, сказаў Сямён. - Ну, і сам разумееш - шмат гарэлкі знічтожылі. Прачнуўся сярод ночы, усё гарыць,
як у цмока ў жываце, толькі што агнём не дзьмуем. Вось узялі ў цёткі Марыі бутэлечку палячыцца, а куды ісці? У мяне бацькі і малодшая сястра спяць. Вырашылі завітаць да цябе. Ты не крыўдуйся, дзед!?

   Рыгор Іванавіч не крыўдзіўся. Ды і чаго? Усё роўна не спаў - толькі думкі думаў. Нават, можа і добра што зайшлі. Перш прыйшла Кацярына, незабыўная і каханая, затым хлопцы завіталі з бутэлькай - як раз памянуць можна.
 - Ды добра ўсё, хлопцы! - супакоіў ён іх. - Пасядзім, вып'ем, пагутарым. Ты налівай-налівай, калі цяжка.
   Ігнат паслухмяна разбулькаў апошнюю водку. На гэты раз выпілі моўчкі. Пустую бутэльку Сямён зняў са стала і паставіў у куток. Рыгор Іванавіч быў, як кажуць, не першы год замужам, і разумеў, што ў адказ ён павінен зрабіць такі ж жэст "добрай волі". Ён схадзіў у свой пакой і прынёс грошы.
 - Ну, таварышы-аднапалчане, злётайце яшчэ за адной, а то толькі раздражніліся!
   У хлапчукоў заблішчалі вочы. Схапіліся абодва. Зразумела, што пасля ўчарашняга ў іх назіраўся фінансавы недахоп. Весела паглядзелі адзін на аднаго і засмяяліся. Сямён прапанаваў:
 - Пайшлі за кампанію разам. А то яшчэ зблужу у цемры, ці хто забярэ. Будзеш у мяне ахоўнікам.
   Хлопцы жартуючы пайшлі, а Рыгор Іванавіч узяў з талеркі кавалак каўбасы і кунуў кату, які даўно ўжо цёрся аб яго ногі.
 - Бяры, лайдак, з'еш! Хоць ты сёння і нашкодзіў, але як-ніяк ты ў мяне адзіны сябар. Табе гаворыш, а ты слухаеш, і па вачах бачу, што разумееш, хоць у адказ толькі мяўкаеш. А можа наадварот, гэта я цябе не разумею? Хто ведае?!
Бачыш, сакавік прыйшоў. Быў бы маладзейшы, таксама па дзеўках летаў бы. А так сядзім у хаце, як два старыя карчы - табе толькі паесць і паспаць, а мне яшчэ і выпіць трэба.

   Неўзабаве вярнуліся таварышы па зброі. Блага, кропка па продажу "магарыча" была паблізу. Зноў селі, налілі, выпілі. Сямён травіў байкі аб арміі, Ігнат калі-некалі дапаўняў сябра. Елі мала, усё больш дымілі. Рыгор Іванавіч, пакуль іх
не было, адчыніў люшку, каб сцягвала гэты смрад. Ён, хоць і курыў, але, калі цяплей, то выходзіў у ганак, а калі холадна, то дыміў у печку. А цяплом, наогул, ці на сонцы грэўся, пакурываючы, ці па вёсцы лазіў, каб не было так сумна.
 - Дзед! - раптам запытаў маўклівы Ігнат. - А ты дзе ваяваў? Часам не ў партызанах?

   Ну вось, закранулі і яго тэму. Рэдкі выпадак, калі з ім выпівалі і не размаўлялі пра вайну. І не абавязкова чужыя, але і свае аднавяскоўцы, хоць і гаворана незлічоная колькасць разоў, знаходзілі якое-небудзь свежае пытанне. Асабіста цяпер,калі погляд на з'явы тых часоў перагляджаецца гісторыкамі зусім з другіх ракурсаў. І адныя тыя ж падзеі тлумачацца па-рознаму, нават даходзіць да поўнага аблыгання гістарычных фактаў. Яму бывае вельмі балюча слухаць, калі аб ветэранах адгукаюцца з ганьбой, а розных мярзотнікаў пачынаюць усхваляць. Што ён мог ведаць аб вялікай палітыке, просты вясковы хлапец? Ваяваў за айчыну і стараўся не загінуць. Яго дзеці не ведалі вайны, і дзякуй Богу, а што ж казаць пра гэтых сасункоў. Жыві і працуй!
 - Не, - адказаў Рыгор Іванавіч, - у партызанах мне быць не давялося. Так здарылася, што перад самым пачаткам вайны мне споўнілася асьмнаццаць год. Я апамятавацца і зразумець нічога не паспеў, як і астатнія, як быў прызваны ў Чырвоную армію. Я не ведаю, як склаўся б мой лёс, можа загінуў бы, можа трапіў бы ў палон, але ў першым жа баі мяне вельмі моцна параніла. Як і хто мяне ратаваў, я не ведаю, але за гэта ім вельмі ўдзячны. А пасля шпіталю, мяне накіравалі ў стралковую роту.Там і страляў.

   Гаварыў ён больш Ігнату, бо Сямён даўно ўсё гэта ведаў.
 - І да Берліна дайшоў? - з нейкай злой усмешкай зноў запытаў, ужо добра падвыпіты, Ігнат.
   Гаспадар акінуў позіркам маладога, сытага, добра апранутага хлапчука. Што моладзь хоча ад жыцця? Напэўна, занадта многа.
 - На жаль не давялося. У баях ва Ўсходняй Прусіі зноў быў паранены, а пасля лячэння камісаваны ў тыл. Дапамагаў уздымаць разбуранаю гаспадарку.
   Сямён таксама заўважыў уздымаючуюся агрэсію сябра. Ён вырашыў змяніць тэму.
 - Дык колькі ж табе ўжо год, дзед Рыгор? Колькі я цябе ведаю, ты ўсё такі самы. Ні халеры не старэеш!
Рыгор Іванавіч усміхнуўся.
 - Дык які ж я стары?! Усяго дваццаць трэцяга году!
Сямён імгненна вылічыў.
 - Восемдзесят два гады! Ну ты, дзед, даеш!
 - Гэта не я даю - Бог дае. Ды і што гэта за гады? Вунь па тэлевізару казалі - чалавек можа жыць ажно сто пяцьдзесят год! Ты ж Парэчыху ведаеш?
 - Канешне, ведаю! - згадзіўся хлапец.
 - Ну і як ты думаеш, колькі ёй стукнула? - хітра прышчурыўшыся, запытаў Рыгор Іванавіч.
   Сямён і сапраўды дакладна не ведаў колькі - старая ды старая. Кавыляе яшчэ шпарка па вуліцы.

   Бачачы бездапаможнасць, гаспадар назідальна сказаў:
 - Вось! Не ведаеш. Выглядае маладзіцай. А яна ажно пятнаццатага году! А хіба па ёй скажаш? Дае Божа здароў'я, бо за ёй даглядаць няма каму.
   Сямёну на самой справе гэта было не вельмі цікава, але артыстычна зрабіў здзіўлены выгляд.
 - Не можы быць?! Ёй жа дзевяноста год!
 - Так. Будзе летам. А яшчэ гаспадарку трымае, не тое, што я.
   Увесь час размовы Ігнат сядзеў насуплены і не задаволены. І пры магчымасці ўмяшаўся.
 - Ды ты ў нас з усіх бакоў герой?! - не абгрунтаваныя злосць і здзек гучалі ў яго словах. - Напэўна, і медалі ёсць? А! Не старэючы ветэран вайны і працы!
   Тут і Сямён і Рыгор Іванавіч убачылі, што з хлопцам робіцца нешта незразумелае.
 - Чаго ты чэпіся да дзеда? - з усмешкай заступіўся Сямён. - Давай лепей вып'ем!
 - Ды пачакай ты са сваёй гарэлкай! Нікуды яна не дзенецца, - не згадзіўся з такой прапановай таварыш. І зноў звярнуўся да гаспадара. - Ну дык пакажы! Парызыкуй сваімі баявымі поспехамі. Я ні разу ў руках не трымаў сапраўдныя ўзнагароды.
   Рыгор Іванавіч размеркаваным спакойным голасам адказаў:
 - Медалі ёсць, гэта так. Нават два ордэны маю. Вось і на шасцідзесяці годдзе Перамогі абяцалі нешта даць. Але ж паказаць іх немагчыма. Пры ўсім маім жаданні.
 - Чаму? - усё больш п'янеючы, пацікавіўся Ігнат. - Я іх не з'ем. І нават не пагрызу! У гэты час Сямён яшчэ разліў па чарцы.
 - Справа не ў гэтым, - паспрабаваў растлумачыць гаспадар. - Есць і грызць на стале хапае, а калі мала - яшчэ прынясу. Усе мае ўзнагароды, каб я выпадкова не згубіў, забрала дачка і трымае іх у сваёй кватэры. А тут у мяне нічога няма -
толькі мае ўспаміны. Але, я бачу, вам гэта не вельмі цікава.
   Ігнат нядобра, з-пад ілба, зірнуў на старога, заўважыў поўную шклянку, адным махам выпіў, пацягнуўся за каўбасой, потым чамусьці перадумаў, і толькі махнуў рукой.
 - Пенсію таксама аддаеш? - дастаючы цыгарэту, працягнуў свой допыт. - Пенсія, нябось такая, яшчэ паспрабуй на заводзе зарабі?
   Рыгор Іванавіч ведаў такі тып людзей, і ведаў чым гэта можа скончыцца. Галоўнае, ні ў якім выпадку не ўступаць з ім у спрэчку. Ён згадзіўся:
 - Так, пенсія добрая. З кожным годам нас, ветэранаў усё меней. Вось дзяржава і клапоціцца. Толькі што мне рабіць з грашмі? Трохі пакіну сабе, на бутэльку-другую, а астатнія аддаю дачцы - у яе дзеці, а ў мяне толькі кот ды "дохлая" курыца.

   Ігната развязло канчаткова. Гаспадар паглядзеў на Сямёна, як бы кажучы:"Што ж ты сядзіш? Бяры сябра і ідзіце шчасліва". Але Сямён не варушыўся - было бачна, што ён сябра баіцца. Гэта заўважыў і Рыгор Іванавіч. За сваё жыццё і сам цярпеў
страх, і бачыў яго ў вачах другіх. Трэба было вырашаць гэтую складаную справу самому, пакуль не зайшло ўсё зусім далёка.
 - Ну што ж, хлопцы, - сказаў ён са шчырай усмешкай, - дзякую, што завіталі, участавалі, але нешта мяне размарыла... Старасць. Пайду, мусіць, яшчэ часік-другі сапну. Бачыш, ужо і віднець пачынае. А вы хлопцы маладыя, здаровыя, таму вось вам
яшчэ на бутэльку - выпейце!
   І ён дастаў свой старэнькі патрэпаны кашалёк. Дачка, праўда, была купіўшы новы, але карыстаўся гэтым. Таму што ён быў падараваны жонкай, а значыць - даражэйшы.

   Рэагаванне сяброў было рознае. Сямён стаў задаволенным - ён быў цвяразейшы і не супраць выпіць яшчэ, тым больш інцыдэнт мог быць вычарпаны. А вось Ігнат, убачыўшы кашалёк, толькі раз'юшыўся, быццам бык на чырвоную ганучу. Сціснуўшы кулакі, калючым позіркам глянуў на ветэрана. Здалося, нават ад злосці зрабіўся цвяразейшы. Рыгор Іванавіч зразумеў, што ўжо а ніякія словы не дапамогуць.
   Далей усё здарылася так нечакана, што ніхто добра не змог уцяміць. Ігнат, хутка ўскочыўшы з табурэта, адной рукой схапіў гаспадара за кашулю, а другой намацаў на стале нож. Узняў старога, нібы ляльку, прыціснуў да сцяны і прысунуў
вастрыё да шыі. Нечалавечы рык, разам са слюной, вылятаў з пасці пачвары, і моцным гукам удараў у мазгі Рыгора Іванавіча.
 - Ах ты, старая свалата! Сам недзе на грошах спіш, а нам сунеш розную дробязь! Жыдоўская морда! Думаеш іх у магілу забярэш?! Няма ў яго нічога?! Усё ў цябе ёсць! І зараз ты мне гэта ўсё прынясеш - і грошы, і медалі, і ордэны, і хрэн
з маслам, старая галоша!

   Сямён ад жаху збялеў нібы нябошчык, і пры ўсім жаданні ён Рыгору Іванавічу, у той момант, дапамагчы не мог. Ён сядзеў вытарачыўшы вочы і раздзявіўшы рот. У гаспадара, прыціснутага за горла, памуціўся погляд і паслаблі ногі. Толькі губы
вырушыліся, ловячы паветра, нібы ў рыбы, выкінутай на бераг. Паціхеньку ён пачаў спаўзаць на падлогу. Ігнат выпусціў кашулю і паглядзеў на сваю руку, потым на другую, у якой трымаў нож. Падышоў да стала, попускам кінуў на яго нож, а сам
пляснуўся на табурэт. Не падымаючы галавы, прамовіў:
 - Паглядзі, што з ім?
   Трохі ачуняўшы, Сямён кінуўся да старога.
 - Трэба хуткую дапамогу выклікаць! - залямантаваў той, тармосячы дзеда за плечы. - Ой! Што ж ты нарабіў? Навошта?
Выпілі і добра. Навошта ж за нож хапацца? Ён жа стары... і на бутэльку яшчэ давай. Што ты нарабіў! Трэба ратаваць старога! Трэба тэлефанаваць у хуткую! - Ён узняўся з разгубленнымі, безсэнсоўнымі вачамі. - Чакай! - Раптам нешта важнае ўспомніў.- Дачка ж дзеду купіўшы мабільнік! Толькі дзе ён?
 - Замоўкні! - яго спыніў цвёрды металічны голас. Сямён павярнуў галаву і ўбачыў жорсткі, халодны, амаль цвярозы, погляд сябра. Той стаяў і было бачна, што рашэнне ён ужо прыняў.
 - Знішчаем усе доказы, што мы тут былі, і даем хутчэй адсюль драла.
   Сказаў Ігнат, і пачаў прыбірацца са стала. Сямён стаяў разгублены і нерухомы. Ён не ведаў, што рабіць: яму было шкада дзеда Рыгора, але ў той жа момант, ён баяўся супярэчыць. І ўсё ж паспрабаваў.
 - Не, ён, здаецца, яшчэ дыхае, - і дадаў. - У цябе ёсць жа мабільнік!
 - Ёсць, - адказаў той, - толькі яму ўжо не дапагчы. Параскінь сваімі вадкімі мазгамі - іх бліжэй не дачакаешся, а пакуль прыедуць, у гэту глухамань, дзед усё-роўна адкіне капыты. Ты, спадзяюся, не хочаш у турму? Пойдзеш як саўдзельнік. Варушыся!

   У турму Сямён, канешне, не хацеў. Ён бачыў, што здарылася нешта жудаснае, але наколькі жудаснае, яшчэ не разумеў. Ды і галава кумекала дрэнна. Стаяў каля старога, як стоўб.
   Ігнат махнуў рукой. Ён усё зрабіў сам. Потым з падлогі падняў кашалёк і зазірнуў у яго. Убачанае яго не ўразіла - нават паморшчыўся. Выцягнуў адтуль дзьве бумажкі, а кашалёк, працёршы ганучкай, засунуў у дзедавы кішэнь. Агледзеўся і раптам спытаў:
- Дзед праўда не мае ў хаце ўзнагароды? Ці схлусіў? Што маўчыш як пень?
   Сямён на хвіліну выйшаў з забыцця.
 - Праўда. Дачка прывозіць, калі трэба. На гэты дзень Перамогі павінна была прывесці, бо яго збіраліся віншаваць у сельсавеце.
 - Ясна. Тады - усё! - Сказаў Ігнат, аглядзеўшы памяшканне і застаўшыся, відавочна, задаволеным убачанным. - Камар носу не падточыць. Выключаем святло і будзе выглядаць, як быццам дзед узняўся, ішоў, і раптам яму стала дрэнна. Што сліні распусціў? Пайшлі, чаго стаіш?!

   І добрым грымаком падштурхнуў сябра ў спіну. Сямён апошні раз глянуў на твар Рыгора Іванавіча - той, здаецца, ужо не дыхаў. На вуліцы, паазіраўшыся, выйшлі з панадворку.
 - Так, - скамандаваў Ігнат, - вось табе на апахмелку, а гэта мне на дарогу. Што ты стаіш, як зомбі? Хіба мы вінаватыя, што ў яго сэрца слабое? Я ж хацеў трохі пажартаваць.
   Ён упхнуў таварышу ў руку грошы і спытаў:
 - Слухай, ты выпадкова не ведаеш, дзе жыве дачка дзеда?
   Сямён моўчкі пакруціў галавой. Тады дадаў:
 - І глядзі - майчы. А калі даведаюцца, што мы ў яго былі, не бяда. Кажы: заходзілі, выпілі і пайшлі. І ўсё! Бывай. Я табе патэлефаную.
   Ігнат шпарка пакрочыў па дарозе з вёскі. Сямён яшчэ пастаяў, гледзячы таму ў след, пакуль той не звярнуў на павароце, а потым і сам пайшоў. Але не да сваёй хаты, а да цёткі Марыі за самагонам.

   Мінуў тыдзень пасля пахавання Рыгора Іванавіча. У рэшце рэшт, ён лёг побач са сваёй каханай жонкай. Як і прадбачыў, сабралася багата сваякоў, але ён іх ўжо не бачыў. Мацней за ўсіх вылічала дачка. Сыны сціпла стаялі каля труны. Хата
спусцела, толькі кот Васька хадзіў па панадворку і шукаў гаспадара. А потым яго забрала Людміла да сябе ў кватэру. Сямён, калі неслі труну з Рыгорам Іванавічам, глядзеў у вакно і з яго п'яных вачэй цеклі слёзы. Некалькі дзён пасля гэтага ён яшчэ цягаўся і піў, а потым на доўг перасталі даваць. Ды і бацька, ветэрынар саўгаса, і маці, настаўніца пачатковых класаў, населі на каўнер, каб кідаў глупства і ішоў на працу. Зусім хутка пачнецца пасяўная - трэба рыхтаваць тэхніку. А яму было не да таго. Усё валілася з дрыжачых рук, яда не лезла, твар зарос і асунуўся. Не аднойчы надыходзілі думкі пра самагубства. Але нешта стрымлівала. Ніхто не ведаў што з ім. Ён ведаў і маўчаў. Пакуль мог. А потым не вытрымаў.

   Устаў раніцай, пагаліўся, памыўся, чысценька апрануўсяі і, нічога нікому не кажучы, недзе накіраваўся. Ішоў рашуча, як чалавек упэўнены ў сваім рашэнні. І толькі падыходзячы да дому Андрэя Міронавіча, мясцовага ўчастковага інспектара,
рашучасць патроху пачала знікаць. Хлапец адчуваў сябе няўтульна: яму не было боязна, а было вельмі сорамна, бо прыйдзецца гаварыць і глядзець у вочы. А гэта самае цяжкае.
   Сямён ступіў на парог, пабарабаніўся, хоць быў званок, і адчыніў дзверы. Гаспадары ўжо былі паснедаўшы і збіраліся на працу. Жонка Андрэя Міронавіча, Наталля Сцяпанаўна, таксама, як маці Сямёна, працавала ў школе і выкладала гісторыю. Сямён прывітаўся.
   Андрэй Міронавіч, ужо ў форме, піў гарбату, павярнуў галаву і здзіўлена паглядзеў. Раптам шырока засмяяўся.
 - Ой, хто гэта? Вы па якой справе, таварыш?
   Сямён таптаўся. У гэты момант, трымаючы ў руках сшытак, выйшла Наталля Сцяпанаўна паглядзець - хто там? Убачыўшы Сямёна, прывіталася, з усмешкай паглядзела на мужа і пайшла назад рыхтавацца да заняткаў.
 - А-а! Гэта ты, Сямён! - быццам толькі пазнаўшы, іранічна прамовіў Андрэй Міронавіч. - Еле прызнаў. Ты сёння сам на сябе не падобны. Бачыў учора здалёк, як ты да дому дабіраўся: моцна паслабшы пасля працоўнага дня - усе ляскі на плоце
пералічыў, пакуль дайшоў. Ох, высушу я гэты самагонны край! Колькі ні штрафуй, усё-роўна ракой цячэ. А сёння бачу - зусім другі чалавек! Прыемна паглядзець! Ды і самому, думаю, не страх у люстэрка глянуць. Чаму мы так п'ем? Няўжо абавязкова
трэба,каб мордай у талерку? Не глядзі, я не сябе маю на ўвазе. Я ўвогуле, аб нашым народзе. Ну, што ў цябе? Папярэджваю: у мяне пахмяліцца няма.
   І тут толькі заўважыў, што таму зусім не да смеху і справа, напэўна, вельмі сур'ёзная. Сямён таптаўся з нагі на нагу, глядзеў у падлогу і маўчаў. Пасур'ёзнеў і міліцыянер.
 - Так. Тут будзем размаўляць?
   Сямён сцвярджальна кіўнуў. У гэты момант выйшла Наталля Сцяпанаўна і пачала апранацца.
 - Абед у палове першай. Не затрымлівайся! - праінфарміравала мужа. - Да пабачэння.

   Яны засталіся адны. У сям'і Андрэя Міронавіча і Наталлі Сцяпанаўны была адзіная дачка, якая на гэты час вучылася ва ўніверсітэце ў сталіцы. Яна вельмі падабалася Сямёну, але куды яму - трактарысту. Ён гэта разумеў.
 - Праходзь, - запрасіў у другі пакой гаспадар. Гэта быў і кабінет, і бібліятэка. Па баках былі размешчаны кнігі, а насупраць дзвярэй, каля акна, стаяў стол і два стулы: адзін насупраць другога.
 - Ну, што здарылася, Сямён? Ты сёння сабраўся як на вяселле?!
 - Хутчэй - на пахаванне, - цяжка ўздыхнуў хлапец.
 - Бачу, справа сур'ёзная. А ле ты, Сёма, не цягні - мне, як-ніяк, таксама трэба ехаць на працу.
   Яшчэ раз цяжка ўздыхнуўшы, той пачаў гаварыць. Андрэй Міронавіч ні разу яго не спыніў. наадварот, каб таго не смучаць, ён стаяў і ўвесь час глядзеў у акно. А за ім на ўсходзе ўздымалася сонца, яшчэ трохі і пацячэ са стрэх, апошні снег блішчаў і пераліваўся. Хутка-хутка сапраўдная вясна. Гледзячы на ўсё гэта на душы рабілася светла і радасна. І толькі за праблемамі і клопатамі людзі не заўсёды заўважалі гэту прыгажосць. На жаль не ўсе мы умеем захапляцца простым і даступным. А шкада!

   Андрэй Міронавіч адчуў цішыню. А так добра пачыналася раніца. І вось табе на! І да пенсіі засталося амаль нічога. Ён так яе чакае. Як яму ўсё гэта абрыдла! Гэтая чалавечая гразюка. Ён павярнуўся да Сямёна. Той глядзеў на паліраваны стол.
І хоць у пакоі Андрэй Міронавіч ніколі не курыў, на гэты раз зрабіў выключэнне. Ён разважаў. Яму было і шкада Сямёна і праціўна.
 - Што ж вы нарабілі, паразіты! Чалавек вайну прайшоў, не аднойчы смерць бачыў у твар, а вы... не далі спакойна дажыць чалавеку. - Унутры зрабілася пуста, як у вакууме. Што робіцца на белым свеце?! - Ну і чаго ты да мяне прыйшоў? Ты ж не
маленькі, разумееш? Вы не яблыкі ў суседа ўкралі - вы чалавека забілі! Чаму не сеў на аўтобус і не паехаў у райцэнтар здавацца? Маўчыш?! Я скажу чаму. Таму, што табе боязна. Ты як вырашыў? Прыйду, раскажу, і хай ён думае, што рабіць.
Ён супрацоўнік міліцыі, але ўсё ж аднавясковец - не чужы чалавек. Свой цяжар перакласці на мае плечы. Я, канешне, мог бы проста пасадзіць цябе ў аўтамабіль і завесці куды належыць. І няхай ужо яны думаюць. Я разумею: табе шкада дзеда, унутры грызе сумленне, але галоўнае - ты не можаш сабе дараваць, што струсіў, спужаўся. Не зайшоў наперад таварышу, і не даў таму ў морду. Глядзіш, і ўсё пайшло б па-іншаму. Так?

   Сямён панура кіўнуў. Андрэй Міронавіч зразумеў, што так гаварыць ён не меў права. Ён тут прадстаўляў праваахоўчыя органы і нічога дзіўнага, што хлапец звярнуўся да яго. А раз звярнуўся, значыць паважаў і шукаў дапамогі.
 - Гэта злачынства, якому няма даравання, і за якое, безумоўна, трэба панесці кару. Прабачэнне ўжо ні ў кога не папросіш. Але калі адкінуць этычны момант, то што мы бачым? Давай паразважаем. Калі справа дойдзе да суда, ты, хутчэй за ўсё,
пойдзеш сведкай. Але можаш пайсці і саўдзельнікам. Ды і, наогул, не ў гэтым справа: пасадзяць цябе ці не? Ад сябе не ўцячы. І што будзе, калі усе даведаюцца? Табе стане так невыносна, што палезуць думкі пра самагубства. Бачу, яны ўжо ў
цябе былі. Але гэтым не толькі не паможаш Рыгору Іванавічу, але назаўсёды згубіш сваю бесмяротную душу, і прынясеш гора сваім бацькам. Гэта не выйсце!
 - І што рабіць? - ціха спытаў Сямён.
   Андрэй Міронавіч хацеў ужо мацюгнуцца, але стрымаўся.
 - І ўсё ж лоўка ты перакінуў рашэнне сваёй праблемы на мяне. Маўчы ўжо. Вось што я скажу. Ніхто, па праўдзе кажучы, гэтай справай займацца не будзе. Рыгор Іванавіч быў стары і памёр ад сардэчнага недахопу. А ты ведаеш, колькі працы ў міліцыі, акрамя цябе? Вышэй галавы! Цябе проста пашлюць на кудыкіну гору. Не, калі ты, канешне, будзеш упарта настойваць, то, безумошна, цябе пасадзяць. А я ўжо казаў, што гэта не выйсце. Так што, як ні круці, а табе з гэтым прыйдзецца жыць. Мірыцца са сваім сумленнем і спадзявацца, што час усё залечыць. Хлопец ты не згублены, толькі трохі трусаваты. І самае галоўнае - кідай піць! Яна яшчэ нікому шчасця не прынесла. Табе жаніцца пара, сям'ю заводзіць, - глязіш, меней у галаве застанецца месца для глупства. Але тут паўстае другое пытанне - што рабіць з тым бандытам? Такія пачвары не павінны дыхаць вольным паветрам. Вось што, давай мне яго адрэс, спадзяюся, ты яго ведаеш?
   Сямён у каторы раз кіўнуў і няўтульна заёрзаў. Андрэю Міронавічу  стала смешна і злосна.
 - Слухай, Сямён, - сказаў ён, - на што ты разлічваў, калі справу хацеў давесці да суда? Усё ўзяць на сябе? Не? Ну так усё-роўна прышлося б здаваць свайго сябра. Ды і які гэта сябар?! Ці ты хочаш, каб ён яшчэ каго-небудзь забіў бы, ці
абрабаваў бы? Толькі памятай - гэта таксама будзе на тваім сумленні. Ці не за шмат? Ці ты вытрываеш? Вось так, і ніяк інакш. А з табой пакуль дамовімся так: наша размова застанецца паміж намі. Мне перш трэба даведацца пра таго злодзея.
А далей пабачым.

   Ідучы да хаты, Сямён спрабаваў разабрацца ў сваіх пачуццях. Здавалася, з аднаго боку адчувалася нейкая палёкка, але ён ведаў - гэта не надоўга, а з другога - ён "спаліў" таварыша. І няхай той свалата, а ўсё-роўна адчуваў сябе "іудай". Адно выйсце - хутчэй на працу! А там Бог - бацька.
   Мінула тры дні. За гэты час Сямён не бачыў Андрэя Міронавіча. На душы спакою не было, таму з асцервяненнем круціў свой трактар. А тут як раз ехаў на ферму, калі насустрач, з-за павароту, высунуўся старэнькі белы "мэрс" Ён ведаў, хто
быў за рулём і сэрца ў грудзях закалацілася. Абодва, як па камандзе, спыніліся. На двары марасіў дробны дожджык, і Андрэй Міронавіч заклікаў Сямёна да сябе. Той уладкаваўся і напружана чакаў. Андрэй Міронавіч маўчаў. Закурыў. Потым
запытаў.
 - Як вы сталі сябрамі? Вы ж зусім розныя.
   І пра сябе ўсміхнуўся, нечакана ўспомніўшы рэкламу "твікс".
 - Мы ў роце толькі ўдвох былі з нашага раёну.
 - Ну і як ён сябе паводзіў? Баец?
   Сямён пагадзіўся.
 - Яго баяліся і паважалі.
 - Канешне. І ты за яго плячамі адчуваў сябе ўтульна і надзейна.
   Сямёну зноў зрабілася няёмка і сорамна. Андрэй Міронавіч змяніў тэму.
 - Ты вось што скажы: вы ж выпівалі, размаўлялі - што ён табе казаў пра сябе?
   Той крыху падумаў.
 - Ды нічога такога. Армію ўспаміналі, пра мяне пытаў, пытаў ці ёсць прыгожыя дзяўчаты, каб пазнаёміў з якой-небудзь. А пра сябе нічога не казаў: маўляў усё добра і жыццё бурліць.
   Андрэй Міронавіч пстрычкай выкінуў недакурак, які трапіў у лужыну і разпоўся.
 - Ясна. Ужо дабурліла, - сказаў ён. Памаўчаў. Потым дадаў. - Доўга ты яго цяпер не ўбачыш.
 - Чаму? - аўтаматычна запытаў Сямён.
 - А ты хацеў бы?
   Сямён паціснуў плячамі. Не, бачыць Ігната не хацелася, але яго зацікавіла пытанне - чаму ён гэта не зможа зрабіць? Думкі замітусіліся і сэрца задрыжала. Значыць, нешта здарылася.
 - На гэты момант ён сядзіць за кратамі і супраць яго ўзбуджана крымінальная справа. Мне, канешне, нічога канкрэтна і падрабязна не расказалі, але па размове я так зразумеў, што там вельмі багаты паслужны спіс, і справа ў самым разгары.
Адным словам, яму сядзець і сядзець.
   Андрэй Міронавіч павярнуў галаву ў бок Сямёна. Той упарта, не мігаючы, глядзеў у лэбавае шкло.
 - Так што, ідзі працуй. І мне трэба ехаць.
   Сямён не варухаўся.
 - А як-жа я? - ціха запытаў ён.
   Замест адказу міліцыянер штурхануў хлапца ў бок.
 - Вылазь. - Сямён паслухаўся. - Вось такія справы, даражэнькі дружа!
   Андрэй Міронавіч націснуў газ і колы заслізгалі па мокрай дарозе. Сямён стаяў пасярод лужыны, а па твары лупэсіў дождж, за гэты час набраўшы сваю моц.
   У будучым вяскоўцы са здзіўленнем назіралі, як Сямён Рупейка ўпрыгожваў магілы старых Бачароў.
   
                (Год напісання 2005)