Партрэт каханага мужчыны

Гелена Авела
АПАВЯДАННЕ

Яна малявала яго партрэт. Ён некалькі хвілін таму сказаў ёй “бывай” і пайшоў. Дома яго чакалі жонка і дзіця. Аліна ніколі не бачыла ні яго жонкі, ні дачкі. Ёй было горка і балюча дзяліць Алеся з іншымі людзьмі, і таму яна проста нічога не хацела ведаць пра яго сям’ю.

На сваіх вуснах дзяўчына яшчэ адчувала горкую салодкасць ягоных пацалункаў. Яе цела памятала дотык пяшчотных мужчынскіх далоней. Раз-пораз Аліна “пракручвала” іх чарговы вечар удваіх і ёй рабілася… то салодка, то балюча. Так было заўсёды. Яшчэ з іх самага першага вечара, калі яна ўпершыню скарылася яго жаданню.

Здаралася, што яна стамлялася маляваць партрэт каханага, і тады пачынала тэлефанаваць знаёмым і сябрам. “Прывітанне, - гаварыла Аліна, - гэта я…” І доўга-доўга выслухоўвала бясконцы аповед суразмоўцы пра тое, як цяжка яму жыць на свеце. Слухала, раз-пораз устаўляла ў гэты маналог свае парады, а сама думала: “Калі чарга дойдзе да мяне? Ці змагу выказаць свой боль?.. Мабыць, не…” Пасля кароткага “бывай” на другім канцы провада Аліна клала трубку і доўга-доўга стаяла ля вакна. Потым зноў ішла маляваць партрэт каханага.

Калі яна знікала з поля зроку Алеся на некалькі дзён, то ён хваляваўся і пачынаў ёй тэлефанаваць. Іх адносіны доўжыліся ўжо амаль цэлую вечнасць, і ён прызвычаіўся лічыць яе сваёй уласнасцю.

Калі Алесь нарэшце яе знаходзіў, то прасіў аб сустрэчы. І зноў быў доўгі вечар… Ён кахаў яе палымяна і бессаромна. Радаваўся, як дзіця, кожны раз, калі знаходзіў усё новыя эрагенныя зоны на яе целе. Пяшчотнасць яго рухаў нярэдка змянялася агрэсіўнасцю, ласкавасць вачэй – жорсткім жаданнем бясконца валодаць яе душой і целам. Ён заўсёды казаў, калі сыходзіў: “Ты мая і будзеш толькі маёй. Аднойчы я перастану цябе кахаць, і ты памрэш…” А яна зачыняла за ім дзверы і працягвала ўпарта маляваць яго партрэт. Калі стамлялася, то зноў тэлефанавала сябрам і знаёмым…

Алесь быў прыгожым зялёнавокім брунетам. Высокі, гнуткі, моцны… Ён меў цвёрды характар, умеў сыходзіцца з людзьмі і скараць свайму жаданню жанчын. Сёння Аліна нарэшце закончыла яго партрэт. Яна доўга глядзела ў вочы колеру першага вясновага лісця, а потым з нечаканай злосцю… пачала рваць толькі што закончаны твор. Раптоўна Аліна схапіла тэлефонную трубку і з такой жа нечаканай сістэматычнасцю стала набіраць нумары сяброў і знаёмых. Але слухаць іх споведзі ў гэты вечар яна не жадала. На сярэдзіне размовы кідала трубку і набірала новы нумар. Гэта доўжылася з дзве гадзіны, а потым яна, разарваўшы ланцужок і адкінуўшы ў бок маленькі залаты крыжык, накіравалася ў кухню…

Аліну знайшлі праз тыдзень. Алесь узламаў замкі ў дзвярах і ўвайшоў у кватэру. Яна ляжала з нажом у сэрцы ў лужыне крыві ў калідорчыку паміж ванным пакоем і кухняй. Крыху пазней, побач з тым, што засталося ад яго партрэта, ён знайшоў асабісты дзённік маладой мастачкі. На апошняй старонцы тоўстага агульнага сшытка Аліна напісала: “У маёй смерці прашу нікога не вінаваціць, бо ў ёй вінавата само жыццё…”

Алесь ужо нічога не мог зрабіць. Яна нарэшце вызвалілася з ягонага палону. Яе вольная ад расчараванняў, незразумеласці і пакут душа ўжо была далёка… І яе цела яму таксама больш не належала…

Гелена Авела
(Апавяданне было надрукавана на старонках часопіса “Першацвет”)