Бумеранг

Анатоль Кудласевич
Б У М Е Р А Н Г

“Грошы не пахнуць!” – сказаў рымскі імператар і абклаў падаткам грамадскія прыбіральні. З таго часу і павялося, што ўсе дарогі завярнулі да Рыма, а тыповыя асобы, што блудзілі па рымскіх шляхах, трывала ўпісаліся пазней ў культурны ланшафт розных дзяржаў і народаў, усю Бабульку-Еўропу скалесавалі ўздоўж і ўпоперак. Для іх грошы ніколі не смярдзяць, самым апошнім сродкам не пагрэбуюць, абы наяўныя павялічваліся ў геаметрычнай прагрэсіі. Прыйшоў час асобін, што робяць грошы на ўсім, не дарэмна любдзі кажуць: час – грошы!
Мідакаў ездзіць на работу грамдскім транспартам. Толькі на першы погляд здаецца: сядзіць сабе чалавек, разваліўся панам і адпачывае. Ён прыступае да працы адразу ж, як толькі апынаецца за дзвярыма кватэры. Вось і зараз: стаіць мужычок (для Мідакава гэта ўжо не выпадковы пасажыр, — магчымы будучы кліент) і проста-такі паядае яго вачыма: зубы ў яго заместа павек ці што? А што ён такога зрабіў? Адказаў колькі гадзін — вось і ўвесь цуд. Але ж не ўсё так проста, хоць і выглядае часам паранай рэпай, у Мідакава свае сакрэты,  ведае іх безліч.
Людзі рабы звычак, але каб да такой ступені? “Думае, пэўна, што я відушчы” — цешыць сябе Мідакаў. А дзівацуд надзвычай просты: чалавек, калі ў яго спраўляюцца аб часе, да месца гэта ці не (заўважце самі!), перад тым як адказаць, абавязкова гляне на гадзіннік — нейкі невытлумачальны рытуал: для ветлівасці ён гэта робіць, ці што? Навошта зноў глядзець, калі пяць хвілін таму звяраўся з часам — вось і адказаў: “Роўна дзевяць гадзін!”. Але на гадзіннік, як таго падсвядома чакаў мужычок, знарок не паглядзеў, — пільна зірнуў на ягонае плячо. Гэты дзівак раптам перакрыўлівае шыю і касавурыцца на сваё ж плячо, нібыта хоча ўбачыць гадзіннік, на які толькі што глядзелі… Пастаяў крыху разгублены, схіліўся да суседа і зноў пытаецца пра тое ж… “Роўна дзевяць!” — данеслася да Мідакава, і Дзімавы вусны расплываюцца саладжавай усмешкай: “Клюнуў, карасік, ты мой! Зараз вочы на лоб палезуць!” — абдумвае ён тактыку апарацоўкі кліента.
Важна не наяўнасць ведаў, — уменне практычнага ўжывання, не столькі ўмець гатаваць, колькі навучыцца падаваць блюда. Прыкмеціў і запомніў Мідакаў, што жонка на прыпынку звярталася да мужычка па імені, — усякая дробязь можа спатрэбіцца: ён праводзіць рэкламную кампанію сваёй фірмы. Пасля псіхалагічнага шоку “кліент” разагрэты як след, і Мідакаў упэўнены, што хутка той зусім спячэцца: яшчэ некалькі псіхалагічных далікатэсаў — і на днях у яго фірму з’явіцца новы пастаянны кліент.
Пры выхадзе з аўтобуса Мідакаў ушчыльную прыціскаецца да патэнцыяльнай ахвяры: “Іван! — элегантна пстрыкае пальцамі (пачуўшы сваё імя, мужычок зусім збіты з панталыку), — Іван, фірма венікаў не вяжа, фірма робіць дапамогу! Мы ўсё ведаем, Іван! Для нас праблем не існуе, усё можам — дапаможам! Званіце ў любы час, званок бясплатны! — і тут, як заўзяты карцёжнік-фокуснік, выхоплівае з-за вуха агаломшанага Івана візітоўку і працягвае яму, — Ноу проблем, Ваня! Ауф фідэр зейн! І… Да сустрэчы?”.
Мужычок вылуплівае вочы і разяўляе ад дзіўлення рот, нібы да барады пачапілі пудовую гірку, а Дзіма Мідакаў, махнуўшы напаследак белай пальчаткай, лёгка саскоквае з падножкі, пабліскваючы на сонцы акаваным кейсам.
Настрой узнёслы. Фірма працуе толькі чацвёрты месяц, а ўчора на валютным рахунку сума акруглілася да пяцідзесяці тысяч даляраў! Людзі самі нясуць грошыкі, ужо справа Мідакава, так раскінуць мазгамі, каб яны яшчэ і дзякавалі за свае грошы. Ён не які-небудзь там бізнесмен-недавучка, купі-перапрадай, — кандыдат псіхалагічных навук!
А пачыналася ўсё надзвычай прэсна: на рабоце не працягнулі кантракт. Скарацілі не справядліва: пасварыўся з дырэктарам інстытута і заўтра… Ды што тут гаварыць — усё і так зразумела: не паказвай начальству, што разумнейшы, ды яшчэ на агульнай лятучцы. А тое, што  Мідакаў разумнейшы за ўвесь аддзел, сумнення не выклікала. Вакол адны зайздроснікі, толькі і сочаць, каб абсмяяць звыштонкія ідэі Дзімы Мідакава. Вядома, ліліпуты-карлікі, не дараслі да разумення. Але ж самаўпраўства тупога дырэктара не давала спакою. “Помсты, і ячшэ раз помсты!” — патрабавала пакрыўджанае самалюбства. Але што ён, нікому не вядомы асістэнт, можа зрабіць такому “зубру” як Кірыла Гаўрылавіч?
І вось аднойчы, на чарговую каферэнцыю па псіхалогіі, дзе “тамадою” аднагалосна абіраўся былы дырэктар, Дзіма Мідакаў апрануў чорны, з сіняватым адлівам касцюм, белую, як тытульны аркуш дысертацыі, кашулю і стракаты разнакаляровы гальштук. Упырхунў у залу, нібы матылёк і заўважыў, што чорныя бровы Кірылы Гаўрылаваіча папаўзлі ўверх, вось-вось успаўзуць на лысіну. О, як ён ненавідзеў у гэты момант бліскуючую лысіну былога начальніка, усіх гэты вумнікаў, што рабалепна заглядвалі ў вочы мэтру.
Толькі зрабілі пачатковую абвестку. І раптам у прасторную залу ўбягае хлапчук гадоў пятнаццаці (адзін Мідакаў ведае, што будзе далей!), у руках бягунка — вялікі пакунак: нахаду здымае накрыўку і поглядам гасцей адкрываецца расквечаны крэмамі вялізазны торт. Хлапачук шпарка падбягае да прэзыдыума і — “гох!” выбухнуў адначасовы ўздых, нібы будынак інстытута рэзка праваліўся скрозь зямлю: разнакаляровыя крэмы, вішанькі і шакаладныя глазуры раз’язджюцца і плывуць па твары разгубленага Кірылы Гаўрылавіча. Мідакаў шчоўкае фатапаратам, элегантна раскланьваецца і выходзіць.
Гэта і навяло на думку: патрэбна фірма! Ён будзе на кані. Ці мала ёсць на свеце пакрыўджаных і незадаволеных, для якіх Мідакаў працягне руку дапамогі? Лопнуць ад злосці і зайздрасці супрацоўнікі інстытута псіхалогіі, калі дачуюцца аб трыумфе ягонай фірмы, таму што на ўзбраенне ён возьме менавіта псіхалогію.
Даў абвесткі па газетах, выступіў па радыё і тэлебачанні. Але самае галоўнае: узяў крэдыт і купіў пяць дарагіх ноутбукаў, якія ўрачыста ўручыў першым пяці кліентам, нібыта ім пашчасціла быць у фірмы “Ноу проблемс” — дзясяцітысячнымі! Такое прэзентуе не кожная фірма — вось і пасыпаліся кліенты, як гарох з мяха. А далей — спарава тэхнікі і псіхалагічных ведаў. Набраў штат: пару акцёраў, пару суцінёраў, пару прыгажуноў, як Элен Далон (суадносна — Сафі Ларэн), пару сабак, пару кошак і бамжэй, пару мастакоў, пару… Як у Ноеў каўчэг: усякай твары па пары. І пайшло-паехала, закруцілася… Паплылі, пацяклі грошыкі на яго рахунак, лінулі, як лівень з вядра, як з пажарнага брансбойта ўдарылі… Толькі дурань не ведае, што для бізнеса перш-наперш патрэбна  галава — а яна ў Мідакава на месцы.
Вунь стаіць элегантна расфуфыраны франт каля футравай крамы, толькі і справаў у яго, што праз хвілін дваццаць, калі будзе выходзіць з крамы бландзінка ў новай дудблёнцы, (а яна выходзіць кожныя паўгадзіны) — пляснуць у ладкі і: “Ах! Які цуд! — ускрыкнуць, — якая чароўная дублёначка!”. Толькі і ўсяго здаецца… Але гэта трэба ўмець сказць, умець пляснуць у далоні, каб у вачах было сапраўднае здзіўленне і чаруючае захапленне. А франт — прыгажун, а жанчына ў дублёнцы — фотамадэль, і… Ды што тут глядзець: пасля чарговага артыстычнага нумара тры-чатыры кабеціны, хоць і зусім не збіраліся заходзіць у краму, а ўжо, бач ты, выкручваюцца каля люстэрка і прымяраюць на сябе такія ж дублёначкі. Вялікая справа: здзіўленне прыгожага мужчыны! “Франту” — 10 даляраў, “фотамадэлі” — 15 даляраў, а на рахунак Мідакава крама “Мехавыя футры” Пералічвае 70 даляраў ад кожнай разрэкламаванай і прададзенай дублёнкі. А што? — ён знайшоў, арганізаваў, падаў ідэю… Магазін адчуў прыбытак, так што, шаноўныя спадары, трэба думаць! А колькі падобных ідэй, спароджаных Мідакавым, працуюць па горадзе і зараблюць яму валюту. І вось вынік — учора на валютным рахунку фірмы роўна паўсотні! Сам ён, хоць і прэзідэнт, а займаецца тым, з чаго пачаў — гэта прыносіць найвялікшую асалоду. Трэба ж трымаць руку на пульсе грамадсткіх жаданняў і незадавальненняў.
Чалавек сем ужо чакала Мідакава, калі ён унёс сваё тулава ў чакальную залу офіса, што нагадвала сабой фотавыставу, або конкурс сатырычнага часопіса на тэму: “Такое і не прысніцца!”. Да увагі наведвальнікаў адкрываліся прыгожа аздобленыя стэнды з апісаннем паслуг фірмы. На сталах ляжалі разгорнутыя альбомы з фотаздымкамі, карыкатурамі — глядзі і выбірай, што табе да спадобы? Было нават некалькі скульптур, якія дэманставалі дасягненне фірмы “Ноу проблемс” у паляпшэнні абслуг насельніцтва.
Сакратарка бліснула пералмутравай усмешкай жамчужных зубоў: “Зміцер Кампоставіч, будзеце адразу прымаць?”.
Забыліся адзначыць, што імя па бацьку Мідакава, ды і само прозвішча не абяцала лёгкага шляху ў жыцці.
— Безумоўна, рыбачка, час не чакае. Трэба шанаваць самалюбства пакрыўджанага чалавека. Спадары, таварышы, грамадзянне, — звярнуўся да прысутных, — калі ласка, заходзьце па спісу. Рыбачка, жадаючым кавы! Не турбуйцеся, спадары, таварышы, грамадзяне, кава бясплатная — вашы клопаты фірма “Ноу проблемс” бярэ на сябе, спадзеючыся, што вы станеце пастаяннымі кліентамі! Закон гасціннасці, мы захоўваем яго. Рыбачка, праз пяць хвілін запрашайце па аднаму…
І масіўныя дзверы з маронага дубу ціха зачыніліся за прэзідэнтам.
Тэлефон на стале разрываўся. Не распранаючыся, зняў трубку.
— Алё! Зміцер Кампоставіч, выручай! — выдала трубка сонны але досыць устрывожаны голас.
— Зноў праспаў? — спытаўся прэзідэнт.
— Так і ёсць. Не магу прывыкнуць.
Мідакаў клацнуў нейкім тумблерам, глянуў на манітор і сказаў у трубку: “На тваім леміце толькі пятнаццаць даляраў — гэта малавата. Зноў авансам? Не люблю такога… Ведаеш сваю слабасць, пералічвай празапас, хе-хе… — на тым канцы пачулася крактанне і кашлянне, з чаго можна было зрабіць выснову, што кліент вельмі просіць, — добра, — здаўся Мідакаў, — зраблю наполову ў крэдыт, але гэта апошні раз, запомні! На тры гадзіны затрымаю, толькі таму, што ты наш пастаянны кліент”.
Бразнула трубка тэлефона. Прэзідэнт распрануўся, усеўся за стол, пакрыты вышываным абрусам, пазваніў “рыбачцы” і папрасіў кавы. І толькі пасля таго, як сакратарка прынесла кубак з крутазаваранай кавай, набраў нумар.
— Алё! Дзям’ян  Сымонавіч? Добры дзень! Сымонавіч, хто ў цябе на чатырнадцатым маршруце?.. Бурак? Свой хлопец. Як звычайна, на паўгадзінкі затрымай… Не-не! Больш не трэба. А то ў метро шмыгне, хвілін дваццаць, не болей. А потым няхай дзверы заклініць. Так, заклініць. Здагадлівы ты, хе-хе… Хвілін сорак пратрымаешся? Малайчына! Я плачу.
Зноў круціўся дзыск тэлефона, зноў Дзіма Мідакаў (на рабоце ён часцей Зміцер Кампоставіч), набіраў новы нумар тэлефона.
— Алё! ЖЭС? Ліфцёра трэба, Лёху. Так… Дзякуй, пачакаю, — ён трымаў трубку, прыціснуўшы да пляча галавою і адначасова прысёрбваў з кубка, — Лёха! Здароў! Зміцер Кампоставіч, пазнаў? Правільна, кліент № 116. Як заўсёды — пляшка… Ну, Лёха, гэта нахабства! Затрымаць чалавека на дваццаць пяць хвілін у ліфце — пляшкі гарэлкі мала? Апетыт у цябе, як у дыназаўра, глядзі… Вымерлі яны, Лёха, бо шмат хацелі,  перадохлі ўсе… Мне не цяжка знайсці згаворлівага. Ведаеш, я ўсё магу… А-а-а! Пажартаваў? Даўно б так, дваццаць пяць хвілін, зразумеў? І болей так не жартуй, Лёха! Адью!
Потым званіў у міліцыю, пазваніў “рыбачцы” і загадаў, каб “сёмы”, “дванаццаты” і “трыццаць першы” дзейнічалі па звычайнаму плану, — увесь аўрал спатрэбіўся толькі дзеля таго, каб затрымаць па дарозе начальніка кліента, які любіць раніцай спаць. Начальніка затрымаюць на двзе гадзіны і кліент фірмы “Ноу проблемс” патрапіць у свой рабочы кабінет раней за шэфа. Пасля гэтага Мідакаў зноў пазваніў “рыбачцы” і запрасіў наведвальнікаў. Першай зайшла жанчына гадоў сарака пяці: “Добры дзень! — прамовіла з парога.
— Праходзьце. Сядайце, вось сюды, калі ласка. Якія праблемы?
— Ведаеце, — прагаварыла жанчына, — паглядзела, што вы робіце і баюся, ці зможаце дапамагчы?
— Фірма венікаў не вяжа, фірма робіць дапамогу, — выпаліў Мідакаў завучаную фразу рэкламкі і дадаў мякчэй, — любую, мадам, дапамогу… Для нас няма праблем!
— Разумееце, справа вельмі далікатная…
— Дапамагаем і ў далікатрых. Зрэшты, у нас няма звычайных — усе справы далікатныя. Што вам патрэбна?
— Я хацела б… мне трэба… як вам сказаць?.. Неабходна, каб мой муж затрымаўся на рабоце.
— Будзе зроблена! Яго забяруць у міліцыю. З вас пяцьдзесят даляраў! Плаціце наяўнымі, ці пералічэннем? Рахунак у сакратаркі, — націскае кнопку: — Золатка! — “Пачакайце! Не!!! — ажно ўскочыла жанчына”. — Штосьці не так?
— Я ж казала, далікатная… У міліцыі трымаюць не больш трох сутак.
— Суткі, мадам. Вы сядайце, сядайце! За трое сутак — сто пяцьдзеят даляраў, у вас ёсць грошы?
— Тым горош… Мне трэба, разумееце… Грошы ў мяне ёсць.
— Пішыце заяўку, плаціце, усё зробім!
— Яго трэба падпаіць. Разумееце, добра напаіць… Ён у мяне любіць гэта, і тады на тыдзень сыходзіць у запой… Зразумейце, вельмі трэба… Я яшчэ не старая жанчына… Проста напаіць гарэлкай, зможаце?
— Нічога складанага: адрас, месца працы, фотаздымак, імя…
— Картачку я прыхапіла з сабою, вось… колькі гэта будзе каштаваць?
— Я думаю…
— Гарэлку я ўзяла, тут, — выставіла на стол жанчына авоську, у якой падзынквалі бутэлькі, — пяць пляшак павінна хапіць, каб адразу і апахмелка, каб гарантавана ужо…
Цяпер пачаў здзіўляцца Мідакаў, пажартваў нават: “А мужа выпадкова не прыняслі ў авосьцы?”, але потым больш сур’ёзна дадаў:
— Даляраў семдзесят, не семдзесят пяць! Але ж справа… Вельмі тонкая… Восемдзяст даляраў. Не, сотка! Гэта больш гарантавана.
— Я згодна! Згодна! Але якія вы даяце гарантыі?
— Гарантыі? Спытайце ў сакратаркі кнігу падзякаў і водгукаў, там гарантыі, пачытайце… Дарэчы, можаце павучыцца ў разумных людзей, — яму штосьці не спадабалася жанчына, хаця такое здарался рэдка: кліент — ёсць кліент, і маральнае аблічча ніколі яго не цікаваіла, абы плацілі грошы, але вось не спадбалася жанчына і ўсё, — напаіць мужа, мадам, каб некалькі разоў ператыкнуцца з іншым? Прымітыў, мадам, а не далікатнасць… Ёсць больш элегантныя і вытанчыныя магчымасці, але кожнаму сваё…. Плаціце грошы сто дваццаць даляраў.
— Вы ж сказалі сотка?
— А за прапаганду культуры, якую я правёў? Мой час дорага каштуе, за вашу далікатнсць, мадам, і…
— Добра, добра! Усё зразумела. Вось картачка.
— Усё сакратарцы: і картачку, і грошы там заплаціце. Да пабачэння!
Мідакаў націснуў кнопку ўнутраннай сувязі і заспрасіў наступнага.
Зайшла бабулька, гадоў сямідзесяці з кульбачкай у руцэ, перакрыўленая на адзін бок, як стогадовая груша. Доўга слухаў Мідакаў шамканне бсяззубага рота, і яшчэ раз пераконваўся: няма для чалавека большай радасці, чым рабіць гадасці і ў тым, што ніколі не застанецца без працы.
— Дык што вы хочаце, бабуля? — перапытаў старую.
— Як жа што? Няўжо вы не слухалі, паночку? У іх і машына, і дача, і ўсе гэтыя  відзікі-шмідзікі, і дываны, — пералічвала каторы раз яна, пакуль Мідакаў не дапяў: яна хоча як-небудзь папсаваць багацце суседзяў, яны нават не здароўкаюцца з ёю. З-за гэтага і спаць не можа.
Прычына сур’зная, а зайздрасць — пачуццё ліпучае. Дамовіліся: усе матэрыльяныя каштоўнасці суседзяў праз дзень залье вадой “сапсаваўшагася крана”. Ледзьве ўгаварыў бабулю, якая аказалася занадта сквапнай, на трыццаць даляраў. З палёгкай уздыхнуў і нават прыпадняўся ў крэсле, паказваючы куды сесці, калі зайшла ладная, ногі ад плячэй, жанчына, з доўгімі залаціста-кучаравымі валасамі, сабранымі хвосцікам і закінутымі наперад паміж надзьмутымі, быццам гумавыя шарыкі, грудзямі.
— О! Якія людзі да нас! Сядайце, паненка! Рады бачыць вас у сваёй фірме. Што прывяло?
— Я кахала — мне здрадзілі! — заявіла жанчына, нібы сказала: “Зямля квадратная!”. — Хачу помсты, — працягвала яна, — хачу вялікай, аграмаднай, жорсткай! Каб на ўсё жыццё запомніў: такіх, як я — не кідаюць!
— Якой помсты жадае мамзэль? Крыміналам і макрухай не займаемся. Фірма законапаслушная. — “Што можаце?” — Усё мамзэль, акрамя ўгалоўшчыны… Ну… Ёсць машына ў гэтага паганца, праколем шыны — дваццаць баксаў усяго… Можам увогуле спаліць. Гэта даражэй, але… — “Мала!”. — Можаце заплаціць больш. Дабравольным узносам, фундатарства за тых, хто хоча помсты, але не мае грошай. Фонд сацыяльнай справядлівасці.
— Мала… Гэта мала: адны шыны, машына… Што яшчэ?
— Торт на галаву… Прама ў твар. Прылюдна і пры сведках.
— О, цудоўна! Ха-ха! Уяўляю фізіаномію… Торт, лепш бісквіты, з рознымі крэмамі… Але хачу, каб ён ведаў, што гэта прывітанне ад мяне. І расплата. А кракадзіла ў ванную можаце, каб яму прычындалы паадкусваў?
— Мамзэль, зробім! Яму ўручаць вашу візітоўку… І алігатара дастанем. У вас ёсць візітоўка. Няма? Закажам. Які прайдоха, кінуць такую жанчыну. Афрадзіта! Прамяняць, і на каго?
— Вось і я кажу: на каго? Ха-ха! Нічога… Пачакайце, ячшэ… Напрыклад, жабу ў кішэню?
Мідкаў глядзеў на яе пругкія грудзі, на гнуткі стан, сцягнуты тугой празрыстай сукенкай, на тое, што прасвечвала пад матэрыяй спаднічкі і што жанчыны звычайна хаваюць, упіваўся вачыма ў глыбокае дэкальтэ і ніяк не асмельваўся назваць суму.
— Ну… Як вам сказць… Для такой чароўнай лэдзі, фірма можа зрабіць выключэнне, калі… Так, у нас звычайна практыкуецца… (такія паслугі каштуюць пяцьсот зялёных), але для вас мамзэль, магу зрабіць бсяплатна. Гаспадр тут я… Калі пагодзіцеся, ну… Я мог бы кампенсаваць тое, чаго пазбавіў ідыёт, у якога заўтра ж будзе ўвесь анфас фэйса залеплены крэмам, ха-ха! Я магу кампенсаваць!
Яна дастала стодоларавую купюру, памагала ёй нейкі час і потым ляпнула па вышываным абрусе, быццам гуляючы ў даміно, забіла казла. Мідакаву падалося нават, што разам з грукатам з яе чароўных губ зляцела: “Казёл!” — але так толькі пачулася.
— Ноў проблемс. Так, здаецца, назваецца ваша фірма? Але я прывыкла плаціць за паслугі! І прывыкла, каб мне таксама плацілі. Вось так, кампенсатар! Стольнік хопіць. Але каб усё было шыкоўна, чын-чынаром! Фотакарткі за вамі, я адашлю яму, асабліва з тортам. Няхай ведае: са мной не жартуюць! А там, кампенсатар, паглядзім, ха-ха, на што здатны ты. Чао, хлопчык! Бусінка ты мая, да сустрэчы, кампенсатар!
Яна выплыла, нібы пава,  з кабінета  Мідакава і ён, смакуючы хаду, лавіў сябе на памкненні, што хочацца скокнуць услед за ёю і абшчаперыць рукамі гнуткую талію.
Розныя люзі заходзілі ў фірму, разнастайны просьбы прыносілі — яднала іх адно: яны плацілі. А грошы, як зацвердзіў рымскі імператар — не смярдзяць. Камусьці за пяць даляраў рабілі дробныя паскудствы: рэзалі ў метро брытвачкай скураныя паліто, выбівалі табурэтку, калі кліент збіраўся рассесціся пасля сытнага абеду, або сыпалі на тую ж табурэтку канцылярскія кнопкі ці падпільвалі ножкі; камусьці шылам прапорвалі шыны аўтамабіляў, перасольвалі чай, кагосьці забіралі ў міліцыю і трымалі ў залежнасці ад  сумы пералічанага ганарару; камусьці ставілі рогі і пасылалі фотаздымкі раўніваму мужу; камусьці ў акварыўм падсаджвалі шчупака, або замест шчанят пародзістай сучцы падкладвалі сляпых кацянаят; кагосьці штурхалі ў каналізацыйны люк, а кагосьці вывозілі ноччу за горад і высаджвалі там…  А даляры цягкі і цяклі на рахунак Дзімы Мідакава, але нават і прэзідэнт фірмы быў здзіўлены, калі чарговы кліент заказаў усе паслугі адразу.
— Як усё? Хто вам так насаліў? Гэта будзе шмат кашатаваць….
— А гэта ўжо мае праблемы. Я плачу наяўнымі. Грошы мяне не цікавяць.
Мідакаў доўга падлічваў на сваім камп’ютары — сума выходдзіла занадта кругленькай, са спакуслівымі трыма нулямі.
— Усяго выходзіць тры тысячы, калі акругліць канешне. Вось яшчэ, у яго інамарка ці айчынны аўтамабіль? Інамарка, на двесце даляраў болей. Тры дзвесці.
— Дзіўная рэч, але ў яго няма машыны… Але ўлічвайце, як за інамарку, я думаю… Можна ў мяккае месца шылам.
Мідакаў зарагатаў на ўвесь кабінет, здаецца, ажно шкло ў шыбінах задрыжэла.
— А вы вялікі арыгінал! Плаціць будзеце зараз, ці пасля?
Кліент дастаў грошы, Мідакаву спачатку не верылася, што чалавек можа патраціць на помсту такія грошы, думалася, яго проста разыгрываюць, што зараз наведвальнік засмяецца ў твар і выйдзе, калі ж убачыў новыя стодоларавыя купюры, сумненняў не засталося. У Мідакава загарэліся вочы, такой здзелкі ён не помніў, але кліент не спяшаўся адлічваць даляры, а ўсё чамусьці марудзіў.
— А… Што-небдзь, акрамя пералічанага, што-небудзь экстравагантнае, нечаканае? — “Напрыклад? — спешна перапытаў Мідакаў”. — Ну, вось хаця б… — кліент задумаўя. — Хаця б каня! Во, каня чырвонай… Не-не! Лепш белай масці ў спальню, можаце? І пару падсвінкаў у ванны пакой? Лішайных якіх-небудзь, рахітных. А яшчэ ў прыбіральню прыблудных кошак. А на кухню пацукоў…
— Э-э-э! Ну ўжо вы… — Развёў Мідакаў рукамі, — гэта ўжо і не смешна, — і раптам падхапіўся, шукаючы высце — наведвальнік паціснуў плячыма і схаваў пук даляраў у кішэню. Усім выглядам паказваў, што збіраецца сыходзіць. Сэрца Мідакава затарахцела ў грудзях, як бензапіла “Дружба”.
— Можам! Усё можам! Па вышэйшаму класу! — закрычаў прэзідэнт. — Патэбна толькі пралічыць усё: конь, парасяты, кошкі, сабакі… Рыбачка, — паклікаў сакратарку па ўнутраннай сувязі, — секунда, і яна ўскочыла ў кабінет, — звяжыцеся з падшэфнай гаспадаркай, закажыце каня і два падсвінкі…
— Белай масці, а падсвінкім лішайныя! — удакладніў госць.
— Так-так! Каня белай масці і два лішайныя падсвінкі. Даведайцеся, колькі  будзе каштаваць? І кавы, каньяку госцю! — не сваім голасам закрычаў на “рыбачку” прэзідэнт фірмы.
Ужо за кавай з каньяком заказчык зноў прымусіў яго нервавацца.
— Ведаеце, як вас… Зміцер Кампоставіч, я не ведаю адраса…
Мідакаў разгубелна прапанаваў, што можна высветліць, абы толькі прозвішча і імя было вядома. Але госць спыніў: “Хто ў вас займаецца аперацыямі?”.
— Розныя брыгады ёсць. А чаго вы пытаецеся? — прэзідэнту зараз падалося, што тыпус у штаце падатковай інспекцыі, або яшчэ горш з крымінальнага вышуку, але потым зноў супакоіўся.
— Справа ў тым, што я візуальна ведаю кватэру, мог бы правесці вашых хлопцаў на месца аперыцыі.
— О, тады не хвалюйцеся. Усе будзе цудоўна! Усё зробім. Адпраўлю лепшую брыгаду, хлопцы правераныя, з першага дня ў справе, ні разу збоя не было, так што не хвалюйцеся, вы пакажаце кватэру, а ўжо іхняя справа шурудзіць.
Калі зайшла сакратарка, Мідакаў рабіў падлікі і сядзеў мокры, як выцягнутая з вады мядуза.
— Я не ведаю… дарагавата атрымліваецца з канём і парасятамі… Дзве тысячы мы ўжо заплацілі за каня і парасяты дзве тысячы з палавінаю за працу…
— Плачу пяць тысяч! Але каб усё было супер! І шыла ў зад абавязкова! — на гэты раз рагатнуў заказчык, а Мідакаў прамаўчаў, заняты клопатам, дый грошай ён пакуль не атрымаў.
Наведвальнік нечакана бухнуў пук даляраў на стол, якраз на галаву вышытага на сурвэтцы паўліна: “Клічце сваю брыгаду, пакажу кватэру, і вось яшчэ” — ён працягнуў Мідакаву сваю візітоўку, на якой той прачытаў: “Дырэктар народнага прадпрыемства Немізідаў Кірала Гаўрылавіч.
— У вас такое ж імя, як у майго былога шэфа, я думаў вы інкогніта.
— А гэта і ёсць я, ха-ха-ха! — зноў зарагатаў кліент, — чаго мне баяцца? Прывык з адкрытым забралам. Ну што ж, асістэнт, аўф фідэр зейн!
У апошніх словах Мідакаву пачуўся нейкі прыхаваны здзек, але ў наступны момант ён супакоіўся, адкуль жа мог ведаць гэты чалавек, што “асістэнтам” яго калісьці здзекліва называў дырэктар інстытута псіхалогіі Бутрамееў Кірыла Гаўрылавіч. Нічога агульнага, супакоіў ён сябе канчаткова, разглядваючы візітоўку, не адзін Гаўрыла ў Полацку. “Немізідаў” — прачытаў услых надпіс на візітоўцы, — звычайнае супадзенне.
Перапаручыўшы справы сакратарцы, выйшаў на вуліцу. Горад сустрэў шумам і гоманам людскога шматгалося. Вуліца засмактала ў сваё чэрава, закруціла ў чалавечых вірах і растварыла сярод людзей. Мідакаў доўга ламаў галаву над загадкавым кліентам, але хвалёны розум “псіхолага” не выдаваў ніводнай уцямнай думкі. Было відавочным, што пры такім раскладзе хутка прыйдзецца выносіць дзейнасць за межы дзяжавы.
Змецер Кампоставіч бадзяўся па гораду, углядваўся ў твары суайчыннікаў — ранейшай радасці ад ведання іх псіхалогіі не было. Упершыню ён сустрэўся з чалавекам, паводзіны якога аказаліся невытлумачальнымі. “Навошта яму спатрэбіўся конь, падсвінкі? — думаў Мідакаў, — няўжо можна патраціць для задавльнення нізкага пачуцця пяць тысяч долараў?”. Але ж вось яны, у партманеце? Адразу наяўнымі і разлічыўся, можна не праводзіць праз бухгалтэрыю і не плаціць падаткі. Ці мала якія прыхамаці могуць быць у жывога чалавека? Век жыві — век вучыся, адмахнуўся ад навязлівых думак.
Непрыемнасці пачаліся каля валютнага абменніка. Стодоларавая купюра аказалася не тое, што фальшывай, а проста перазнятай на дабротным сканеры. Ледзь выблытаўся Мідакаў з непрыемнага становішча.
Калі позна вечарам трусіўся ў аўтобусе дахаты, зноў устрывожыўся, і зноў падазрэнні адны страшней за другія занепакоілі яго: нейкі п’янтос наступіў на нагу і нібыта прагаварыў сабе пад нос: “Прывітанне ад Кірылы Гаўрылавіча” — Мідакаў устрапянуўся, але п’яны раптам павініўся: “Не звяртайце ўвагі, загаварыўся. Я часта сам з сабою размаўляю”.
Незразумелая валтузня ўчулася за дзвярыма, калі адмыкаў сваю кватэру. Зміцер Кампоставіч прыслухаўся — здаецца, ціха… Асцярожна адчыніў дзверы. І аслупянеў на парозе: парэзанае і расшкамутанае адзенне, разбітыя сервізы, раскалочаны (пэўна, малатком ці кувалдай) магнітафон і новенькі відзік, разбіты камп’ютар — усё гэта як папала валялася на падлозе. Раптам штосьці зашамацела за спіной і следам у яго зад упілося нешта гострае, як бы здаравенная медыцынская голка. Мідакаў раўнуў, як бык на бойкі і рвануўся ў кватэру. Нешта з хруканнем кінулася проста пад ногі, ён зачапіўся і паляцеў стырчама. Моцна гваздануўся галавою аб первернуты дагары ложак. Напэўна, страціў прытомнасць, таму што калі адкрыў вочы — доўгі час не мог уцяміць: дзе ён? і што з ім?
Праз разбітыя вокны ў кватэру ўрываліся скразнякі, гойсалі ў суседнім пакоі нейкія дзіўныя пачвары. Падняўся і, хістаючыся, адчыніў дзверы ў спалью: “Іга-га-га!” — аглушыла яго пранізлівае ржанне. Перад ім стаяў здаравенны белы конь, як папонаю пакрыты белым прасцірадлам, на якім вялізнымі чырвонымі літарамі было напісана: “ЯШЧЭ РАЗ ПЕРАКАНАЎСЯ, ШТО ЗВОЛЬНІЎ ЦЯБЕ ПРАВІЛЬНА. Я ПАДКЛАЎ ТАБЕ ДВОЕ СВІННЕЙ, ПАСАДЗІЎ НА БЕЛАГА КАНЯ — І ЗА ЎСЁ ТЫ ЗАПЛАЦІЎ СВАІМІ ГРАШЫМА. БАТРАМЕЕЎ КІРЫЛА ГАЎРЫЛАВІЧ”.
Прачытаў подпіс Мідакаў і зноў страціўшы прытомнасць, упаў крута паваліўшыся на бок і задраўшы ўгору ногі.