Шчыпач

Анатоль Кудласевич
Ш Ч Ы П А Ч

     Я – псіхолаг! Выкладаю ў Эканамічным універсітэце. Абараніў кандыдацкую, працую над доктарскай… Зусім нядаўна яшчэ лічыў — свой хлеб не дарэмна ем: у  псіхалогіі я “профі”. І калі хтосьці з маіх знаёмых скардзіўся на сцярвозную жонку, ці на тое, што пабілі ў родным пад’ездзе,  – заўсёды знаходзіў лаканічнае тлумачэнне: жыві з аглядкай! Усё ўзаемазвязана і ўзаемазалежна. “Бачылі вочы што куповалі, то цяпер ежце хоць повылазьце!” — і гэтак далей і да таго падобнае: “Не хадзі цёмнымі завулкамі! Не апранай у галалёд абутак на скураной падашве!”. Усё можна прадбачыць і пралічыць. У прынцыпе гэта сапраўды так: калі табе расквасілі нос – сам жа у гэтым і вінаваты, значыць, папярэднімі паводзінамі  справакаваў адпаведную рэакцыю.
     З віртуознасцю фокусніка прапісваў я дазіраваныя рэцэпты чалавечых паводзін. І вось учора... (як хутка ляціць час!) прабачце, гэта было тры дні таму: са мной здарыўся выпадак, які крута пахіснуў пазіцыю празмернай самаўпэўненнасці.
 Можа, упершыню ў жыцці сур’ёзна задумаўся. Мая  ганарлівасць была урэшце пакарана. Так, калі ёсць Бог на небе (яшчэ нядаўна я сумняваўся ў яго існаванні, а цяпер прыхожу да высновы: усё магчыма ў гэтым свеце, калі і снарад двойчы трапляе ў адну варонку), калі ёсць Ён, то абавязкова павінен быў тыцнуць мяне носам у бруд, каб сцвердзіць сваё існаванне.
      Са мной здарылася дробязь. Але менавіта такая дробязь праліваецца  апошняй кропляй  бакала. Адчуваю, я надоўга пазбавіўся спакою: урэшце рэшт, самога сябе усё ж такі ведаю?!
        Мы пазнаёміліся ў цягніку “Мінск — Брэст”, яго яшчэ называюць “кругасветным”: кланяецца кожнаму тэлеграфнаму слупу і выкручвае маршрутам  здаравенны крук. Я ехаў да Янаў-Палескага. Толькі сеў у сваё купэ, адразу ж утыкнуўся ў модную кнігу Рональда Хабарда. Мой новы знаёмы, непасрэдная прычына  сённяшніх турбот, зайшоў у  Баранавічах. Да Пінска да нас ніхто не падсеў. Цяпер я падазраю: ён загадзя скупіў усе месцы, або пазалаціў ручку правадніку (дзіўнаватым уяўляецца пустое купэ ў перапоўненым цягніку). З першай хвіліны незнаемец асвяціў прыязнай усмешкай. Люблю вясёлых і добразычлівых людзей. Зблізіліся мы катастрафічна хутка, я і не заўважыў, калі перайшлі “на ты”. Пасля дзяжурных фраз на стол грымнула пляшка каньяка. О, Божа! Амаль прыслужліва, каб дагадзіць яму — і гэта праз тры хвіліны знаёмства! — я дастаў “пальцам пханую” каўбаску, гурочкі і яйкі; ён тым часам наразаў выкідным ножыка сервілад, краіў тонкімі скібамі хлеб і, выцягнуўшы з пакета пластыкавыя стаканчыкі, разліў вадкасць:
— Дык у нас, лічы што, царская трапеза атрымаецца.
      Мы чокнуліся за знаёмства. “Сямён Львовіч!” — назваўся ён. Я цяпер думаю, што ў такіх людзей імёны мяняюцца сем раз на тыдні. Апрануты ён быў не тое, што з добрым густам,  з іголачкі, або папугайна-страката, як апранаюцца новыя беларусы, а так: быццам бы і з шыкам, але настолькі някідка, што я да гэтага часу не магу ўспомніць: “У што ж ён быў апрануты?”. А выраз твару і міміка да таго былі няўлоўнымі і часта мяняліся, што сутыкнуўшыся з ім лоб у лоб, наўрад ці пазнаў бы яго, хаця мы прагаманілі да самага Пінска. Адзінае, што запомнілася, гэта меладычны барытон з храпатцою. Я разумею: усё ў яго было прадумана і загадзя прадугледжана.
     Кропля салянай кіслаты выядае ў жалезе дзірку. Так у мае мазгавыя ізвіліны ўеліся яго словы. Можа таму, што я аказаўся асобай прафесійна-зацікаўленай і вымушына быў адстойваць не толькі свой гонар, але і гонар айчыннай навукі, у прыватнасці, псіхалогіі.
— Давай яшчэ па адной для сугрэву, — прапанаваў спадарожнік, і “Белы аіст” зноў струменіўся бурштынавым ручаём ў пластыкавыя стаканчыкі.
Ехаць мне было яшчэ добрых пяць гадзін, і я радаваўся, што бутэлька толькі пачатая а субяседнік гаваркі і добразычлівы: штосьці на мой погляд выдавала ў ім рэдкую натуральную арыгінальнасць, інтэлегентнасць нейкага асобага, невядомага мне кшталту.  З гумарам ён быў за панібрата — бяседа чакалася цікавай, а псіхалагічны тып, які вымалёўваўся, быў даволі рэдкім: нешта сярэдняе паміж сангвінікам і халерыкам, аздобленае цынічнымі крайнасцямі парадаксальнага мышлення, якое прыводзіла да нагрувашчанных параўнанняў, матафарыстычных вобразаў і зусім нечаканых высноў.
— Дык гаворыш псіхолаг? – спытаўся з прыхаванай іроніяй Сямён Львовіч, падразаючы гурочкі.
— Ну, як ні як — але кандыдат псіхалагічных навук, — пачуццё уласнай годнасці біла ключом па галаве, быццам вучоная ступень кандыдата  не менш геройскага ўчынка. — Псіхалогія гэта навука пра...
— Туфта твая псіхалогія! — нечакана абсёк ён. — Лапша лохам на вушы! Як, дарэчы, і ўсякая іншая навука. Стрыгуць прыкарытныя баксы і тлумяць галовы легкаверным — вось і ўся пятрушка з укропам. Упэўнены, ты ў  псіхалогіі круглы нуль, хоць і кандыдат.
— Ну ведаеце.., — як псіхолаг я разумеў, для захавання раўнапраўпраўя  пасля такіх слоў мне трэба пакрыўдзіцца.
Не люблю панібратства: “Калі выставіў каньяк, дык ужо і абражаць можна? З вантробамі мяне купіў? Э, не! Не на таго нарваўся!  Хто даў табе права гаварыць такім тонам? Што за фамільярнасць?” — падумаў я і далікатна адмовіўся ад наступнай чаркі. Крыўды не паказаў. Нават усміхнуўся. Але словы, якія пачуў у наступны момант, здзівілі яшчэ болей: “Не крыўдуй! Я зусім не лічу, што выкупіў цябе з патрахамі!  Пляшка каньяка, — не твая цана. Ты каштуеш значна болей”.
“Ён што, прачытаў мае думкі?”, — і здзівўся, і адначасова збянтэжыўся я: “Можа экстрасэнс які?”.
— Я адказваю  за свой базар. І магу даказаць, што ў сваёй навуцы ты абсалютны нуль!
— Кандыдацкія проста так не раздаюць, — абыякава прагаварыў я і адвярнуўся да акна.
— Што цябе можа пераканаць? Ну?! — насядаў ён: і для прыліку я паціснуў плячыма. — Пытаюся цалкам сур’ёзна: што ёсць псіхалогія? Псіхалогія — гэта навука… пра душу чалавека, так?
— Гледзячы якая псіхалогія, — зхітраваў я, — ёсць, напрыклад, сямейная псіхалогія. Псіхалогія сацыяльных груп… Грамадства… Эксперыментальная псіхалогія... Усе гэта псіхалогія.
— Валынку не цягні. Я здымаю лапшу з вушэй. Карацей можаш? І сваімі словамі, калі ласка, без вучоных мудрагізмаў. Лаканічнасць — сваячніца геніяў. Псіхалогія навука аб? — і ўтаропіўся вачыма ў мяне, чакаючы адказу.
— Аб душы чалавека, — здаўся я, — вы правільна сказалі. Іншымі словамі аб складзе характару, паводзінах... (Psyche — па-грэчаску душа, logos — вучэнне, навука). Навука пра заканамернасць развіцця і функцыявання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Вось што такое псіхалгія, калі коратка.
— Але ж не сваімі словамі, — падкавырнуў ён, — не можаш без  мудрагелістасці. Быццам бы ўсе свае думкі вычытаў у тоўстых акадэмічных падручніках. Самастойна думаць, слабо?
— Зусім не. Псіхалогія — гэта яшчэ і ўся сукупнасць узаемадзеянняў. —працягваў разважаць я,  — таму, напрыклад, Юнг выявіў пяць псіхалагічных тыпаў, а Фрэйд у свой час...
— Пляваць на Фрэйда! Ён дэбіл і крэцін: звесіў усю навуку ніжэй пупа. Не ламіся ў расчыненыя дзверы. Чым матывуецца твая навука,  на чым  грунтуе свае тэорыі?
— Тэорыя матывуецца неабходнасцю і запатрабаванасцю. Вывяраецца і пераправяраецца практыкай. Існуе эксперымент, які раскладвае тэорыю на пракруставым ложы практыкі. Псіхалагічнае апытанне...
— Так-так, эксперымент. Гэта цікава, — раззадорыўся Сямён Львовіч. — Спынімся на такім вызначэнні.  Але як праверыць чысціню эксперымента? Вы верыце ў эксперымент?
— Канешне. Ёсць аналіз, статыстыка. Перакрыжаванае апытанне, тэсты на праўдзівасць. Аналізуецца амплітуда псіхалагічных з’яў і выводзіцца сярэднестатыстычны каафіцыент, дынамічны алгарытм… Адным словам, формулы, формулы — яны ёсць аптымальны эталон канстанты. Спадзяюся ведаеце, што самая дакладная навука — матэматыка.
— Царыца ўсіх навук!
— Як бачыце чысціня эксперыменту правяраецца практыкай, эксперымент і ёсць практычны доказ закона. Тэорыя толькі  падсумоўвае яго, даводзіць да скрупулёзнай дакладнасці матэматычнымі формуламі, лінейнымі ураўненнямі і толькі пасля гэтага ўводзіцца ў  агульнае карыстанне, як пастаянная велічыня.
— Вось ты засланіўся царыцай навук. А тэарэму Ферма да гэтага часу так ніхто і не рашыў? А Дыафантаў кінжал? Чуў пра такі?! А тэорыя скрыўленых прастор? Тэорыя верагоднасцей… Неэўклідавая  геаметрыя…  Як тут быць?
— Ведаеце, я ўсё ж такі гуманітарый.
— А хіба для Homo Sapiensа дакладныя навукі не абавязковыя? Ёсць шмат дзівоснага на свеце, мой Гарацый, што і не снілася вучоным мудраццам. І ў большай ступені — псіхолагам. Псіхалогія навука маладая, дзіця  ў параўнанні з іншымі. Ты пра тэорыю круга, шаноўны вучоны, што-небудзь чуў? Не? —  ён навальваўся на мяне ўсёй эксперэсіяй энергічнай думкі, я ледзь паспяваў за яго разважаннямі. — Дрэнна, калі не чуў. А гэта тэорыя ведаў, агульначалавечых ведаў. Цікавая штука, між іншым. І што самае галоўнае, тэорыя простая як рэпа: тое, што спазнаў чалавек, ці возьмем абагульнена, навукі чалавечыя, знаходзіцца ў цэнтры круга. Глядзі, — абвёў ён пальцам рыльца бутэлькі, — вось тут знаходзіцца, а звонку — зона няведання. Таямніца неспазнанага значна большага абсягу. Чым болей мы пазнаем, тым большы круг нашых ведаў і зона няведання адкрываецца ў бясконцасць. — Ён адсунуў парэзаную кілбаску і акрэсліў на шматку газеты круг. — Так? Безумоўна, так. Бачыш, чым большы круг чалавечых ведаў, тым  большая лінія судакранання да невядомага. Парадокс. Але гэта так. Адзін ведае з курынае яйка, і яго няведанне можна схаваць у кулак, а ў другога аб’ём ведаў з зямны шарык — і якая крывая неспазнанага! Уяўляеш? Чалавек па меры спазнання рэчаіснасці пераконваецца толькі ў адным, што ён усё больш не ведае. Калі-небудзь праз дзесяткі тысяч гадоў чалавецтва прыйдзе да высновы, што абсалютна нічога не ведае. Але добра, паверым псіхалагічнаму эксперыменту так, як яму вераць дыпламаваныя псіхолагі, — на нейкі час Сямён Львовіч замаўчаў, упарадкоўваючы свае думкі.
    Цішыню разстукваў грукат колаў цягніка, за акном наплывалі пярэстыя краявіды. Я таксама маўчаў, задаючы сабе пытанне: хто ж ён такі?
 — Эксперымент, — усміхнуўся ён і дастаў з нагруднай кішэні гадзінік: акурат такі як у мяне, цудоўны швейцарскі гадзіннік, падораны мне калегам на міжнародным сімпозіуме. — Ты мог бы сваёй навукай зарабіць вось такі гадзіннік за трыццаць секунд?
Халадок прайшоўся па маёй спіне. Я памацаў пальцамі запясце левай рукі — пуста! “Гэта мой гадзіннік!” — абпаліла раптоўная здагадка.
— Так-так, гэты гадзіннік — твой. Чаму ён аказаўся ў мяне? Якім чынам і калі? Дазволь адрэкамендавацца: вор у законе па мянушцы “Бурштын”. Спецыялізацыя — шчыпач, а прасцей — кішэнны злодзей.
Я не ведаў, што мне рабіць: абурацца ці крыўдзіцца? Выклікаць міліцыю ці проста рассмяяца? Я разгубіўся…
— Вось доказ таго, што мае меркаванні правільныя. Або апошні довад псіхалагічнага эксперымента: у псіхалогіі ты нуль без палачкі! — пабразгаў ён у паветры бранзалетам, быццам школьным званком, — урок скончаны! Вам  двойка, шаноўны кандыдат. Згодны?
— Што? — не зразумеў я.
— Ты — нуль! Круглы нуль у псіхалогіі. Не ведаеш людзей, не здагадваешся нават, што яны думаюць і адчуваюць. Адным словам, дарэмна ясі хлеб. Звычайны паразіт ты, як і ўсякі, хто ганарыцца іменем вучонага. Згодны з такой высновай? Згодны ці не? — дыпытліва патрабаваў ён.
— Выходзіць што так, — паціснуў я плячыма і патупіў вочы.
— Дай руку! — “Што?” — не зразумеў я. — Руку працягні! — запатрабаваў Сямён Львовіч. — Вось! — у выцягнутую далонь бразнуўся цяжарам металу гадзіннік.
  Я з палёгкай уздыхнуў. Зашчоўкнуў бранзалет на прывычнае месца і глянуў у  вочы свайго апанента:  самалюбства заскварчэла  шкваркай на гарачай патэльні. Пераможца паважна адкруціў корак і пачаў разліваць чарговую дозу.
— Пагадзіся, наколькі трэба ведаць людзей, іх псіхалогію, каб запраста зняць з рукі гадзіннік  у незнаёмага субяседніка, — пажынаў ён лаўры, — хіба я памыляюся? Калі ты кандыдат, то я не меньш як доктар. Хіба не так?
— У прынцыпе так, — праглынуў я сваю порцыю і ледзьве не папярхнуўся, абпаліўшы сярэдзіну; адпраўляў у рот скрыдлік за скрыдлікам, збіраючыся з думкамі, доўга пераціраў сківіцамі закусь, пакуль думкі не ўраўнаважыліся і я вырашыў, што проста так не здамся: — Ну, не павінен жа я ў першым сустрэчным падазраваць кішэннага злодзея?!
Ён засмяяўся на ўсё купэ.
— А дзе ж навуковая інтуіцыя? Сапраўдны псіхолаг з першага погляду вызначае, хто перад ім, адразу ўсё раскладае па палічках. А ты, ха-ха! Дзе  хвалёная чысціня эксперымету? — супакойваючыся ад саркастычнага  смеху, пытаўся ён: — Але ў цябе будзе яшчэ час падумаць. Я выходжу ў Пінску. А ты ў Янове? Сорак пяць хвілін, каб усё абмеркаваць. Час усё расставіць па сваіх месцах.
— Уласна кажучы, не сам час расстаўляе, а людзі, якія належаць часу. Вось і я ў нашым дыспуце хачу рэабілітаваць сябе, не столькі сябе. Як айчынную псіхалогію.
— Пахвальнае жаданне. Але ўсё адно — пыл у вочы! Ты намагаешся схаваць сапраўдныя матывы. Не дае спакою пакрыўджанае самалюбства!
— Зусім не! — схлусіў я і тут жа расчырванеўся як ружа, — пры чым тут маё самалюбства і гонар вучонага? Платон мне друг, але ісціна... Мне цікава іншае. Па-першае, вы не збаяліся адрэкамендавацца  злодзеям... А раптам я здам  вас органам? — доўга і нахабна глядзеў у яго вочы, але не заўважыў нават ценю хвалявання. — Па-другое, калі вы на самай справе злодзей, у чым я вельмі сумняваюся, а не фокуснік ці артыст цырка, то чаму аддалі назад мой гадзіннік? Па-трэццяе, адкуль у вас такая абазнанасць? Вы ведаеце...
— Ды кінь ты выкацца! Мы ж даўно на “ты”.
— Добра-добра, паспрабую.  Ты не той, за каго сябе выдаеш. Хутчэй за ўсё артыст. Так, ты проста артыст-ілюзіяніст.
— Мне здаецца, што якраз наадварот. Гэта ты сябе выдаеш не за таго. Які ты псіхолаг? Зусім не псіхолаг ты, і я гэта выдатна прадэманстраваў. Мне цікава, чаму ты робіш такія вывады? — “Не зразумеў?”. — Той вывад, што я не кішэнны злодзей, не “вор у законе”, а нейкі там элюзіяніст?
— У звычайнага крымінальшчыка інтэлектуальны каафіцыент значна ніжэй сярэдняга ўзроўню.
— Так гаворыць твая навука?
— Безумоўна. Многія сацыяльныя апытанні сведчаць, што...
— Здзіўляюся табе, — не даў ён  дагаварыць, — аддаеш мне казырныя тузы і намагаешся абыграць у дыспуце. Колькі гадоў, напрыклад, ты вучыўся?
— Пяць інстытута, аспірантуры тры, — усяго восем.
— Малавата. Малавата нават для кандыдата. Мае тры ходкі ў суме даюць семнаццаць. Гэта наконт працягласці вучобы. А наконт інтэлекта, няўжо ты сур’ёзна думаеш, што разумовыя хібы выпраўляе інстытуцкі дыплом? У нашым асяроддзі ёсць людзі, якія вучацца  па пяцьдзесят гадоў. Паўстагоддзя! Уяўляеш, які узровень?! І гэта не кніжная адукацыя. Жыццё — самы лепшы настаўнік.
— Няхай так. Але ж мяне цякавіць іншае. Што за свет такі крымінальны? Адкуль у вас такая самаўпэўненнасць? Адчуванне перавагі над іншымі людзьмі? Нават пагарда да ўсіх астатніх.
— Столькі пытанняў адразу. Паспрабую па-парадку. І толькі таму, што ты мне спадабаўся. Мая перавага перад іншымі ў тым, што я шчыры. Мне не трэба хітраваць і крывіць душою. Я — кішэнны злодзей! І ганаруся гэтым. Я сумленна, скажам так, адрабляю свой хлеб. Варон на свеце многа, няма каму страляць. Маё сумленне чыстае, сплю спакойна. Я лячу грамадства! Так-так! Не глядзі, вочы вылупіўшы. Сапраўды так. Ты думаеш, украсці кашалёк з сумачкі, ці выцягнуць партманэ з кішэні — гэта проста? О, не браце! Тут цэлая навука. І вывучка вышэйшага кшталту. Гады і гады напружанай працы. Нічога не даецца дарам. І сапраўдныя псіхолагі — гэта мы, шчыпачы! Самы захудалы неўдалота — не меньш як доктар навук. А твая акэдамічная навука — лапша лохам на вушы! Не згодзен? Тваё права, але гэта так. Ты зразумей, у маёй брыгадзе пяць чалавек — у кожнага вузкая спнцыялізацыя, усяго пяць, але мы за дзень, калі ўдача плыве ў рукі, зарабляем столькі, колькі цэх сярэдняга заводзіка за месяц не заробіць. Так-так. І кожнаму з пяці можна даваць вучоную ступень доктара псіхалагічных навук. Мы — каманда! Разумеем адзін аднаго з паўкіўка галавы, без слоў. Мне патрэбна толькі глянуць на чалавека, і я адразу ведаю, колькі грошай у яго можа быць з сабою. Колькі ён увогуле зарабляе, і якім чынам  грошы могуць змяніць свайго гаспадара… Я ведаю, як з кім гаварыць і якім чынам сябе паводзіць. З трактарыстам — я трактарыст, з палітыкам палітык, а з вучоным — таксама вучоны. Вось с табою я — псіхолаг.
Шмат пра што мы спрачаліся яшчэ. Але не пра гэта мой роспавед. Час праляцеў хутка. У Пінску ён выскачыў і, праходзячы міма майго вакна, памахаў мне з перона рукой. Нешта бліснула сонечным зайчыкам у яго руцэ. Цягнік рушыў далей. Пад’язджаючы да Янова я быў непрыемна ўражаны: на маёй руццэ зноў адсутнічаў швейцапрскі гадзіннік “Амега”. І я падумай тады… Ды якая розніца, што падумаў я, галоўнае: што думае аб гэтым айчынная навука псіхалогія і практыка?