Сонкус современная мистерия

Анатоль Кудласевич

                “СОНКУС”

 (Сучасная містэрыя ў двух пралогах, васьмі карцінах і двух эпілогах)

  ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ:

1. У ЗАЛАТЫМ АБЛАЧЭННІ: Архангелы Міхаіл, Гаўрыіл і Рафаіл.
2. У СЯРЭБРАНЫМ УБРАННІ: Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, іншыя беларускія святыя.
3. У СЯРЭБРАНА-БЕЛЫМ, З ЗАЛАТЫМІ КРАПІНКАМІ І ЧОРНА-ШЭРЫМІ ЛАПІКАМІ: паэт.
4. У БЕЛЫМ АДЗЕННІ: Дзед Ягор, унук дзеда Ягора і Гандзя.
5. У ШЭРА-БЕЛЫМ АДЗЕННІ: Бугаёў (другі прахожы).
6. У ШЭРЫМ АДЗЕННІ: Першы прахожы, Трэці прахожы, Першы вясковец, Другі вясковец, Вяскоўка, сяржант міліцыі, міліцыянеры.
7. У ЧОРНА-ШЭРАЙ ВОПРАТЦЫ: Прэзідэнт, Сакратарка.
 8. У ЧОРНАЙ УНІФОРМЕ: Міністр замежных спраў Заскокін, рэзідэнт контр-разведкі Шукевіч, галоўны ідыёлаг Недаглуздаў, галоўнакамандуючы генерал Мордачысцік, гісторык Верадовіч, міністр эканомікі Пралічылкін, бюракрат ад літаратуры Літарчук, міністр унутраных спраў маёр Дубінкін.
9. Чорныя і Белыя цені.
МЕСЦА ДЗЕЯННЯ: зямная Рэспубліка Беларусь і нябесная Белая Русь.
ЧАС ДЗЕЯННЯ: канец двацатага стагоддзя, год 1995 год.


П Р А Л О Г     Н А     Н Я Б Ё С А Х

( Нябесная Белая Русь. На воблаках тры архангелы: Міхаіл, Гаўрыіл і Рафаіл. Міхаіл углядаецца ўдалеч. Аднекуль даносіцца людское шматгалоссе і пошум дольнага свету. Паступова разрозненыя галасы зліваюцца ў суладную малітву Святому Духу)

Царю Небесный, Утешителю, Душе истины, иже везде сый и вся исполняяй, Сокровище благих и жизни Подателю, прииди и вселися в ны, и очисти ны от всякия скверны, и спаси, Блаже, души наша!

(Аціхаюць галасы малітвы, зноў гамоніць людское шматгалоссе).

 МІХАІЛ.          Імгненні пераплецены вякамі.
                На нітку часу, нібы вузялкі,
                Завязваецца доля чалавекаў.
ГАЎРЫІЛ.   І не разблытаць лёс людзей рукамі —
           Народ цячэ праз моўную раку.
РАФАІЛ.          Бо слова валадарыць над Сусветам...

(Выблісквае маланка, грыміць гром — замаўкае  людское шматгалоссе).

МІХАІЛ.           Галоўнае, Архангелы — не страціць міг,
                Калі жывое слова ў часе трапна моўлена.
РАФАІЛ.   Навошта клікаў нас, Архістраціг?
МІХАІЛ.            Мяркую, што чакае ўсіх выпрабаванне.
                Туды глядзіце, дзе чырвоныя аблокі,
                Здаецца зноў гурбой ідуць славяне?
ГАЎРЫІЛ.         Не распазнаць пакуль...
РАФАІЛ.                Адсюль далёка.
ГАЎРЫІЛ.        Па строях аблачэння — Вавілон!
       Сказаць адразу можна: розныя эпохі...
РАФАІЛ.           Сур’ёзная, быць можа, справа…
МІХАІЛ.                Ды ў нас — закон!
ГАЎРЫІЛ.         Да Бога ўсе цяпер спяшаюцца за славай:
                Мяжа тысячагоддзяў...
РАФАІЛ.                Хто ж сёння на падходзе?
МІХАІЛ.            Ну так і ёсць! Браточкі, зноў Кірыла.
ГАЎРЫІЛ.         Славянскі златавуст усім саборам!
РАФАІЛ.            О, Божа ж мой!
ГАЎРЫІЛ.                Ну як яму не сорам?
РАФАІЛ.            Яшчэ зусім нядаўна крылы
                За іх Чарнобыль адбіралі Херувімы –
  Яны ізноў.
Скажы, Гаўрыле,
  Налётацца шчэ не паспелі ўволю?
ГАЎРЫІЛ.         І  не кажы...
МІХАІЛ.                Ну ўсё, даволі!
       У нас Закон. Яго нікому рушыць не магчыма,
  Ні ўладам, Сілам, нават Серафімам —
  А мы ўсяго Архангелы.
ГАЎРЫІЛ.         Хоць раз з якое б Англіі
       Прыйшлі.
РАФАІЛ.           А можа, дасць Гасподзь, і пройдуць міма?
ГАЎРЫІЛ.        А ўжо ж! Чакай, кішэнь трымай шырэй,
                Не ведаеш ты гэтых пілігрымаў:
                Да сёння трызняць Трэцім Рымам.
РАФАІЛ.            Глядзі, пайшлі яшчэ шпарчэй.
ГАЎРЫІЛ.         Не, Рафаіл, не пройдуць міма.
РАФАІЛ.           Я адчуваю: быць бядзе,
       Калі сюды святы ідзе.
МІХАІЛ.            Увага ўсім! І слых трымайце востра,
       Ён златавусным зваўся пры жыцці –
       Пераканаць яго не проста.
(Усполых бліскавіцы, раскаты грому. Міхаіл падыходзіць і бярэ Кірылу Тураўскага за руку).
Кірыле, стой!
ТУРАЎСКІ.                Пусці!
МІХАІЛ.            Ну, Гаўрыіле!
ГАЎРЫІЛ.         Стаяць, святы! Табе не сорам
       Зноў да прастола ўсім саборам?
ТУРАЎСКІ.       Дазволь прайсці, Пасланнік Божы, трэба!
(Намагаецца абмінуць Архангелаў)
ГАЎРЫІЛ.         Рафаіл! Чаго стаіш? Пусці такіх, дык скора
       З зямлёй зусім змяшаюць неба.
РАФАІЛ.            Стаяць усім! Праз вас глынулі гора:
        Вось толькі ўчора нам вярнулі крылы,
        Абліччы прыадкрылі толькі ўчора,
       Каб насалодзіць погляд божай пекнатой —
        А вы зноў лезеце на неба….
МІХАІЛ. (у бок) Пехатой.
ГАЎРЫІЛ.          Сумленне ж мець патрэбна!
ТУРАЎСКІ.        Дазвольце нам падняцца да Царыцы,
        Каб справе ўсеагульнай не спыніцца.
РАФАІЛ.            На неба лезеш ты, як бацька хросны
        Самому Госпаду Ісусу.
ГАЎРЫІЛ.          Ужо здаволены мы восемдзесят шостым.
МІХАІЛ.             Ты зноў прыйшоў прасіць за беларусаў?
ТУРАЎСКІ.        Калі мы дбаем аб агульным росце,
        То да канца вякоў жыць просьбай мусім.
РАФАІЛ.            Мы нацярпеліся мінулым разам.
ГАЎРЫІЛ.         Ніколі гэтакай абразы
  З пачатку веку не было:
        Архангелы пазбавіліся крылаў!
ТУРАЎСКІ.        Вы хочаце сказаць, што мы ўчынілі зло?
МІХАІЛ.             Сказалі ўжо.
РАФАІЛ.                І ты ўсяму віной, Кірыла!
ТУРАЎСКІ.         Даруйце мне, калі я вінаваты.
   Але, мяркую так: Архангелам
   Пабыць не шкодна і без крылаў,
   Як гэта дапаможа ўратаваць дзве-тры душы —
   Абразы ў гэтым я не бачу,
   Калі сам Бог Ісус Хрыстос
   Прыняў на трыццаць тры гады
   Знясіленае цела чалавека з той жа мэтай.
    Таму прайсці дазвольце да Царыцы,
    Каб слова стала чыстаю крыніцай.
МІХАІЛ.               Царыцы час нам трэба шанаваць,
          Вы не адны...
ПОЛАЦКАЯ.       Ці ж не адну мы справу робім?
МІХАІЛ.               Вы не адны пад валадарствам Дзевы.
ГАЎРЫІЛ.           Зноў асабіста? Чаму не праз малітву?
ТУРАЎСКІ.         Малітвай шмат разоў я падымаўся да Прастола
          Яшчэ з Барыса-Глебскага стаўпа.
          А справа вельмі далікатная.
РАФАІЛ.              Нікчэмных спраў пад небам не трымаюць,
          Мы многія на месцы вырашаем.
ГАЎРЫІЛ.            Як пагляджу, Кірыле, імкнешся ўзяць рэванш?
Жыццё зямное безвыездна праседзеў на Балоні —
А зараз гойсаеш па небе і падбухторваеш
Сабор на змову, нібыта беззаконнік.
ТУРАЎСКІ.          Ну што ж, тады раскажа Еўфрасіння,
Яна ў жыцці  хадзіла шмат:
Пяшком дайшла аж да Ерусаліма.
ПОЛАЦКАЯ.       Не ведаю, Прасветлы, ці зможаш ты дапамагчы?
МІХАІЛ.               Кажыце ўсё адразу: што вас на неба прывяло?
Рука мая суды Гасподнія трымае!
ПОЛАЦКАЯ.        Няма спакою нам. І чым далей — тым горай.
 Баліць душа за род славянскі наш.
 Мінулым разам прасілі кары мы —
 Паслаў, Прасветлы, ты мячом агністым кару,
 Наслаў Чарнобыль ім — яны яго не зразумелі...
ГАЎРЫІЛ.             Хіба штодзень варочаць чашы гневу?
Дык трэба ж сэрца мець, жанчына!
ПОЛАЦКАЯ.        Любіць магу — спрачацца я не ўмею.
Ён мне пярэчыць без прычыны...
Маўчу... Далей працягвай ты, Кірыле.
ТУРАЎСКІ.           Удзячны, Еўфрасіння, за давер.
 Табе ж, Архангел Гаўрыіл, заўважу так:
  Што не тактоўна, не даслухаўшы, рабіць выснову,
  Тым больш, сястра такую ж белую лілею,
  Адзнаку чысціні ў руках трымае,
  Як і ты. І Ангелам завецца, хоць чын і меншы мае.
РАФАІЛ.                Ты не крыўдуй, Кірыле, а зразумей і нас...
  А ганарыцца чынам ангельскім , што Богам
  Дараваны — не прыстала. Мы ведалі...
(Запытальна глядзіць на Міхаіла)
МІХАІЛ.              Скажу без сораму, што зведаў я
Архангела, падобнага мне чынам,
Які за крылы амаль да пекла не сцягнуў
Твайго пакорнага слугу.
Але ж, — не быў бы я Архістрацігам —
Яшчэ мы сыйдземся з драконам у апошняй сечы,
          Тады яму за ўсё адпомшчу!
ТУРАЎСКІ.        Даруй і мне за дзёрзкасць! Мы воіны твае.
Але пакуль на землях Белай Русі
Ёсць хоць адзін магчымы ратнік воінства нябеснага,
Час не наблізіцца да помсты дэманам —
І мы таксама прагнем гэтае расплаты.
МІХАІЛ.               Ну, слухаем цябе.
ТУРАЎСКІ.         Дык вось, сястра сказала:
Няма спакою нам. Чаму?... Я растлумачу.
Апошняя вайна, што чвэрць народу праглынула,
Хоць пачалася ў чэрвені і дня дваццаць другога
(Як і прадвызначыў Архангел Гаўрыіл з дазволу Госпада),
А ўсё адно ніхто з людзей чамусьці не заўважыў,
Што роўна дзвесце семдзесят і пяць гадоў таму,
Дакладней, у тысяча шэсцьсот шэсцьдзесят шостым,
Было зацьменне ў гэты ж дзень;
Зацьменне сонца — Богава знаменне!
Тады і пахіснулі Русь Святую, пад корань секлі,
І мары светлыя пра Трэці Рым развеяліся дымам.
Пра гэта добра Авакум пры Нікане пісаў,
Што “тайна беззаконня пачалася”,
Калі Гасподзь наш на Галгофе, на Крыжы сканаў.
І, не здолеўшы трываць пакутаў Сына,
(Заўваж, што і тады было знаменне!)
Айцец свяціла дзённае прыкрыў рукою,
І пачаліся землятрусы па ўсёй зямлі...
Дарэчы, магу са “Слова на Вялікдзень”
Прывесці гэтакія ж словы… Дай Божа памяць:
“...Яко человек распинаем бе, и яко Бог и солнце помрачи и луну в кровь преложи, и тма бысть по всей земли: яко человек воспив, и испусти дух, но яко Бог землю потрясе, и камень распадеся...”
МІХАІЛ.              Прычым тут землятрусы? Іх у балотах зроду не было.
ТУРАЎСКІ.         Не разумееш ты мяне... Пачну з канца другога.
Яно вядома, цяжка ўразумець маўленне грэшнае людзей
Таму, хто вечна быў чысцюткім духам.
Ты плоці аніколі сам не зведаў —
Дзе ж разумець табе зямныя справы?
Таму й прашуся да прастола.
МІХАІЛ.               Пачні з канца другога,
Канцоў у Бога многа...
ТУРАЎСКІ.         Няма спакою нам. І чым далей, тым горай.
Турбуюць, моляць, просяць нас і патрабуюць,
Не чаго-небудзь — справядлівасці нябеснай!
Зпадыспаду імкнуцца прасветлыя князі Айчыны нашай:
Валхвы, Баян, кудзеснікі — ўсе тыя, што слоў не ведалі
Хрыста, (ці ж гэтым вінаваты?) але дабром жывілі сэрцы.
Яны жыццё і нам далі.
Стагоддзямі аралі нівы душаў чалавечых,
Каб зерне светлае Хрыстова, каб Слова вешче святое
На гэтай ніве прарасло, і плод дало...
(Абводзіць рукою навокал)
Ты бачыш плод — вось колькі Богам улюбёных!
Табе вядома быць павінна,
Калі Гасподзь з Крыжа спусціўся ў пекла,
То праведнікаў вызваліў з палону.
Але не ўсе тады гатовымі былі, не ўсе даспелі.
Хрыстос пакінуў ім надзею: шлях праз Слова,
Якое кожныя языкі збіраюць у скарбонку Духу.
МІХАІЛ.              Што нам да тых паганаў —
Няхай ратуюцца праз мову і культуру.
ТУРАЎСКІ.         У гэтым вось і справа, бо горай ім
І ўсё цяжэй за годам год у вышнія абшары падымацца.
ПОЛАЦКАЯ.       І могуць прашчуры навек палоннымі застацца.
ТУРАЎСКІ.         А ў гэтым мы таксама вінаваты:
Прыйшлі, як нам Збавіцель завяшчаў,
Не ўзорвалі, не палівалі потам,
Бо глеба ўжо гатовая была:
Пасеялі — ўзыйшло!
Дык нам бы дзякаваць аратых...
Але замест падзякі мы за іншае ўзяліся.
Я сам праклёнам аддаваў паганскія законы,
Прымхі, забабоны — як бытта ўсё там шкоднае было...
ПОЛАЦКАЯ.      Нібыта людзі могуць з пустога месца прарастаць
Да Божай славы?
Як не чытай Стары ці Новы Запавет мартышцы –
Не зробіцца люзінай!
ТУРАЎСКІ.         Дык вось, мы адвяргалі, нішчылі, палілі...
Мо, грэх і быў… Быў час занадта жорсткі.
Але ж валхвы  хіба нам перашкодаў не чынілі?
І вось тады насенне іншае падкінута было...
А праз стагоддзі прарасло... І буйны плод дало.
Цяпер ікнулася. Хто ж ведаў ці гадаў тады,
Што гэтак можа абярнуцца праз гады.
МІХАІЛ.              Дык што там здарылася?
РАФАІЛ.             Чарнобылем я асабіста рахаваўся,
         Скажу, пакрыху справа рухаецца. Народ цярплівы,
         Мяркуем, што ачысціцца ад чорнае навалы.
ТУРАЎСКІ.         Не, Рафаіл! Не ў гэтым справа.
Бяда і гора там не  ў “палыновай зорцы”.
Бо сёння на маёй радзіме ўздымаюць руку на святое,
Як Каін нож на брата Авеля. О гора нам!
І чым далей, тым горай! Як мне прапрадзеду
Адкрыта ў вочы паглядзець, калі я сам спрыяў таму,
(Выходзіць так!), што сёння іх адсекчы могуць па-жывому?
“Бросают ныне жребий меж собой”, як колісь,
ведаем з Пісанняў, кідалі стражнікі
На рызы чыстыя Хрыста. Кідаюць жэрабя на мову...
А мова ці не ёсць адзежына душы?
ПОЛАЦКАЯ.       А то й сама душа.
Дзядоў жа сэрца спарадзіла наша слова,
Дакладней нават будзе: Слова — Дух!
ТУРАЎСКІ.          Кідаюць жэрабя і вырашылі так, што мова родная
Ім мачыхаю стала і болей не патрэбная...
Ты ведаеш, Прасветлы, што значыць гэткая выснова?
ПОЛАЦКАЯ.       Прамой дарогаю да пекла забяспечваецца шлях.
ТУРАЎСКІ          Заблытаны шляхі і не дайсці да ісціны ніколі!
“О, горе руская земля, ужель ты за холмом?”
І застаненшся там павек, як за кітайскаю сцяною?
ПОЛАЦКАЯ.       Ні днём няма спакою нам, ні ноччу. Просім кары!
ТУРАЎСКІ.         Не простай кары патрабуем, патрэбен цуд спачатку.
Потым — кара! Каб на зямлі маглі нарэшце усвядоміць:
Усе мы звязаныя з імі не роднаснай крывёю,
Не сваяцтвам, а Словам, спароджаным славянскаю душою.
Прашу раскрыжаваць народ мой страхам боскім!
ПОЛАЦКАЯ.       Усе мы просім! Просім!

(Апускаюцца на калені. Бліскае маланка, грыміць гром.)

МІХАІЛ.               Так-так. Справы цяжкія. Ёсць некалькі магчымых варыянтаў.
Гаўрыіл, ці ёсць на той зямлі ў цябе паэт?
ГАЎРЫІЛ.            Ды ёсць адзін... Штосць піша...Хоць і жыве як бажавольны,
Ды Музай часта паланёны. А я нашэптваю бывае.
Так, ёсць такі паэт. Не любіць анічога акром волі.
МІХАІЛ.               Табе не прывыкаць разносіць добру вестку,
Пашлі яго ў народ, няхай ідзе па гарадох і весях
І будзіць люд.
ГАЎРЫІЛ.                А ён і так там з году ў год:
Начуе проста ў парку гарадскім.
МІХАІЛ.                Вось і цудоўна! Адразу ж  звяжамся мы з ім.
          Рафаіл, ты будзеш хворых лекаваць,
Ну, тых, чыя душа яшчэ жывая.
РАФАІЛ.               Я згодзен. Справу добра знаю.
МІХАІЛ.               А ты, Кірыл, вядзі сабор святых сваіх
Бліжэй да родных гоняў і да тых,
За каго просіце сягоння. Мы клікнем
Як спатрэбіцца памога.
       (Святыя адыходзяць. Архангелы застаюцца ўтрох.)
МІХАІЛ.               Ну што, братове, рызыкнём крыламі?
                Скажу, нібыта перад боем: з Богам!
ГАЎРЫІЛ.            Бярэм адказнасць на сябе мы самі:
Дзе б наша не прапала!
РАФАІЛ.               Наперад?
ГАЎРЫІЛ.                І з запалам!
МІХАІЛ.               Клін выганяе клін!
РАФАІЛ.            Амінь!
ГАЎРЫІЛ.           Амінь!
МІХАІЛ.              Чакай! Папраўку дай прамоўлю напаследак:
          Калі пайшла такая маята —
          Замест “Аміня” будзем гаварыць:”Хай будзе так!”
УТРОХ.                Хай будзе так!!!

      (Гоман людскога шматгалосся. На сцэну ўрываюцца Белыя цені і пачынаюць галавакружны танец. Заслона.)


                П Р А Л О Г      Н А       З Я М Л І
(Гарадскі парк. На лавачцы чалавек апрануты ў лахманы — гэта вандроўны паэт. Паступова рассейваецца змрок. На сцэну з розных бакоў выбягаюць Белыя і Чорныя цені. Пачынаюць кружыцца каля паэта, нахіляюцца над ім, спрабуюць заглянуць у твар, пагладзіць па галаве, цягнуць да яго рукі...
У мройнай дымцы туману, здаецца, паказваецца постаць аднаго з Архангелаў — Чорныя цені знікаюць, Белыя працягваюць танец. Адначасова са з’яўленнем Архангела аднекуль зверху даносіцца голас: на фоне херувімскіх спеваў — магутны, уладарны і ў той жа час спагадлівы голас.
Паэт у сне адмахваецца рукамі. Быццам спрабуе развеяць прывід, нешта мармыча сабе пад нос: ці гэта малітва, ці замова, ці прорсьба?...
На працягу зямнога пралога па сцэне з рэплікамі ці моўчкі  праходзяць усе героі містэрыі, часам, яны спыняюцца каля паэта, які спіць. Напэўна, яны сняцца яму, а можа і не — яны ў яго сэрцы, усе людзі, якіх ведаў ён,  з якімі сустракаўся ў жыцці, ці яшчэ сустрэнецца.)

ГОЛАС РАФАІЛА .             Было напачатку Слова,
                І слова было святлом...
                Ласкава яно свяціла,
                Як сонца вясеннім днём.
                Клікала слова ў неба,
                Птушкай нясло ў аблокі —
                Ды стала надзённым хлебам,
                Цяпер не ўзляціць высока,
                Бо выгналі людзі слова
                З таемных куточкаў сэрца —
                І адкідаюць мову,
                Як хлеб пацвілы і чэрствы.
                Гандлююцца роднай мовай,
                Быццам на рынку купцы —
                Было на пачатку слова,
                Не будзе яго ў канцы.

ПАЭТ. (прачынаецца) Што гэта? Хто тут гаварыў? Мроя, сон?... Дзіўна. “Было напачатку слова... не будзе яго ў канцы?” (Паціскае плячыма, пазяхае і зноў завальваецца на лавачку. Выбягаюць Белыя і Чорныя цені, танцуюць... З’яўляюцца некаторыя дзеючыя асобы містэрыі.)
УНУК. Дзеду, што за чалавек там на лавачцы?
ДЗЕД. О! Гэта бажавольны чалавек, унучак.
УНУК. У яго няма сваёй хаты?
ДЗЕД. Уся зямля яму домам. Святы чалавек.
УНУК. А чаго ён такі брудны?
ДЗЕД. Гмх! Не ўсё, што блішчыць — золата! Але сапраўднае золата — і з попелу высвечвае.  Унучак, а ці ж гэта бруд, што вадою змываецца? А з іншага боку, мядзьведзь, напрыклад, ніколі не ўмываецца, а ўсе яго баяцца. Чысціня — не паказчык якасці.
УНУК. О, дзеду, я таксама не буду ўмывацца, і мяне баяцца будуць.
ГОЛАС ГАЎРЫІЛА.                Як сокамі жывіцца колас на полі,
   І цягне да сонца саспелае зерне —
   Так словам расце між людзей чалавек
   І слова ўздымае да зорак праз церні.
ПАЭТ. (Адмахваецца, нібы ад заедзі і пераварочваецца на дрцугі бок. Аціхае музыка, стаіліся Чорныя і Белыя цені.) Акыш!... Прычапіліся! Так словам расце чалавек... і слова ўздымае... Так словам расце між людзей... так словам расце... да зорак праз церні. “Жыццё — камень на баране. Цягну і нешта сею… А лёс папругай б’е мяне… Я ў полі і згібею “
(Засынае. Зноў гучыць музыка, працягваецца танец Белых і Чорных ценяў.)

ГОЛАС МІХАІЛА.            Адвечна-юныя законы
                На кожны дзень куе жыццё.
                Што сёння ў схове невядомым —
                Уразіць заўтра адкрыццём.
                Так дзень за днём цякуць стагоддзі
                Прывычным рэчышчам падзей,
                І вось, нарэшце, ён прыходзіць,
                Той нечаканы, — Новы дзень:
                За небакраем сонца ўсходзіць,
                І кругам пойдзе галава, —
                За небакраем сонца ўсходзіць,
                Ды не адно ўзыходзіць — два!

(Сціхаюць гукі херувімскіх спеваў. Некаторы час яшчэ танцуюць цені, але іх засталося мала, нібы дзве-тры адбіліся ад агульнай гурмы... Вось знікаюць і апошнія. Цішыня... На сцэне з’яўляюцца героі містэрыі.)

ПЕРШЫ ПРАХОЖЫ. У вас цыгарэткі не будзе?
ДРУГІ ПРАХОЖЫ. Калі ласка!
ПЕРШЫ ПРАХОЖЫ.  Дзякуй. А што за тыпус на лавачцы разлёгся?
ДРУГІ ПРАХОЖЫ. Вар’ят. Цалкам розум скруціў. Такога лепш не чапаць.
ПЕРШЫ ПРАХОЖЫ. Можа, чалавеку спаць няма дзе? А запалку можна?
ДРУГІ ПРАХОЖЫ. Прысмаліце ад цыгарэты. Эканоміць трэба. Эканоміка павінна быць.
ТРЭЦІ ПРАХОЖЫ. Зараз такіх шмат дзе валяецца. Прапіў усё, вось і скітаецца. Скацінус інтэлегентус, развялося іх! І куды ўлады глядзяць?
ПЕРШЫ ПРАХОЖЫ. Дзякуй за цыгарэтку.
ДРУГІ ПРАХОЖЫ. Дзякуй? Добрыя грошы — “дзякуй”, лепш у кішэнь пакладзіце.
ПЕРШЫ ПРАХОЖЫ. (усміхаецца). За аганёк дзякуй. Пабягу. Не спазніцца б.
ДРУГІ ПРАХОЖЫ. Гэта ж і мне трэба.
ТРЭЦІ ПРАХОЖЫ. А вар’ята сапраўды лепш не чапаць.
(Зыходзяць са сцэны. Следам паказваецца Гандзя, потым выходзіць дзед.)
ДЗЕД. Гандзя, ты майго падшыванца не бачыла?
ГАНДЗЯ. Здаецца, прабягаў толькі што. Ягор, а што за людзі там?
ДЗЕД. Не бачу, дзе?
ГАНДЗЯ. Ды вунь там. Глядзі, ганарлівыя і надзьмутыя, як індыкі.
ДЗЕД. Ага, бачу. Індзюк птушка заморская.
ГАНДЗЯ. Па рылу відаць, што не простых свінней людзі.
ДЗЕД. Гмх! Тых жа свінней, Гандзя, толькі пасівей. Дзе ж мой унук падзеўся? На работу збірацца трэба, а ён гойсае недзе. Бульбу акучваць сабраўся. Акурат пара.
ГАНДЗЯ. Гэта ж і мне ўжо час уставаць, а я трэція сны сню.
ДЗЕД. Глядзі, як тараканы забегалі. Ахоўваюць. Пайшлі далей ад граху, а то ненарокам і нас  заграбуць.
(На сцэну ўрываюцца людзі ў уніформе, становяцца паўкругам у ачапленне. Паказваецца прэзідэнт са світай.)
ПРЭЗІДЭНТ. Што за галота там разляглася?
МОРДАЧЫСЦІК. Жабрак. Бяскрыўдны чалавек у прынцыпе.
ПРЭЗІДЭНТ. Такія самыя небяспечныя. Яны і робяць рэвалюцыі. Няма чаго губляць, акрамя ўласных кайданоў. Так гаварыў класік.  Гісторыю трэба ведаць, шаноўныя!
ЛІТАРЧУК. Пісака… Ва ўсе эпохі былі пісакі.
ПРЭЗІДЭНТ. Мяне не цікавяць іншыя эпохі. Толькі ў нашу эпоху ёсць прэзідэнт выбраны народам, народны прэзідэнт.
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна! (шчаўчок абцасаў).
ЛІТАРЧУК. Мы шчаслівыя тым, што жывём разам з вамі. Будзе хоць пра што мемуары пісаць.
ПРЭЗІДЭНТ. Пі-са-кі... Ведаем мы. Быў адзін такі. Пракламацыі вершамі пісаў. Да чаго дадумаўся, поскудзь! Як такая думка толькі ў галаву ўлезла. У цябе, Літарчук, такая думка памясцілася б у галаве?
ЛІТАРЧУК. У мяне? (разгублена) Не задумваўся. А вы як лічыце?
ПРЭЗІДЭНТ. Я лічу тое, што не зарабляў і жну тое, што не сеяў.
ЛІТАРЧУК. Вось і я так, як скажаце, як скажаце, так і зробім.
ПРЭЗІДЭНТ: Ведаю: прадасцё!
ЛІТАРЧУК. Ні за якія грошы. Толькі загадайеце, любую думку ўцісну ў галаву. Няхай лепш галава трэсне, чым не ўлезе пажаданая вам думка ў маю галаву.
ПРЭЗІДЭНТ. Ведаю, усё ведаю. Яна ў вас безразмерная?
ЛІТАРЧУК. Не. Але... Зможам утрамбаваць, дзеля дзяржаўнай патрэбы.
ПРЭЗІДЭНТ. Глядзіце. А то... Самі ведаеце што.
ЛІТАРЧУК. Памерці гатовы за вас. Хоць на амбразуру. А пісаку таго мы надзейна прыхавалі, спадар прэзідэнт! Днём з агнём не адшукаюць. Хі-хі-хі!
ПРЭЗІДЭНТ. Хо-хо-хо!
МОРДАЧЫСЦІК. Хе-хе-хе!
ЛІТАРЧУК. Ху-ху-ху!
ВЕРАДОВІЧ. Ха-ха! Фактычна, гэты нікому не перашкаджае, ха-ха!
ПРАЛІЧЫЛКІН. Хе-ху! Можна было б, таварыш прэзідэнт, хе-ху, падатак за выкарыстанне лаўкі спагнаць. Хе-ху, хе-ху!  Зноў жа бюджэт…
ПРЭЗІДЭНТ. Ух, ты! Малайчына! Займайцеся, маць вашу! За што я вам грошы плачу? Эканоміка павінна быць...
ПРАЛІЧЫЛКІН. Эканомнай.
ПРЭЗІДЭНТ. Проста быць павінна эканоміка. Яе ведаць трэба.
ЗАСКОКІН. За мяжой такое забараняецца законам. Чалавек вольны пакласці сябе спаць там, дзе яму ўздумаецца, хоць на коміне спі — ніхто слова не скажа.
ПРЭЗІДЭНТ. Закон, хо-хо-хо! Спадар, Заскокін, закон для вас – Я! Зразумела? А то панаездзіліся, паскакалі па замежжах, а толку з гулькін нос.
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна. (Шчаўчок абцасаў).
ПРЭЗІДЭНТ. А Заскокіну?
ЗАСКОКІН. Безумоўна, зразумела: закон — вы, а вы — гэта закон.
ПРЭЗІДЭНТ. Разабрацца! Каб не мазоліў вочы.
ШУКЕВІЧ. Ёсць!
МОРДАЧЫСЦІК. Ёсць!!
ДУБІНКІН. Ёсць!!!
ПРЭЗІДЭНТ. Чыстамордзік, забярыце вы яго ў салдаты, ці што?
МОРДАЧЫСЦІК. Мордачысцік, таварыш прэзідэнт!
ПРЭЗІДЭНТ. Блытаю ваша прозвішча заўсёды. Але ж і цаца!
МОРДАЧСЦІК. Нічога-нічога... Мне нават і ганарова гэта. Усё-такі ўвага з вашага боку. Шкада, ён ужо адслужыў.
ПРЭЗІДЭНТ. Тады знясіце гэтую лаўку. Парк выкарчуйце!
ВЕРАДОВІЧ. З радасцю. Але нельга! Архітэктурны помнік фактычна.
ПРЭЗЫДЭНТ. А я сказаў льга! Льга і кропка! Каб ніякіх косак і працяжнікаў. Я сам помнік. Хто тут закон?
УСЕ ПА ЧАРЗЕ. Вы. Вы! Вы!!!
ПРЭЗІДЭНТ. Вось і выконвайце! Ці вы не законапаслушныя? Заяўляю тады з усёй адказнасцю: падбярэм месцы для вас не вельмі аддаленыя, а вашы месцы заменім людзьмі больш згаворлівымі. Будзеце, хе-хе, у Белавежскай пушчы сосны лобзікам піліць. Хо-хо-хо!
(Сыходзяць са сцэны: спачатку, шнырачы па вуглох і аглядваючы тупікі, ахова прэзідэнта, а следам —  і сам ён са світай.)
ПАЭТ. (Прачынаецца. Садзіцца на лаўку і доўга ўглядаецца ў неба.) Якія дзіўныя сны. Нябесны голас дэкламаваў  вершы. Сон ці не сон? Так уяўна ўсё бачылася: архангелы, святыя... Людзі. Міністры, сам прэзідэнт... Хо-ха-хі! Хо-ха-хе-хі! Ржуць, як коні мяса наеўшыся. Эх, каму патрэбны мае мроі? “Цягну і нешта сею…  Я ў полі і згібею… Мой сын загінуў на вайне…
(Задумліва) Вось і ноч на зыходзе. Яшчэ адна ноч прайшла... Ноч, дзень, ноч... Дзінь-дзень! Дзінь-дзень! Дзінь-дзень! Дзінь! Так праходзіць і жыццё: на гадзіннік паглядзі, дзе твой час падзеўся, дзе? Стрэлкі ловяць небыццё: дзінь-дзень! Дзінь-дзень! Дзінь…
Хмг! Каторую ноч адно і тое ж сніцца... Нічым не абудзіць іх... Але голас, такі дзівосны голас! Ён гаварыў, што... (Зноў углядаецца ў неба) Няўжо і там таксама ёсць жыццё? Не... Не магчыма такое. Няўжо?
Птушкі помняць гнёзды свае, і вяртаюцца з выраю на радзіму, лісы ведаюць норы свае, пчолы шукаюць вуллі... А людзі... Мой сын загінуў на вайне. Цягну і скруху сею. Ён згінуў па маёй віне. Я ж ваяваць не ўмею…
 Людзі? Ат, дзе накормяць, там і добра. Зараз прачнуцца і пабягуць. Пабягуць. Усё подбегам, спехам ды прыскокам. Упохапкі і без аглядкі. Дзівакі! Усё, што трэба чалавеку, ён носіць з сабою. Часам, здаецца, яны ператварыліся ў робатаў. Нават танцы такія пайшлі. (Дэманструе танец з механічнымі рухамі) У царкву, як на работу ходзяць. Мода такая пайшла. Прэстыж. Спяшаюцца. Баяцца спазніцца. Куды? Хіба можна збегчы ад сябе?
Чырванее на ўсходзе. Во, пабеглі ўжо, пабеглі...
(Танцуе танец з механічнымі рухамі. Раптам праз нейкі час рэзка паварочвае галаву на Усход, потым гэтак жа хутка зыркае на Захад — і ў здзіўленні застывае.
Горад тым часам абуджаецца, з вуліцы далятаюць гукі аўтастрад, галасы прахожых, віскат тармазоў, сігналы аўтамабіляў, тупат соцен ног.
На сцэну ўрываюцца Чорныя цені, пачынаецца ліхаманкавы танец. Сярод чорных ценяў адна, заблудзіўшая, Белая цень. Спрабуе вырвацца з віхурнага кругавароту.
Да паэта падыходзіць нарад міліцыі, заломваюць рукі і выводзяць са сцэны)
ПАЭТ. За што? Пусціце! За што?! Мне ж баліць! Не чапайце мяне! Пус-ці-це!! Я ж паэ-э-эт…


К А Р Ц І Н А     П Е Р Ш А Я

(Воддаль віднеецца вёска. Поле, на якім дзед з унукам абганяюць бульбу.)

ДЗЕД. Што, унучак, падрыхтаваліся да Івана Купалы?
УНУК. А як жа, дзеду. Дваццаць шэсць шын прыцягнулі ўчора з калгаснага двара. (У час размовы унук глядзіць на дзеда і ідзе задам.)
ДЗЕД. Глядзіце, вартаўнік убачыць, напячэ крапівой па мяккім месцы. Вунь у мяне вяласіпедных сем штук, забярыце. А на калгасным двары не чапайце, бяда можа быць.
УНУК. Мы ж дрэнныя шыны бярэм. Хіба яны каму патрэбны?
ДЗЕД. Так бывае: ляжыць — нікому не трэба, а возьмеш — шмат гаспадароў набяжыць. Загадка, браце, вучыся! ( у роздуме) І мы калісьці агонь на Купалле раскладалі. Карчоў, бывала, надзярэм, ламача ўсякага... усё, што пад руку трапляецца накідаем у кучу — да неба агонь шугаў. Сапраўднае Купалле. Эх, (уздыхае) быў Іван, а стаў Балван, а ўсё вінцо вінавата... (ідуць моўчкі) Што гэта ты задам ходзіш?
УНУК. Цябе слухаю.
ДЗЕД. Хмг! Не рабі справу з канца, не нацягвай хамут з хваста. Але і то добра, што вачамі слухаць вучышся.
УНУК. (Разварочваецца да дзеда спінай і, раптам, зноў паварчоваецца да яго тварам.) Дзеду, глядзі! Што гэта са сланечнікам?
ДЗЕД. Паламаў, дык бог з ім...
УНУК. Не! Ён круціцца! Нібы жывы... Туды-сюды галавою паварачае.
ДЗЕД. Тпру! (не зважаючы на ўнука) Хлопча, куды вядзеш? Тпру! Бачыш, па баразне. Во, бульбу папсаваў.
УНУК. Ды сланечнік (здзіўлена) туды-сюды.
ДЗЕД. Сам не бегай туды-сюды па полі, як ашпараны.
УНУК. Але ж такога не бывае.
ДЗЕД. Бывае, што і вош кашляе. Не выдумляй абы што: глядзі ў два ды не разбі лба! Вядзеш каня, дык вядзі, няма чаго па баках зыркаць ды па полі гойсаць. Колькі цябе вучыць? Скончыш баразну, тады і скажы што хочаш. Но, но! Пайшла, любая!
УНУК. Як жа так? Гэта ж цуд нейкі. (Ідуць моўчкі.)
ДЗЕД. Тпр-ру! Стой. Вярні каня ў гэтую. Вось так. Ну, што ў цябе там? Чаго роў, як рэзаны певень?
УНУК. Сла-неч-нікі... Яны — круцяцца! Глядзі, дзеду, і тут... І там! І гэты круціцца!
ДЗЕД. (аглядаецца) Ого! (прысвіснуў). І праўда, дзіва дзіўнае... Што гэта з імі? Круцяцца…
УНУК. І тут круціцца, і там... Яны ўсе круцяцца. (Здзіўлена аглядаюць поле.)
ДЗЕД. Так яны гатовы зусім кружэлкі паадкручваць. Не збярэш тады насення.
УНУК. Дзед, два сонцы!!!
ДЗЕД. Што?!
УНУК. Два сонцы, дзеду, глядзі. Два сонцы!
ДЗЕД. Ог-го!!! І праўда... Два!!
УНУК. Вось адно, а вунь другое.
ДЗЕД. Адно, другое — два!!!
УНУК. Два. Слухай, дзед, што ж гэта будзе? Ай-яй-яй! Пабеглі хутчэй у вёску людзям скажам. Мы іх першыя ўбачылі. Я першы ўбачыў!
ДЗЕД. Чакай, унучак. Чаму тут радавацца?
УНУК. Што ж та будзе? Што будзе?!!
ДЗЕД. Сапраўды: дзіва дзіўнае. Са сланечнікамі ўсё зразумела. Сланечнік за сонцам кружэлак паварочвае, так? А тут цэлых два. Вось і разгубіўся, бедалага, не ведае за якім сачыць. Так што тут усё прыроднае. Гмх! Але адкуль другое ўзялося?
УНУК. Чаго ж стаім? Пабеглі  хутчэй!
ДЗЕД. Куды яшчэ?
УНУК. Людзям скажам.  Гэта ж дзівосы, цуд. А я так глядзь — і бачу два сонцы: не можа быць, думаю, два. Пабеглі!
ДЗЕД. Яшчэ чаго? Выдумаў, бач ты яго. А бульбу хто абганяць будзе? Дзед Піхто? Узяў каня — працуй. А то сёння два сонцы, а заўтра чатыры месяцы ўзыйдзе... Работа сама не зробіцца. Думай, унучак. Без розуму галава кацялок, і кашы ў ёй не зварыш, хе-хе! І каня прастой, і з работай пустой. Няма калі лётаць па вёсцы, не матылі, не птушкі пералётныя. Нібыта без нас не ўбачаць людзі, што два сонцы на небе. Маюць жа вочы...
Давай, вядзі каня ў гэную... Неча гойсаць, работу рабіць трэба. Но-но! Пайшла, любая, но!
(Унук нехаця пляцецца разам з канём. Ідзе неяк паўбокам, задраўшы галаву ўгору. Зашчапіўшыся за бадылле, ляціць стрычама.)

        К А Р Ц І Н А      Д Р У Г А Я

(Прыёмная прэзідэнта: на сцяне ва ўвесь рост  партрэт прэзідэнта пры ўсіх рэгаліях улады, за сталом, нібы сыйшоўшы са сцяны, сам прэзідэнт. Званок. Бачком, быццам уцякаючы ад каго і аглядаючыся назад, у дзверы праціскаецца сакратарка.)

САКРАРКА. Добрай раніцы, спадар прэзідэнт. Там, там...
ПРЭЗІДЭНТ. Добрай.
САКРАТАРКА. (Вінавата ўсміхаецца) Я нават не ведаю...
ПРЭЗІДЭНТ. Павінны ведаць! Вы сакратар прэзідэнта, якога выбраў народ. Не дырэктарыка якога-небудзь заводзішка — п р э з і дэ н т а! Усенароднаабранага. УСЕНАРОДНА!
САКРАТАРКА. Я разумею, пан прэзідэнт, але...
ПРЭЗІДЭНТ. Ніякіх але! Слухаю вас.
САКРАТАРКА. Вы павінны ведаць: у небе два сонцы!
ПРЭЗІДЭНТ (здзіўлена і радасна) Два? Вы памыляецеся, я пакуль што на зямлі. Дзякуй, канешне,  за дасціпны жарцік, але пра другое сонца можам і вечарком пабалакаць, хі-хі-хі! Калі адно схаваецца. (Раптам становіцца сур’ёзным). Што ў вас?
САКРАТАРКА. Я ж і кажу, пан прэзідэнт, цэлых два сонцы!
ПРЭЗІДЭНТ. Бачу, вы ўпарты на жарты, хе-хе!
САКРАТАРКА. Я не жартую: два!!!
ПРЭЗІДЭНТ. Хопіць! Гэта ўжо нават не смешна. Вы з кім размаўляеце, дазвольце спытаць? Што вы тут круцікі-муцікі заладзілі, панімаіш? Га? Я ўсё-такі на дзяржаўнай пасадзе. Вам зразумела? Я ў вас пытаюся, вам зразумела, што вы размаўляеце з прэзідэнтам?!  Я тут не хіханькамі-хаханькамі займаюся, а вырашаю пытанні дзяржаўнай важнасці! Дзяржаўнай!
САКРАТКАРКА. Так, спадар прэзідэнт, але я думала...
ПРЭЗІДЭНТ. Думаць за вас буду я. Колькі гэта можа працягвацца? Вось так. Можаце ісці. Пачакайце. І яшчэ: нікіх “спадароў”, “паноў” — я адмяніў усіх учарашнім указам. Прывыкаць трэба. У нас усе роўныя, але самы раўнейшы за ўсіх... Вам не трэба гаварыць хто. Самі ведаеце. Вы разаслалі інструкцыі па этыкету? Не!!! Вось і выконваейце свае непасрэдныя абавязкі. Устроілі, панімаіш, тут жарцікі-кампліменцікі. (Сакратарка выходзіць, звоніць тэлефон.)  Слухаю. Прэзідэнт на провадзе... Што? Што-о?! Хто сказаў? Ах, самі бачылі... У пляшку меньш трэба заглядваць! Хопіць! Размова скончана. Падрыхтуйце справы да здачы. Праспіцеся і да мяне. Паразмаўляем апошні раз. (Клацае трубкай.) Устроілі, панімаіш. (У кабінет урываецца запыханы генерал.)
МОРДАЧЫСЦІК. Спа... спа-спа.. Таў... Там... Таварыш прэ-прэ... “Прэцындэнт”, таварыш прэзыдэнт!
ПРЭЗІДЭНТ. Хто дазволіў?
МОРДАЧЫСЦІК. Прабачце. Выключныя абставіны.
ПРЭЗІДЭНТ. Генерал Чыстамордзік! Слухай і запамінай: ніякія абставіны не даюць  права ўрывацца ў кабінет прэзідэнта без папярэдняга дакладу, да прэзідэнта, якога выбраў народ, да першага чалавека  дзяржавы! Без дазволу? Ану, кру-гом! Шагам марш!
(Генерал выходзіць. Стук у дзверы, яны адчыняюцца і ён зноў заходзіць.)
МОРДАЧЫСЦІК. Можна?
ПРЭЗІДЭНТ. Можна Машку цераз... Адставіць! Зайсці як паложана. Як заходзяць да вышэйшага па чыну, да прэзідэнта і галоўнакамандуючага. Я навучу вас заходзіць у кабінет. Вайсковец называецца. Кру-гом! Шагам арш!
( Генерал зноў выходзіць.  Званок па ўнутраннай сувязі.)
ГОЛАС САКРАТАРКІ. Спадар прэзідэнт!
ПРЭЗІДЭНТ. Слухаю.
ГОЛАС. Да вас просіцца на прыём галоўнакамандуючы ўзброенных сіл генерал Мордачысцік. 
ПРЭЗІДЭНТ. Не галоўнакамандаючы, а выконваючы абавязкі галоўнакамандаючага. Галоўнакамандуючы тут я! І... Чаму пусцілі без папярэдняга дакладу?
ГОЛАС. Вінавата, спадар прэзідэнт! Прабаце.
ПРЭЗІДЭНТ. (мякчэй) Добра-добра... (амаль ласкава) Сонейка, я адмяніў усіх “спадароў” і “паноў”. Адмяніў раз і назаўсёды.
ГОЛАС. Прабачце, забылася... Разумеце, як толькі вас убачу, адразу на ўсё забываюся. Вы ж у нас такі, такі...
ПРЭЗІДЭНТ. Ну-ну-ну.. Зайдзіце да мяне.
ГОЛАС. Даруйце маю жаночую слабасць. Вы ж у нас такі мужчына, такі мужчына...
ПРЭЗІДЭНТ. Ну-ну-ну! Зайдзіце. (Убягае сакратарка.)
САКРАТАРКА. Я... я не ведаю... Вы наша сонца, таварыш прэзідэнт! У агонь гатова за вас, у ваду кінуцца, хоць куды… на кудыкіну гару.
ПРЭЗІДЭНТ. Добра-добра... (вельмі ветліва) І вы даруйце, што накрычаў на вас. Але ж і прыдумалі, хе-хе, з сонцам маю на ўвазе. Дзякуй, дзякуй! Ведаеце, запрацуешся, і не да жартаў. Перастаеш іх разумець. Як ні як — дзяржаву ў руках трымаць трэба. А яна ж гэта вам не гэтае і не тое… вслізваецца. Я вось што, сонейка...
САКРАТАРКА. Памерці гатова за вас, таварыш прэзідэнт!
ПРЭЗІДЭНТ. Не трэба. Не трэба пакуль паміраць. Я тут вырашыў заробак падняць вам. На пяць мінімальных. Згодны? Так сказаць, за выдатную працу.
САКРАТАРКА. Ой, як можна... Як можна не пагадзіцца. Вялікае вам дзякуй, любімы вы наш! Яшчэ болей люблю вас. Што б мы без вас рабілі?... Хоць на амбразуру! У пекла за вас пайду.
ПРЭЗІДЭНТ. Ну-ну-ну! Паспеце яшчэ.
САКРАТАРКА. А што сказаць Мордачысціку?
ПРЭЗІДЭНТ. Хто гэта?
САКРАТАРКА. Ну... Выконваючы абавязкі галоўнакамандаючага. На прыём просіцца.
ПРЭЗІДЭНТ. Часова выконваючы. Былы часова выконваючы, золатка. Ты першая, хто даведаўся пра гэтую навіну.
САКРАТАРКА. Дзякую за давер. Рада старацца. Дык што сказаць яму?
ПРЭЗІДЭНТ. А-а-а! Скажыце... Прыму ў другой палове дня.
САКРАТАРКА. Ён вельмі настойвае. Узрушаны такі. Гаворыць, справа дзяржаўнай важнасці. Першаступенная.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух ты! Нават так? Быццам ён здольны разабрацца, што дробязь, а што сапраўды важна. Што ж, добра. Сам напрасіўся. Няхай заходзіць.
І запомні, золатка: я адмяніў ўсіх “спадароў”. Звяртацца да мяне толькі таварыш. У нас усе роўныя, панімаіш. Але раўней за ўсіх... (задумваецца і махае рукой). Клічце.
САКРАТАРКА. Як можна?  Як можна раўняцца з вамі! Нам?
ПРЭЗІДЭНТ. Між іншым... Вам можна звяртацца, як гэта вы сказалі? Во, сонейка.
САКРАТРКА. Служу прэзідэнту!
ПРЭЗІДЭНТ. Добра служыце.
САКРАТАРКА. Да дамавіннай дошкі! Да магілы!
ПРЭЗІДЭНТ. Паглядзім, паглядзім... Клічце генерала. Ужо былога генерала. (Сакратарка вылятае куляй, заходзіць генерал і па-вайсковаму шчоўкае абцасамі.)
МОРДАЧЫСЦІК. Гаспадзін маршал! (Шчаўчок абцасаў) Дазвольце далажыць!? (Шчаўчок. Прэзідэнт ківае галавой на кожны шчаўчок, а шчаўчок узмацняецца за кожнай рубленай фразай.) Пан прэзыдэнт! (шчаўчок) Давераныя мне войскі (шчаўчок!) Знаходзяцца ў баявой гатоўнасці! (шчаўчок!!) У поўнай баявой (шчаўчок!!!), гаспадзіна маршал! (два шчаўчкі!!!). І, пан прэзыдэнт! (тры шчаўчкі, выцягваецца ў струнку.)
ПРЭЗІДЭНТ. Во-ось... Вось так. Адразу адчуваецца, зайшоў вайсковец. А то распцусціліся, панімаіш! Я вам гайкі пазакручваю. Запомні, генерал! (шчаўчок) Звяртацца да мяне толькі ТАВАРЫШ! Я адмяніў учора ўсіх паноў і спадароў — гэта раз. Заходзіць у кабінет толькі з папярэднім дакладам і па запісу — гэта два. Прэзідэнт вам не базарная баба. А сакратар для вас, усё адно што прэзідэнт, калі мяне няма.  Гэта, нарэшце, тры. Не да каго-небудзь, да першага чалавека дзяржавы заходзіш. Табе зразумела?
МОРДАЧЫСЦІК. (грукат абцасаў) Так точна. Без дакладу не заходзіць! (грукат абцасаў).
ПРЭЗІДЭНТ. І яшчэ... Не думай, калі ты камандуеш ўзброеннымі сіламі, то сіла на тваім баку. Што ты ўжо і ўласным прэзідэнтам можаш памыкаць. Былі такія, дакамандаваліся. І дзе яны цяпер? Думай. Добра думай. Так, войскі падпарадкоўваюцца табе, а ты — мой падначалены. Без майго загаду ні кроку, ні ўзад ні ўперад — гэта чатыры. Зразумела? Не чую!
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна, таварыш маршал-прэзідэнт!
ПРЭЗІДЭНТ. Што “так точна”.
МОРДАЧЫСЦІК. Без вашага загаду ні кроку! (шчаўчок абцасаў).
ПРЭЗІДЭНТ. Вось так. Я вас навучу богу маліцца. А то спачатку без дакладу ўрываюцца, а потым путчыкі-папутчыкі розныя. Так панімаіш?
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна! (грукат абцасаў).
ПРЭЗІДЭНТ. Што “так точна”?
МОРДАЧЫСЦІК. Путчыкі-папутчыкі (шчаўчок абцасаў, паўза.) Вінаваты! (шчаўчок) Без загаду ні кроку. (Два шчаўчкі).
ПРЭЗІДЭНТ. Вось так. Ведаем мы гулі ентыя... Улада ў маіх руках. Усіх вас у бараноў рог скруціць магу. Я вас сам назначыў, памылкова назначыў камандуючымі, магу і раззначыць. У мяне генералаў хоць пруд прудзі... Дыстыплінаваных між іншым.
Чаму дазволіў сабе, парушаючы “субкардынацыю”, уляцець без дакладу? Як у канюшню. Ты ведаеш, што такое “субкардынацыя”?
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна.
ПРЭЗІДЭНТ. Ну?
МОРДАЧЫСЦІК. Гэта калі заходзіць з дакладам. Калі да сакратаркі, як да прэзідэнта, калі прэзідэнта няма... гэта...
ПРЭЗІДЭНТ. Карацей.
МОРДАЧЫСЦІК. “Субкардынацыя тое, што я парушыў.
ПРЭЗІДЭНТ. Правільна. Калі каардынацыя парушаецца, гэта і ёсць субкардынацыя. Нам аб’явілі вайну?
МОРДАЧЫСЦІК. Не!
ПРЭЗІДЭНТ. Парушылі паветранную прастору?
МОРДАЧЫСЦІК. Не! Але…
ПРЭЗІДЭНТ. Што вочы вылупіў? Чаго рваўся да прэзідэнта? Не маўчы, калі пытаюся?
МОРДАЧЫСЦІК. Разумееце... на небе... (насмельваючыся) на небе... у паветранай прасторы над дзяржавай выяўлены аб’ект. Мы яго... мы яго з зенітных установак “эС-300”, але...
ПРЭЗІДЭНТ. (Робіць жахлівы выгляд) Што? І тут без дазволу?!
МОРДАЧЫСЦІК. Вінаваты. Я... тут...
ПРЭЗІДЭНТ. Спадзяюся, на гэты раз не спартыўны самалёт?
МОРДАЧЫСЦІК. Два. Іх было два, таварыш маршал! Маршал-спадар-таварыш-прэзідэнт! Два.
ПРЭЗІДЭНТ. Два? І два збілі?
МОРДАЧЫСЦІК. Ну-у-у...
ПРЭЗІДЭНТ. Жах! Дзікуны! Што ты рыпаешся? Не перабіваць! Звольню, усіх звольню к чортавай матары! Сёння ж набяру новую каманду. Як нам глядзець у вочы захаду? Што сказаць сусветнаму грамадству? Мяне й так нікуды не пускаюць. А цяпер што?! Што?! Дзікуны! Рвань!! Я ў вас пытаюся, хто дазволіў збіваць самалёты?!
МОРДАЧЫСЦІК. Мы іх не збілі, спадар маршал!
ПРЭЗІДЭНТ. Што?! Хрэн рэдзькі не слашча! Яны парушылі паветраную прастору, а вы сядзелі ў бліндажах і назіралі?! І вы не збілі?! Рас-страляю, Усіх!!
        А калі яны адбамбіліся дзе-небудзь пад Шкловам ці Бабруйскам? Вы ведаеце, што тады пачнецца? Хто адкажа? Хто? Гэта была звычайная праверка спецслужбаў нашай боегатоўнасці.
МОРДАЧЫСЦІК. Вы не так зразумелі. Дазвольце растлумачыць, што...
ПРЭЗІДЭНТ. Маўчаць! Ты хочаш сказаць, што я тупы? Так? Ты на гэта намякаеш? Што прэзідэнт, якога выбраў народ, з першага разу не разумее? Ды я тры інстытуты скончыў, два тэхнікумы, ды я... я зараз акадэмік! І я не разумею? Я вам пакажу, шваль ста-ліч-на-я. Раз’еліся, панімаіш!
МОРДАЧЫСЦІК. Дазвольце...
ПРЭЗІДЭНТ. Не дазваляю! Ты ў мяне спытаўся, калі адкрываў агонь? Не. Гэта ўжо перманентны здзек. І гэта не першы раз. Спартыўныя самалёты збіваеце, а ваенны бамбавоз прапускаеце на нашу тэрыторыю. Аб’явіць паветранную трывогу! Аб’явіць татальную мабілізацыю! Мы ім пакажам, як парушаць нашы межы! А вас... цябе, генерал, сёння ж у турму. Не, цябе будзе судзіць ваенны трыбунал. Паказальным судом. Па законах ваеннага часу. Здаць паўнамоцтвы!
МОРДАЧЫСЦІК. Ёсць! Але...
ПРЭЗІДЭНТ. Ніякіх але. Выконваць, маць тваю...
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна, таварыш маршал. У турму! Без загаду ні кроку.
ПРЭЗІДЭНТ. Чакай. Паспееш насядзецца і наляжацца. Далажы абстаноўку.
МОРДАЧЫСЦІК. Вы не зусім... Як бы гэта сказаць?... Вы правільна ўсё зразумелі, але не з таго боку... Справа ў тым, што-о-о...
ПРЭЗІДЭНТ. Карацей! Без нажа рэжаш. Ён ужо нанёс бомбавы ўдар? Кажы, колькі ахвяр?
МОРДАЧЫСЦІК. Два. Два-а-а...
ПРЭЗІДЭНТ. Два трупы ўсяго? А-а-а! Два бомбавыя ўдары? Ды я цябе за гэта!
МОРДАЧЫСЦІК. На небе ўсходзіць два сонцы! (Грукат абцасаў, застылы твар).
ПРЭЗІДЭНТ. (Доўга глядзіць на генерала, уважліва разглядае яго з усіх бакоў.) Добра, добра, генерал! Два дык два... А як у цябе там з арыентацыяй? МОРДАЧЫСЦІК. Спутнікавая.
ПРЭЗІДЭНТ. Ага, у спутнікі набіваешся… Дык кажаў два? Адно на небі, а другое… другі сонца, значыць на зямлі.
МОРДАЧЫСЦІК. Два на небі!
ПРЭЗІДЭНТ. На небі? Я не спрачаюся: два сонцы, два генералы, два бомбавозы... Што гэта з вамі ўсімі сёння? Трызніце? Як, дарэчы, твая хвамілія?
МОРДАЧЫСЦІК. Мордачысцік, спадар прэзыдэнт. Вы яшчэ заўсёды блытаеце, то Чыстамордзік, то Чыстацісцік, то...
ПРЭЗІДЭНТ. А завуць як?
МОРДАЧЫСЦІК. Вася.
ПРЭЗІДЭНТ. Ага, Вася значыцца, Вася... Можа табе кепска? Чаго-небудзь баішся?
МОРДАЧЫСЦІК. Не. Цудоўна сябе адчуваю, пан маршал! Дзякую за клопат. Я нічога не баюся, я — салдат. Баюся толькі свайго прэзідэнта.
ПРЭЗІДЭНТ. Салдат, значыца. Ага-ага, цудоўна кажаце... Дрэнна, канешне, што нікога не баіцеся, дрэнна... А раней за сабой падобнага не заўважалі? Ну, што не баіцеся нікога, што два сонцы раптам?
МОРДАЧЫСЦІК. Не. Першы раз, гаспадзін маршал! Раней такога не было.
ПРЭЗІДЭНТ. Ага, гэта добра, панімаіш, што не было. Ты не хвалюйся, у нас медыцына добрая, не развалілася яшчэ, панімаіш... Залечаць. Я вось таксама…
МОРДАЧЫСЦІК. Вы не верыце? Я ж сур’ёзна!
ПРЭЗІДЭНТ. Якія ж тут могуць быць жарты, панімаіш? І я сур’ёзна. На маім месцы не жартуюць.
МОРДАЧЫСЦІК. Два сонцы! Два!! Два сонцы, спадар прэзідэнт, два!! Два!!!
ПРЭЗІДЭНТ. Не крычы так, не глухі. Два дык два. Падумаеш — навіна. Заўважаў, я даўненька заўважаў за табой... (сам сабе) Эх, падсунулі. Праклятая апазіцыя падсунула, каб разстрызвоніць па ўсіх еўропах. І ён кіруе арміяй?! А калі б ракеты пусціў? Труба! (да генерала). Здаць паўнамоцтвы!
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна! (грукат абцасаў). Здаць два сонцы на небе. Ёсць! Два сонцы здаць. Без загаду ні кроку. Ёсць! На небе два паўнамоцтвы! Уволіць... У турму!
ПРЭЗІДЭНТ. Што з табой, зусім з катушак зляцеў?
МОРДАЧЫСЦІК. Вы ж слова не даяцё сказаць: шагам марш! Ракеты к бою! Два прэзідэнты, два генералы, два сонцы і паўнамоцтвы — здаць! Ёсць! (грукат абцасаў) Так точна! Прэ-прэ... “Прэцындэнт”, таварыш-спадар прэзідэнт-маршал! Два сонцы!
ПРЭЗІДЭНТ. Ты што здзекваешся, дурань!?
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна (грукат абцасаў). Гэта не цяжка праверыць. З вашага кабінета іх добра бачна. Разсуньце шторы.
ПРЭЗІДЭНТ. Так бы адразу і сказаў, а то мяне за дурня тут трымаеш. Глядзі, Мордагразнік! Гэта быў твой апошні даклад-жарцік. (На хаду) Значыцца, з бомбавымі ўдарамі пранесла — і то слава богу. А з сонцамі мы хутка разбярэмся. (Падыходзіць да акна, збіраецца рассоўваць шторы — амаль адначасова звоняць дзесятак тэлефонаў: адзін, другі, трэцці... Аглядаецца на тэлефоны. Бяжыць да стала, хапаецца за трубкі. Па ўнутраннай сувязі чуюцца галасы): ”Таварыш прэзідэнт, дзіва! Два сонцы!” — “Усходзіць два сонцы. Чакаем загаду. Устаноўка Град не бярэ. Можа, паспрабаваць ракетай сярэдняй дальнасці? Чакаем загаду.” — “Іх два, гаспадзін маршал! Адно з усходу, другое з захаду” — “Два! Два!!” — “Два сонцы” — “Дзіва!”  (Прэзідэнт падбягае да акна і нарэшце рассоўвае шторы. Праз акно бачна два сонцы. Генерал задаволенна ўсміхаецца, нібы яго толькі што ўзнагародзілі ордэнам. Прэзідэнт паварочваецца да генерала — вочы вялікія.)
ПРЭЗІДЭНТ. Ух ты! А гэта не слава богу. Чаму ж ты адразу не далажыў?
(Абодва: і здзіўлены прэзідэнт, і радасны генерал бранзавеюць у нерцухомасці.)


                К А Р Ц І Н А       Т Р Э Ц Я Я

                (Вёска і поле, на  якім дзед з унукам.)

ДЗЕД. Вось, скончылі работу. Цяпер можна і сонцамі заняцца. А то, помню, было калісці: метарыт у Ворэхаўне ўпаў. Прама з неба цопнуўся. Уся вёска кінула сенакос і пабегла глядзець. Ну і што, выгледзелі дзіва? Навальніца як хлынула... Ва ўсіх сена прапала. Ужо гатовенькае сянцо было — і вось енты цуд як на бяду, метарыт! Згніло сянцо. А я сваё ў стажок скідаў Хоць бы што. А метарыт енты  і так бачыў. І сёння там ляжыць, ідзі і глядзі колькі табе трэба.
УНУК. Што там метэарыт, тут два сонцы!
ДЗЕД. Я і тады, унучак, думаў, што не з усякай хмары гром, а толькі маланка, а і выблісне ды не грымне, а калі і грымне — ды не ў нас, а і ў нас — дык наўдачу не заб’е а толькі абсмаліць! Так і тут. Трэба, унучак, усякую работу даводзіць да ладу. А не так: цапу-лапу, кінулі-рынулі — пабеглі глядзець. Калі будзеш бегаць з канца ў канец ды на дзівосы глядзець — жыццё і праляціць куляй. Выстраліш — не паймаеш. Пшык, і няма яго, жыцця, паміраць трэба.
УНУК. Дзед, а гэта часта бывае, каб два сонцы адначасова?
ДЗЕД. Бывае, што і мядзьведзь лятае, толькі не ўгару, а пад гару. А два сонцы? Не-а. Не помню я такога. Хоць і дасталося чарвяку на вяку, першы раз у жыцці. Метарыт быў. Зацямненне было. Гэта значыць, зусім сонца схавалася — зацямненне называецца. Думалі канец свету прыйшоў: уяўляеш, цемра сярод дня раптам згусцілася, нібы ноч надыйшла...
УНУК. А што такое канец свету? Можа гэта і ёсць ён, канец?
ДЗЕД. Які ж гэта канец, калі з абодвух бакоў свеціць? Я кумекаю, тут пачатак нечага... Канец, калі зоркі пападаюць з неба, сонца знікне, “саўюцца нябёсы ў скрутак” — цемра егіпецкая! А тут цэлых два... Нешта значаць гэтыя сонейкі. Пачатак. Калі канец — усяму дзелу вянец, нікуды не збяжыш? Тады ў душу спрускацца трэба, “царствіе ўнутры вас ёсць”. На ўсё, унучак, у душы адказ трэба шукаць. Глыбокая яна, душа. А можа і сапраўды суд пачнецца? Пара ўжо, а то толькі грозьбы...
УНУК. А дзе ён будзе суд? Ці пусцяць паглядзець?
ДЗЕД. Хе-хе. Смешны ты малы.
УНУК. І пракуроры і адвакаты прыедуць?
ДЗЕД. Вось такіх, кажуць, і ёсць царствіе. Суд — гэта калі душа судзіць. Вядома, малы ты яшчэ, толькі вучышся слухаць сумленне. Яно голас мае. Не разумееш граху. Няма яго ў цябе пакуль. А суд гэты страшным завецца, таму што апошні ён.
УНУК. У чаму ён страшны? Там што пужаюць чым-небудзь? Нібы ў фільмах жахаў?
ДЗЕД. Вось бачыш, не зразумела для цябе. Няма чаго баяцца... Бязвінная душа, як галубок чыстая. На судзе тым, думаю, душу судзяць. А можа і сама душа сябе судзіць? А пракурор на небе. Ці мо адвакат ён? Заблыталіся людзі, адным словам: Гасподзь. З-за яго ўся каніцель і пачалася. Адны гавораць так, а другія гэтак — вось і ваююць дзве тысячы гадоў. Не жывуць а даказваюць адно аднаму. У кожнага свая праўда. Чаго спрачацца? Не разумею. Жыць трэба. Розныя душы, розная і праўда гэтых душ. І суд, пэўна, розным і ўсякім будзе. Кожнаму сваё.
Нешта значаць гэтыя сонейкі. Знак нейкі. Вось выпражам каня, можа ў цэркаўку збярэмся. Напаіць каня трэба. Таксама грэх: скаціну без дагляду пакінуць, а толькі пра сябе думаць. Не ведаем з чые ласкі жывем. Не мае мовы яна, немы язык — не скажа. Чалавек для яе ўсё адно што Бог. Мы за яе думаць павінны. А Бог, напэўна, і за нас думае іншы раз.
УНУК. Дзеду, а я к душу судзяць?
ДЗЕД. Хто ж ведае, унучак. Не памёршы — не зразумееш: што там? Адтуль ніхто яшчэ не прыходзіў. Шмат баюць людзі, ды ўсё байкі. Не прайшоўшы праз суд, не скажаш які ён. Пэўна, кожны сам сябе судзіць. Па сваіх справах: чаго хацеў, на што спадзяваўся — тое і мае. Вунь баптыст усіх пеклам пужае — яму і будзе пекла. Упэўнены.  Не жадай таго людзям, што сабе не хочаш. Чалавек сам рыхтуе свой суд.
УНУК. А калі я нікога не судзіў, то і мяне судзіць не будуць?
ДЗЕД. Так, пэўна. Але ёсць яшчэ і Божы Суд. Лепш самому сябе строга судзіць, тады, магчыма,  Бог апраўдае. Бог та Бог, дый сам не будзь плох. Бо калі чалавек лічыць, што ён заўсёды правы, то Бог возьме і асудзіць такога. Хаця не ведаю я — гэта мой суд... А Божы можа інакшым быць. Які ён правільны? Пакуль жывем  — наш, памрэм — Божы. Што скажу табе: не ўмірае чалавек, проста праходзіць праз смерць. Смерць гэта парог, дзверы, за якімі іншы свет. Душа пакідае цела, як птушка гняздо. Але спачатку вучыцца лётаць. Бо калі галапупец лётаць намерыцца, тут жа вываліцца з гнязда, бразнецца аб зямлю і капец яму. Так і з чавлавекам — цела гэта адно, а душа іншае. А ёсць яшчэ і Дух. Здароў, Гандзя!
ГАНДЗЯ. Здароў, Ягор! А што гэта вы пляцецеся як на паслязаўтра.
ДЗЕД. А куды спяшацца?
ГАНДЗЯ. Вунь усе ў царкву пабеглі. Светапрадстаўленія, кажуць, пачалася.
ДЗЕД. Хто кажа?
ГАНДЗЯ. Суседка мая, баптыст... Людзі кажуць, Ягор.
ДЗЕД. Для тых, хто так гаворыць, можа і пачалася.
ГАНДЗЯ. Старшыня машыну выдзеліў. Як селядцоў набілася.
ДЗЕД. А ты чаго ж засталася?
ГАНДЗЯ. Не магу я так. Душыцца там. Як ламануліся ўсе, куды ўжо мне з нагою. Мар’ю Бултаву крыху насмерць не заціснулі. Усё кінулі. І гэты, сусед мой Руды, усё жыццё краў, а на суд дык першы пабег. Больш награшылі, так я табе скажу, Ягор.
ДЗЕД. Блізка царква, ды далёка ад Бога.
ГАНДЗЯ. І то праўда. Каб ты бачыў, Ягор, што тут чаўплося... З матамі-пераматамі, са сваркай. І расказаць каму сорамна. Старшыня як убачыў, што два сонцы заззяла, адразу машыну даў. То ж не дапрасіцца бывала. І сам на сваім “козліку” першы ба бацюшкі паскакаў.
ДЗЕД. Ёсць людзі, а ёсць людзішкі. Заўжды так было. Дык ты, Гандзя, чаго ж усё-такі не паехала?
ГАНДЗЯ. І сама не ведаю, Ягор. Не пусціла штосьці. Вось хаджу з двара да двара: то веснічкі  прычыню, то курэй з гарода турну. У Сцяпаніхі пірагі з печы дластала. А вы чаго ж?
ДЗЕД. Таксама клопаты. Бульбу абганялі. Скаціну ўпарадкуем, можа і збярэмся... Але ж я не пасціўся, не рыхтаваўся… Хто ж ведаў што два сонцы ўзыйдзе.
ГАНДЗЯ. А што ты думаеш, Ягор, пра гэтыя сонцы?
ДЗЕД. Цяжка сказаць. Боскае гэта. Як там у псальме:”Хто на даху, хто ў полі — не спяшайся”. Адзін забіраецца, а другі застаецца. Забіраецца, Гандзя, а не сам ідзе.
Чыя гэта карова рыкае?
ГАНДЗЯ. Суседкі маёй. Пайду хоць вады дам. Усё ж кінулі-рынулі, пабеглі душы ратаваць. Я ўсё жыццё пра душу думала. Здаецца мне, Ягор, што з аднаго прысесту душу не ўратуеш. Курыца і тая некалькі тыдняў на яйках сядзіць. А тут — душа! Ці можна ў царкву з бухты-барахты, як Панцялей у краму за гарэлкай пасля п’янкі.
ДЗЕД. Твая праўда.
ГАНДЗЯ. Не па-людску гэта. У царкву рыхтавацца трэба. Храм Божы! А яны, як па дэфіцыт пабеглі... Бог ім суддзя. Не можу я так. Вядома, цёмная баба, што з мяне ўзяць? Не пайшла! Калі не заслужыла ў Бога нічога за жыццё, то й гэта ўжо не дапаможа.
ДЗЕД. Усё так. Тут трэба павольна спяшацца. Колісь дзед Якаў, помніш яго?
ГАНДЗЯ. А то ж. Забудзеш хіба такога.
ДЗЕД. Дык ён бывала казаў, сабака скора дзеці робіць ды сляпыя. А па радзіву што перадаюць?
ГАНДЗЯ, Што яны могуць тут перадаць? Тут яны не спецыялісты. Кажуць, афіцыйнае сабшчэнне будзе. Разводзяць рукамі. А пасля абеду прэзідэнт нараду склікае, міністраў, начальнікаў ентых, маўляў, такога ніколі не было. “Экстраанамальная” сітуацыя, вось! А то мы без іх, Ягор, не ведаем, што ўпершыню такое.
ДЗЕД. Я што кумекаю, Гандзя. Людзі як баюць: дасць бог грошык, а чорт дзірачку, і пакоціцца богаў грошык аккурат у чортавую дзірачку.
ГАНДЗЯ. Да чаго ты гэта? Мудрона неяк гаворыш, Ягор.
ДЗЕД. Што тут мудронага: даваў Бог клад, ды не ўмелі ўзяць. А то яшчэ кажуць, як Бог глядзіць на сляпога, так і сляпы на Бога.
ГАНДЗЯ. Нічога ўжо не разумею.
ДЗЕД. Пойдзем мы ўжо, Гандзя. Каня выпрагці трэба. Дзе ж мой унук падзеўся? Андрэй! Андрэй-ка!!
ГАНДЗЯ. Ды вунь, з дзецьмі гуляе.
ДЗЕД. Гэта ж Купалле сёння. Рыхтуюцца.
ГАНДЗЯ. Пайду і я. Зажану карову, рыкае бедная.

К А Р Ц І Н А     Ч А Ц В Ё Р Т А Я

                (Гарадская плошча: прахожыя і паэт.)

ПАЭТ. Пачакайце, людзі! Куды вы спяшаецеся? Няўжо вас не здзіўляе, я ж гаварыў раней... Бог пачуў мяне. Бачыце, іх два! Куды ж вы?... Загінеце ўсе. Паглядзіце ўверх: на небе два сонцы! Вы ж не сляпыя, людзі!
ПЕРШЫ ПРАХОЖЫ. Ну бачым, бачым! Што з гэтага. Чаго крычыш? Каўбасы не прыбавіцца ад гэтых сонцаў. Ці, можа, гарэлка падзешавее? Якая нам карысць ад лішняга сонца? Ніякай!
ПАЭТ. Гэта падказка набёсаў. Нас хочуць папярэдзіць. Нешта з намі не так, людзі! Каяцца трэба. Можа апошняя магчымасць надыйшла. Трэба ўспомніць: хто мы? Для чаго жывем? Трэба знайсці сябе! Хутка канец!
ДРУГІ ПРАХОЖЫ. Розум свой спачатку знайдзі, які згубіў. Награшыў — вось і кайся. Мне няма ў чым. Нікога не забіў, не краў.
ПАЭТ. Хіба ты бязгрэшны.
ДРУГІ. А то як жа! Якія ў мяне грахі? Адкуль ім узяцца?! Працуюю з ранку да вечара. Хіба работа грэх?
ПАЭТ. Шчаслівы.
ДРУГІ. Якое там шчасце. Хіба пры сённяшнім жыцці можа яно быць?
ПАЭТ. І ты  не пакутуеш сумленнем? Ніколі?!
ДРУГІ. А з чым яго ядзяць, сумленне? Яго ўвогуле няма — выдумка інтэлігентаў. Я ж не дурны. Якая карысць ад пакутаў? Ніякай! Грошай не даюць. Вось калі б за пакуты плацілі, тады, калі ласка! З году ў год мучыўся б.
ПАЭТ. Пачакай. Штосьці мне твой твар знаёмы... Дзе я мог цябе бачыць?
ДРУГІ. Я ж сюдою кожны дзень на работу хаджу. А ты тут на лавачцы. Бугаёў маё прозвішча.
ПАЭТ. Бугаёў?
ДРУГІ. Так, Бугаёў. Звычайнае прозвішча, што тут такога? А я цябе ведаю: ты — вар’ят, хі-хі! Вершычкі пішаш, пракламацыі...
ПАЭТ. Вар’ят? Ха-ха! Цікава, першы раз чую такое пра сябе. Хто табе сказаў?
ДРУГІ. Хлопцы гаварылі.
ПАЭТ. Кажаш, Бугаёў? Чакай, штосьці прыпамінаецца...
ДРУГІ. Не крыўдуй. У вас жа паэтаў страха заўсёды набакір. На вас паглядзіш, хоць пасмяішся. Ёсць жа, маўляў, людзі дурнейшыя за мяне. Інстытуты паканчалі, а розуму не набылі. Нічога ім не патрэбна. Я нават спрачаўся з хлопцамі, што ніякі ты не вар’ят, проста рабіць лянуешся, вось і прыдурваешся... Вершычкі, песенькі... Не крыўдуй, што я цябе назваў так.
ПАЭТ. Успомніў. Крытык Панцялей Бугаёў, ці не сваяк табе выпадкова?
ДРУГІ. Не адзін Гаўрыла ў Полацку.
ПАЭТ. Ты падобны да яго. Быў такі вядомы крытык, маю першую кніжку зарэзаў.
ДРУГІ. Зарэзаў!?
ПАЭТ. Так, ушчэнт разбіў, толькі асколкі пасыпаліся.
ДРУГІ. Ого!  Шкляная была ці што?
ПАЭТ. Ха-ха-ха! Раскрытыкаваў, значыць.
ДРУГІ. Ге-ге! А я падумаў, хмг! Бачыш, можа і ў нашым родзе вялікія людзі былі?
ПАЭТ. А бацьку твайго як звалі?
ДРУГІ. Іванам. Іванавіч я. Дзям’ян Іванавіч Бугаёў.
ПАЭТ. Ну а дзеда?
ДРУГІ. Дзеда? Майго дзеда звалі... Як жа? Цьфу! Выскачыла з галавы.
ПАЭТ. Не помніш?
ДРУГІ. Не, не помню дзеда. Але ён ніякім крэцінам не быў. Коз пасвіў у калгасе. Ён, можа, і граматы не ведаў. Выскачыла зусім... Саўрасій? Не. Севасцьян?.. Не, не так. Савасій, пэўна, так.
ПАЭТ. І ты не помніш дзеда?
ДРУГІ. Навошта? Ён жа памёр. Я васьмігодку скончыў ён і  сканаў. Даўно памёр. Што, што ты вылупіўся на мяне? Памёр ён, чаго табе яшчэ?
ПАЭТ. Ды я табе зараз...
ДРУГІ. Што ты, што ты! Калі жыў, дык помніў, а зараз выскачыла.
ПАЭТ. Я табе зараз выскачу!
ДРУГІ. (Адскокваючы ў бок). Ты і праўду шалёны.
ПАЭТ. І ён гаворыць, бязгрэшны! Чаго неба копціш, трыбух! Ух, зараз бы вось так, мокрае месца!
ТРЭЦІ. Ты чаго, чаго да людзей чэпішся? У паліцыю такіх здаваць трэба. Парадак парушаюць.
ДРУГІ. Ваша праўда, допыт учыніў: як дзеда звалі?
ТРЭЦІ. Сімулянт няшчасны. Нідзе не працуе, да людзей чапляецца. Чаго прыстаў да хлопца!?
ДРУГІ. Хо-хо-хо! Што я з нябожчыкам гаварыць буду? Як дзеда звалі, пытаецца. Праўду казалі, вар’ят ён, не верыў на сваю галаву. Яшчэ абараняў дурня.
ТРЭЦІ. Лодыр ён, лодыр! Я б гэтых пісьменнікаў на кожным слупу вешаў. Гэта ўсё яны ваду каламуцяць. Дзень у дзень сядзіць на пераходзе, вершычкі людзям чытае. Старцуе адным словам. Раней бы з вамі не цацкаліся, усіх бы на Салаўкі саслалі. А то развялі дэмакратыю, маць вашу.
ПЕРШЫ. Яна і ёсць матка іхняя. Бо спарадзіла іх — дэмакратыя, языкі паразвязвала. Свабоду слова ім падавай. І гэты ж туды: вучыць уздумаў. Саджаць такіх трэба.
ДРУГІ. Во-во! У турму, каб падалей ад людзей.
ТРЭЦІ. Так-так! А то і зусім на кол саджаў бы такіх.
ДРУГІ. Каяцца, гаворыць, трэба. А сам хто?  Хто сам?
ПАЭТ. (Не звяртаючы болей на іх увагі). Мне была відзежа. Людзі, я чуў голас. Паспейце змяніцца! Хутка канец! Калі зробіце намаганне, можа, тады Гасподзь і злітуецца.
ПЕРШЫ. Усе хочуць быць прарокамі. Бач, як заладзіў.
ПАЭТ. Няўжо не адчуваеце, што блізка кнец?
ДРУГІ. Мой канец заўсёды пры мне і заўжды блізкі на гэтую справу.
ПАЭТ. Ніколі не было такога: два сонцы! Глядзіце!
ПЕРШЫ. Чаго крычыш на ўсю Іванаўскую? Што тут адчуваць? Падумаеш, два сонцы? Калі б дзве зарплаты, тады іншая справа.
ПАЭТ. Гэта знак. Дапамога. Можа, апошні шанец.
ПЕРШЫ. Ага. Дапамога! Ху-ху! Гуманітарная. Як мёртваму прыпаркі... Ёсць улады, няхай і рашаюць. Мы падаткі плоцім, няхай думаюць: чаму два сонцы раптам з’явілася? Няхай растлумачаць мне, простаму чалавеку, што я павінен рабіць. Можа, парасонам прыкравацца трэба, можа там радыяцыя якая?
(Падыходзіць нарад міліцыі.)
СЯРЖАНТ. Так. Несанкцыяніраваны мітынг! Хто дазволіў?
ПЕНРШЫ. Мы нічога, нічога...
ДРУГІ. Гаворым сабе, проста гаворым.
ТРЭЦІ. Вось. Сонцы абмяркоўваекм..
СЯРЖАНТ. Абмяркоўвайце дома на кухні. Няма чаго паніку сеяць, панімаіш, бучу чыніць тут. Разыйсціся!
ТРЭЦІ. Мы з работы ідзём.
СЯРЖАНТ. Ведаем, усё ведаем. Нават тое, куды ходзіце пасля работы.
ПЕРШЫ. А што і пагаварыць нельга?
СЯРЖАНТ. Калі ёсць санкцыя, падпісаная ўладамі, калі ласка, хоць глодкі панадрывайце.  А так — больш трох не збірацца! Я чалавек службовы. Ці, мо, не зразумела гавару?
ПЕРШЫ. Што гэта за законы такія?!
СЯРЖАНТ. Пагаварыць хочацца, так? Ты на ўладу крычаў? Ты! Ты падаткамі папракаў? Ты! Пойдзем у аддзяленне. Значыць, ты і ёсць галоўны зачыншчык!
ПЕРШЫ. Я? Ды я ўвогуле слава КПСС! Нідзе нікому...
СЯРЖАНТ. Пройдзем у аддзяленне, грамадзянін! Там заадно і пагаворым.
ПЕРШЫ. Гэта ён усё заварыў! (паказвае на паэта). Я не вінаваты. Гэта памылка!
СЯРЖАНТ. Улада не памыляецца! Ты хочаш сказаць, што ўлада, выбранная народам, памыляецца? Так? Улада можа памыляцца? Чаго зенькі вылупіў? Разыйсціся! Пяць хвілін даю на зборы! Вернемся зараз, будзеце тут, на сябе крыўдуйце!
(Узяўшы Першага пад рукі, зводзяць яго са сцэны.)
ПАЭТ. Чаго ж свайго сябра не абаранілі? Не заступіліся?
ДРУГІ. Якая табе справа?
ПАЭТ. Мне да ўсяго ёсць справа. Папомніце яшчэ мяне! Успомніце, ды позна будзе.
ТРЭЦІ. Ды хто ты мне будзеш тут? Знайшоўся адстаўной казы барабаншчык.
ДРУГІ. Хто ты такі? Каб распытваць пра майго дзеда ?
ТРЭЦІ. Ён толькі пропаведзямі корміць. А нам хлеб патрэбен, разумееш ты? Хлеб. Члорны ці белы. Хлеб! І гарэлка.
ДРУГІ. Табак, бабы і грошы... У нас “Кілішак” працуе, той таксама, як перап’е — розныя прывіды бачыць. А нядаўна зялёных чалавечкаў на прахадной угледзеў. Ху-ху-ху! Тут яго і заграблі.
ТРЭЦІ. Пляваць мне на тваю душу. Ты мне тут дай пажыць. Я на небе і без Бога разбяруся.
ДРУГІ. Хі-хі-хі! Атрымаў. Мессія. На сябе паглядзі!
ТРЭЦІ. Прарокаў паспладзілася: Вісарыён, Марыя-Дэві, Крышнамурці ўсякія… Вас бы ўсіх у гарачы цэх. А то морды параз’ядалі!
(Вяртаецца нарад міліцыі.)
СЯРЖАНТ. Хто-хто морды параз’ядаў?
ТРЭЦІ. Я... ну... Гэта...
СЯРЖАНТ. Вам, бачу,  з першага разу не зразумела? Зноў мітынгуеце?
ДРУГІ. Ды мы нічога. Гэта ўсё ён! ( Паказвае на паэта). Яго забірайце.
СЯРЖАНТ. Прашу мне не ўказваць, каго забіраць.  Я пры выкананні. Сам разбяруся. Пройдзем, вось вы ўдваіх, пройдзем у аддзяленне.
ТРЭЦІ. Не пайду. Нікуды не пайду!
СЯРЖАНТ. Возьмем сілай. Вы ведаеце, што бывае пры супраціўленні ўладам?
ТРЭЦІ. Нічога не ведаю... Але як скажаце, як скажаце...
ДРУГІ. А яго чаго ж не забіраеце?
СЯРЖАНТ. Ха! А што з яго ўзяць? Адны аналізы. Бомж і жабрак. Бралі ўжо, нават штрафу няма чым заплаціць.
(Нарад міліцыі зводзіць са сцэны Другога і Трэцяга. Паэт застаецца адзін. Шум вуліцы, іранічныя галасы, смех і кпіны. Магчыма, танец Светлых і Чорных ценяў.)
ПАЭТ.  ( у  роздуме)     Шкада, што думка добрая й цяпер,
Нібыта прарастае скрозь асфальты,
Калі з глыбінь народу мкне наверх —
                То не пускае бюракратаў галька.
Трэба запісаць. Што ж гэта творыцца? “Што ж то дзеяцца га свеце, што не роўна дзеле Бог?”  Вам проста дураць галаву — таму: не страляйце больш варон ротамі... Паглядайце лепш на трон: хто там е?... Хмг! І гэта запісаць можна. Хаця... Дрэннна, вельмі дрэнна! Хто там е з разумных?... Ха! А лепш за ўсё трымацца прэзумпцыі... А лепш за ўсё трымацца прэзумпцыі не-ві-на-ва-тась-ці. Але ж патрэбна мне далей ісці... Пайду! Пайду да прэзідэнта. Дзяржава пачынаецца з яго... Псуецца рыба з галавы... А як, скажыце, думаеце вы?... Смярдзіць жа рыба з галавы, дзяржаву ўвасабляе прэзідэнт — хто ж растлумачыць гэты інцындэнт? Дрэнна. Стыль, зусім бадай вульгарны стыль, бо ў душах мёртвы штыль...

               

                К А Р Ц І  Н А   П Я Т А Я

( Кабінет прэзідэнта. На ўзвышшы, як на троне, сядзіць сам прэзідэнт, ніжэй стаяць  усе вышэйшыя чыны дзяржавы: міністры і генералы.)

ПРЭЗІДЭНТ. Так, чубрыкі, слухаце сюды. Заяўляю з усёй адказнасцю! Расаджвайцеся пакуль.  Усе па сваіх месцах. Таварышы, адпаведна займаемай пасадзе. Будзем прытрымлівацца “рэкламенту”.
ЛІТАРЧУК. Фактычна, не зразумела: хто ёсць хто?
МОРДАЧЫСЦІК. Так точна! Тут многа новых твараў.
ПРЭЗІДЭНТ. Што я гаварыў?
МОРДАЧЫСЦІК. Што будзем прытрымлівацца...
ПРЭЗІДЭНТ. Ага! Значыць, будзем прытрымлівацца “рэкламенту” і “субкардынацыі”. Так, чаго ж не сядаеце? Прашу па сваіх месцах.
МОРДАЧЫСЦІК. Тры тыдні прайшло пасля апошняга паседджання. Шмат змянілася за гэты час.
ПРЭЗІДЭНТ. А-а-а... (цісне кнопку на стале). Зразумела. Даруйце. Мы правялі  невялікую рэарганізацыю апарата. Зараз я вас усіх перазнаёмлю. (заходзіць сакратарка).
САКРАТАРКА. Выклікалі, спадар прэзідэнт?
ПРЭЗІДЭНТ. Абвясціце прысутных... Зачытайце спіс новых назначэнняў, каб ведалі, каму куды садзіцца. Вы разумееце, шаноўныя, час вельмі складаны, патрабуюцца штомесячныя, панімаіш, рэарганізацыі апарата. Калі ласка, сонейка!
САКРАТАРКА. Генерал Мордачысцік. (Устае, шчаўчок абцасаў. Садзіцца.) Камандуючы аб’яднанымі ўзброенымі сіламі дзяржавы.
ПРЭЗІДЭНТ. Ён нязменны, адзін з самых старых у апараце. Працуе другі квартал. Камандаваў узводам, ротай... Камандаванне ўзброенымі сіламі атрымаў за выключныя заслугі перад прэзідэнтам. Сядай, генерал. (устае) Тваё месца па правую руку ад мяне. (Мордачысцік з гонарам займае месца.)
САКРАТАРКА. Спадар Заскокін (устае) — міністр замежных спраў. Працуе тры месяцы.
ПРЭЗІДЭНТ. Зарэкамендаваў сябе не з лепшага боку, так і не прарваў інфармацыйную блакаду. А на цябе ўжо ёсць “кампрамант”.
ЗАСКОКІН. Гэта зайздроснікі! Праціўнікі тонкай дыпламатыі.
ПРЭЗІДЭНТ. Сядай, сядай. Разбярэмся з усімі тоўстымі і тонкімі абставінамі,  панімаіш, а пакуль табе слова не давалі. (Займае месца).
САКРАТАРКА. Спадар Шукевіч  (устае) — рэзыдэнт контразведкі, начальнік крымінальнага вышуку і іншых сыскных агенстваў.
ПРЭЗІДЭНТ. Ад мяне па левую руку. А вам, рыбачка, заўвага: я адмяніў некаторыя словы. (Шукевіч з высокападнятай галавой праходзіць да месца.)
САКРАТАРКА. Вінавата, таварыш прэзідэнт. Больш не буду.
ПРЭЗІДЭНТ. І яшчэ. Інфармацыя для ўсіх. Калі мяне няма на месцы, мае паўнамоцтвы аўтаматычна пераходзяць да сакратара. (Сакратарка абводзіць прысутных знішчальным поглядам, усе недаўменна  пераглядаюцца і паціскаюць плячыма.)
САКРАТАРКА. Удзячна за давер, таварыш прэзідэнт. Апраўдаю. Служу прэзідэнту! (выцягваецца па стойцы смірна). Нованазначаны галоўны ідыёлаг прэзідэнта, таварыш Недаглуздаў. (Падымаецца з месца).
ПРЭЗІДЭНТ. Гэта дзякуючы яму, таварышы, мы адмянілі архаічную сімволіку дзяржавы на прагрэсіўную. Сядай, Недаглуздаў, вось сюды.
САКРАТАРКА. Гісторык — спадар Верадовіч (устае і садзіцца..) Міністр эканомікі — Пралічылкін (устае і садзіцца), і галоўны, найгеніяльнейшы пісьменнік дзяржавы нашага любімага, звышнайгеніяльнага і абаяльнага прэзідэнта, таварыш...
ПРЭЗІДЭНТ. Усенаароднаабранага.
САКРАТАРКА. Усенароднаабранага і ўсенародналюбімага.
ПРЭЗІДЭНТ. Гэта прашу ўлічыць і заўсёды помніць. Электарат за мной!
САКРАТАРКА. Таварыш Літарчук (устае, раскланьваецца на ўсе бакі, садзіцца.)
ПРЭЗІДЭНТ. Падзякуйце яму, таварышы! Мы маем  сіводня спіс геніяльных і таленавітых людзей дзяржавы. Геніяльны, праўда, у нас... Вам вядома хто. Маем  таксама поўны і абгрунтаваны спіс забароненых слоў.
САКРАТАРКА. І... Хто ў нас там застаўся? А-а-а. Міністр унутраных спраў, начальнік міліцыі (шчаўчок абцасаў), камандуючы ўнутранымі войскамі (два шчаўчкі абцасаў),маёр Дубінкін (тры шчаўчкі абцасаў).
ПРЭЗІДЭНТ. Сюды, з правага боку. Тут ваша месца. Вось так. Дзякуючы Дубінкіну, мы развіталіся з апазіцыяй, памахалі ручкай.  Расквіталіся. Мы адзіная дзяржава, у якой апазіцыі няма, і след астыў. Так.  Заўсёды вось так садзіцца па сваіх месцах. Сонейка, прадажных журналістаў не пускаць. Увогуле — нікога не пускаць. У нас закрытае савішчанія.
САКРАТАРКА. Я магу ісці?
ПРЭЗІДЭНТ. Пачакайце. Маёр Дубінкін, ты аддаў распараджэнне аб трайным узмацненні рэжыма бяспекі?
ДУБІНКІН. Так точна! (шчаўчок абцасаў).
ПРЭЗІДЭНТ. Каб ніякіх “баўкотаў”, мітынгаў, акцый пратэста... Ніякіх зборышчаў на вуліцах і плошчах.
ДУБІНКІН. Забяспечым.
ПРЭЗІДЭНТ. Дзякую за службу.
ДУБІНКІН. Служу прэзідэнту!
ПРЭЗІДЭНТ. Вольна. Сядай. Прыступім. (Аглядае прысутных).
САКРАТАРКА. Мне ісці, таварыш прэзідэнт?
ПРЭЗІДЭНТ. Канешне. Што за пытанне. У нас жа закрытае савішчанія, дык і закрыйця дзверы. Каб ніводная жывая душа сюды пішчом не ўлезла. Не пушчаць.
САКРАТАРКА. Ёсць. Ёсць!!! (выходзіць).
ПРЭЗІДЭНТ. Так, таварышы, прыступаем. Я сабраў вас па надзвычайнай справе. Вы ведаеце, што... Як тут падступіцца, каб не паступіцца гонарам?
ВЕРАДОВІЧ. Фактычна, можна з самага галоўнага.
ЛІТАРЧУК. І так далей і да таго падобнае.
ПРЭЗІДЭНТ. Прашу не ўказваць. Станеце на маё месца, будзеце сядзець, як вады ў рот набраўшы... Але вы ніколі не станеце, бо тут сяджу я. А захочаце стаць, то пасаджу, самі ведаеце куды. Мяне выбраў народ. Я ўвасабляю волю народа.
ЛІТАРЧУК. Мы хацелі як лепей.
ПРЭЗІДЭНТ. А атрымалася як заўсёды. І не перабіваць, калі гаворыць я! Першы і ўсенароднаабраны. Дзе “субкардынацыя”? Вось, калі ласка! (рассоўвае шторы). Даперабіваліся. Палюбуйцеся! Дажыліся: два сонцы! Што гэта такое, я спрашваю? І адказваю: мы маем тое, з чым ні адной уладзе не даводзілася сутыкацца. А адказваць за гэтая безабразія павінны вы. У мяне ёсць, канешне, сваё тлумачэнне, але я хацеў бы спачатку выслухаць вашы адгаворкі. З каго пачнем? Так, безумоўна, пачаў я. Цяпер ваша очырэдзь. Вам жа не дарэмна дзяржава грошы плоціць? І не малыя, я скажу, грошы. Іх адрабляць трэба. Дык вось усё зразумела і нічарта не панятна. Як мы выглядаем на міжнароднай арэне? Так, слухаю міністра замежных спраў. Заскокін, табе слова. Што чутно ў суседзяў? Якія меры прымаюцца, скажам, у Швейцарыі, Германіі, Францыі? Ты звязваўся з акрэдытаванымі пасольствамі?
ЗАСКОКІН. Так. Але...
ПРЭЗІДЭНТ. Ну і раскажы нам, якія захада прымаюцца на Захадзе? Што ўзыходзіць, хе-хе, на Усходзе? Хо-хо-хо!!
МОРДАЧЫСЦІК. Хе-хе-хе!
ЛІТАРЧУК. Ху-ху-ху!
ВЕРАДОВІЧ. Ха-ха! Захады на захадзе, ха-ха!
ПРАЛІЧЛКІН. Хе-ху! Хе-ху-ха!
ЗАСКОКІН. Спадар прэзідэнт, справа ў тым, што злева...
ПРЭЗІДЭНТ. Хо-хо-хо!!
МОРДАЧЫСЦІК. Хе-хе-хе!
ЛІТУРЧУК. Ху-ху-ху!
ВЕРАДОВІЧ. Ха-ха! Справа ў тым, што злева... Ха-ха!
ПРАЛІЧЫЛКІН. Хе-ху! Хе-ху-ха!
ПРЭЗІДЭНТ. Адставіць! (грукае рабром далоні па стале). Адставіць, раз і навсігда. Адставіць гэты зварот. А то ўсіх к сценкі пастаўлю. Зазірніце ў спіс забароненых для ўжывання слоў. Устроілі, панімаіш.
ЗАСКОКІН. Прабачце, я думаў...
ПРЭЗІДЭНТ. Індык таксама думаў... Вы міністр — вам думаць не паложана і шкодна. Выконваць дырэктывы, не разважаючы, — вось задача міністра. Дырэктывы прэзідэнта выконваць.
ЗАСКОКІН. Але ж...
ПРЭЗІДЭНТ. У нас тут усе роўныя, але раўнейшы  за ўсіх — я! Ніякіх спадароў! Хочаце танцаваць пад дудку ультраправых нацыяналістаў? Цікава, цікава колькі яны вам плацяць за “спадароў”? Га?
ЗАСКОКІН. (Ускоквае з месца). Ніхто мне не плаціў!
ПРЭЗІДЭНТ. А чаго ўскочыў? Хто свінне краў у таго і ў вушах вішчыць. Так? Сядзь, а то пасаджу... сам знаеш куды.
ЗАСКОКІН. Акрамя зарплаты, таварыш прэзідэнт, ніякіх сродкаў фінансавання не маю.
ПРЭЗІДЭНТ. Не брашы. Дапусцім… Можам дапусціць і такое. А жонка? Зяць? Яны таксама нічога збоку не маюць? Праверым-праверым! Усё пераправерым, нават праверанае ўжо. Сядай-сядай! Рана яшчэ турбавацца. Але я думаю так, калі для цябе пастановы прэзыдэнта, якога выбраў народ — нішто, то і на руку ты не чысты.  Ну, чаго вады ў рот набраў? Слухаем...
ЗАСКОКІН. (Садзіцца). Прашу прабачыць, забыўся. Толькі ўчора вечарам прынеслі інструкцыі і спісы забароненых слоў. Не паспеў завучыць.
(Устае). Дык вось, спа... вінаваты яшчэ раз, таварыш прэзідэнт.
ПРЭЗІДЭНТ. А то я не ведаю, што рыльца ў пушку. Я магу любога з вас пасадзіць. Віна знойдзецца. Лю-бо-га! Было б жаданне, артыкул падбярэцца.
ЗАСКОКІН. Я не пра гэта. Не пра словы забароненыя хачу. Пра сонцы.
ПРЭЗІДЭНТ. Як кажуць, бліжэй да цела. Чаму ў нас два сонцы?
ЗАСКОКІН. Справа ў тым, што ў суседніх джяржавах другога сонца не выяўлена, таварыш прэзідэнт! Калі мы звярталіся да...
ПРЭЗІДЭНТ. Вось табе і раз! Прыехалі. Дажыліся. Гэта праўда?
ЗАСКОКІН. Як Божы дзень, спа-... Прабачце, таварыш прэзідэнт! Калі мы звярталіся, спад... Даруйце, таварыш прэзідэнт! Па тэлефоне калі звязваліся з нашымі пасольствамі, спа-... Чорт бы мяне пабраў!
ПРЭЗІДЭНТ. Пабярэ, пабярэ.
ЗАСКОКІН. Не разумелі яны нас, “спаварыш трэзідэнт”!
ПРЭЗІДЭНТ. Вас цяжка зразумець. Ха-ха! (Выбух рогату, як пасля дасціпнага анекдота.)
ЗАСКОКІН. Не разумелі, пра што мы гаворым, спа-спа... спадзяваліся, што мы жартуем. Проста смяяліся.
ПРЭЗІДЭНТ. Ты бачыш, што і мы смяемся. Мальчышка! Нічога сур’ёзнага сказаць не можаш. А можа гэта, так сказаць, дэзынфармацыя? Зразумеў! Ім добра заплацілі. Вось яны і прыхавалі сваё сонейка. Фальсіфікацыя відавочная ж. Сядзь, Заскокін, з цябе як з казла малака.
Не можа ж такога быць! Неба адно на ўсіх, а сонцаў — толькі ў нас два, а ў іх, бач ты, капіталістаў праклятых — адно. Ілгуць. І ў іх павінна ж столькі быць, колькі ў нас. Што скажа разведка? Штосьці тут не зусім чыста і ясна... Ну?
ШУКЕВІЧ. Таварыш прэзідэнт! Мушу, так сказаць, я магу, так бы мовіць, кажучы па-іншаму гаварыць, што агенты “ікс № 1917-ць”, “ігрэк № 1941-шы” і “зэт № 1991-шы”, так сказаць і, кажучы, так бы мовіць, кажучы па-іншаму гаварыць, што агенты з нумарацыяй, асабліва пачынаючы з нумара 1993-га і па №1999-ты, так сказаць, між іншым, і між імі агентурная сетка за нумарам “Пі 3,14 сотых”, а яшчэ, так сказаць, агент “не пі нашча”, так сказаць, прабачце, памыліўся...
ПРЭЗІДЭНТ. Хопіць! Хопіць гэтых шыфраваных нумароў і вышэйшай матэматыкі, спадар Шукевіч! Канкрэтна. Дзяржаўная справа патрабуе канкрэтнасці і канкрэтыкі. Па справе, так сказаць, калі можна так сказаць.
ШУКЕВІЧ. Дык вось, так сказаць, я і  гавару па справе, так сказаць, калі можна так сказаць.
ПРЭЗІДЭНТ. Лепш было б зусім не гаварыць!
ШУКЕВІЧ. Лепш было б зусім не гаварыць, як вы сказалі, што агенты колькасцю ста дваццаці васьмі чалавек, так сказаць, калі можна так сказаць, даслалі шыфроўкі, так сказаць. Тэксты дэшыфруюцца. Але і з паловы расшыфраваных данясенняў, так сказаць, калі можна так сказаць, зразумела, так сказаць, лепш было б зусім не гаварыць, як вы сказалі, што ў ста дваццаці васьмі дзяжавах, дзе акрэдытаваны нашы разведчыкі, так сказаць, калі можна так сказаць, так бы мовіць... Так?.. Што ж та? А, ага! Так сказаць, разведчыкі знаходзяцца там, пад крышай, прабачце, страхой, так сказаць, пад дахам прыкрыцця, так бы моваіць, нібыта консулаў, аташэ, паслоў, вадзіцеляў таксі, аднаго повара, чатырох вартаўнікоў, трох...
ПРЭЗІДЭНТ. (Грукае рабром далоні па стале.) Адставіць! Вы мне тут усю агентурную сетку засвеціце. Заўтра палова міністраў пабяжыць у апазіцыю… Канкрэтна я сказаў. Не цягніце рэзіну, генерал. Усё адно бюджэт у яме. Не сёння, дык заўтра вылецім у трубу. І дадатковых сродкаў, на якія разлічваеце, не атрымаеце. Ні капейкі! Мне народ даверыў бюджэт і я яго не падвяду пад манастыр. Вось так, так сказаць, калі можна так сказаць... Цфу ты! Разведка павінна быць самаакупаемай! Хопіць транжырыць народныя грошы. Што прынёс твой вышук у дзяржаўную казну? Ну? Пшык на алеі! Што данесла яна, разведка твая, не ўкраўшы па дарозе? Ну, што?!
ШУКЕВІЧ. Так сказаць, калі можна так... Цьфу ты! У суседніх дзяржавах сонца не выяўлена.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух ты! Зусім няма сонца?
ШУКЕВІЧ. Ёсць, так сказаць... Цьфу ты! Яно адно, як і паложана па штату.
ПРЭЗІДЭНТ. Вашы дзеянні? Тлумачэнне?
ШУКЕВІЧ. Думаем, так сказаць, калі можна так сказаць. Цьфу ты! Верагодна, што гэта дыверсія варожай разведкі.
ПРЭЗІДЭНТ. Не разумею?
ШУКЕВІЧ. Шпіён, так сказаць, калі можна так сказаць. Думаем, так ска-..
ПРЭЗІДЭНТ. Цьфу ты! Раней трэба было думаць, калі ў нас, як у людзей, адно сонца было, а цяпер... Цяпер дзейнічаць трэба. За што ты атрымліваеш дзяржаўныя грошы? І не малыя, я скажу грошы. Генерал, я ў цябе пытаюся.
ШУКЕВІЧ. Па штату, так сказаць, паложана.
ПРЭЗІДЭНТ. Сядзь! Пасаджу, усіх пасаджу на бабы. Хопіць.  Сядзь я сказаў! Не табе. Ты сваё адгаварыў, так сказаць, нічога так і не сказаўшы. Генерал Чыстамордзік!
МОРДАЧЫСЦІК. Мордачысцік, спадар прэзідэнт!
ПРЭЗІДЭНТ. Падумаеш, цаца! Не так назваў, ха! Хоць чыгуном, абы ў печ не ставіў. Ха! А Вось за спадара не дарую.
МОРДАЧЫСЦІК. Вінаваты, таварыш маршал прэзідэнт!
ПРЭЗІДЭНТ. Сам ведаю, што вінаваты. Так, вы спрабавалі ліквідаваць сонца?  Вашы действія? Яно ў мяне як бяльмо на воку. Гэта ж пазорышча.
МОРДАЧЫСЦІК. Спрабавалі, але на вялікі жаль...
ПРЭЗІДЭНТ. Ні ў кога няма, а ў нас з’явілася. Не чую адказу, генерал Гразнамордзік!
МОРДАЧЫСЦІК. Мордачысцік, спадар прэзідэнт.
ПРЭЗІДЭНТ. Ху, цаца! Бач ты? Ша!
МОРДАЧЫСЦІК. Таварыш маршал прэзідэнт (грукат абцасаў). Спрабавалі дастаць ракетай.
ПРЭЗІДЭНТ. Ну?
МОРДАЧЫСЦІК. Сярэняй дальнасці. Безвынікова. Ракеты, не даляцеўшы, згараюць да тла.
ПРЭЗІДЭНТ. А кантынентальнай спрабавалі?
МОРДАЧЫСЦІК. Без асобага на тое загаду мы...
ПРЭЗІДЭНТ. А хто пытаўся ў мяне загаду выставіць сонца? Га?! На ўвесь свет мяне выстаўляюць дурнем. І так нікуды не пускаюць. А цяпер? Што мне рабіць цяпер з гэтым пазорышчам?
ШУКЕВІЧ. Ёсць ідэя. Можна?
ПРЭЗІДЭНТ. Валяй.
ШУКЕВІЧ. Калі сонца толькі ў нас... то і вылезці яно павінна было, так сказаць, з нашай зямлі. Так? Дзірка! Павінна быць дзірка!
ПРЭЗІДЭНТ. Хоць нешта сказаў. Ну і далей што? Ха! Ух ты! Так. Яе трэба замураваць і канцы ў бетон. Замураваць!!
НЕДАГЛУЗДАЎ. Дазвольце, таварыш прэзідэнт.
ПРЭЗІДЭНТ. Не дазваляю... Але валяй, што тут зробіш.
НЕДАГЛУЗДАЎ. Па ўсіх правілах лагічнага мыслення, забетаніраваць дзірку можна канешне, але ж... Лагічны вынік: куды сонца схаваецца на ноч? Наступіць вечны дзень.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух ты! Які падарунак. Вось гэта эканомія. Гэта ж выхад з энергітычнага крызіса. Навошта нам расійская нафта? Навошта атамная станцыя?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Можна сэканоміць на начным асвятленні.
МОРДАЧЫСЦІК. Супраць логікі не папрэш. Але што вы збіраецеся замуроўваць, спадар Недаглуздаў?
НЕДАГЛУЗДАЎ. Дзірку, з якое вытыркнулася гэтае праклятае солнца.
МОРДАЧЫСЦІК. Мае салдаты і салдаты маёра Дубінкіна абследавалі кожны “санцымектар” беларускай зямлі — не знайшлі ніякай дзіркі. Няма чаго бетаніраваць. (Удумліва і сур’ёзна) Генеральны штаб думае, што гэта зброя варожай арміі. Дакладней нават (перасцерагальна) сакрэтная зброя.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух, ты-ы-ы... Можа быць, можа быць. Вакол нас адны ворагі. Так і сочаць за намі, так і падпільноўваюць, каб адабраць уладу. Што скажаш,  таварыш Недаглуздаў. З пункту гледжання навукі і ідэялогіі, ці не спутнік-шпіён гэтае сонейка?
НЕДАГЛУЗДАЎ. Думаю, не. Хаця тое, што дзіркі няма шмат мяняе. Можна сказаць, не сказаўшы нічога кепскага, не зразумейце мяне памылкова, калі дзіркі няма, значыць, яно прыйшло зверху!
ПРЭЗІДЭНТ. Эўрыка!
НЕДАГЛУЗДАЎ. Упала, так сказаць, на нашы галовы. Спусцілася вертыкальна.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух ты! Вертыкаль? Значыць, і там вертыкаль! А гэта ж я першы выдумаў, — укралі. Кругом адны варугі. Чакайце, на што гэта вы намякаеце?
НЕДАГЛУЗДАЎ. Я не намякаю. Проста засведчыў факт, што наша камандная структура, дакладней, ваша, таварыш прэзідэнт, бярэ пачатак у нябёсах. Гэта яшчэ раз падцверджвае геніяльнасць Вашых ідэй, калі можна так сказаць.
ПРЭЗІДЭНТ. Сказаць то можна, але трэба і адказваць за свае словы. А што скажа гісторык Верадовіч? Так сказаць, пра сонца?...
ВЕРАДОВІЧ. Фактычна, гэта выключны выпадак, факт. Такога не павінна быць, факт. Але фактычна, такое ёсць — гэта пераканаўчы факт, а супраць фактаў “дэ факта” не вельмі разгонішся, бо “дэ юрэ” фактаграфія кульгае. Калі б не было гэтай нарады па прычыне наяўнасці другога сонца, можна было б і сумнявацца ў наўнасці такога факта. Але ж нарада ёсць, значыць і два сонцы ёсць — гэта ўсё факты найноўшай гісторыі.  Якія ж сёння стануць і пісьмовымі і навуковымі.
ПРЭЗІДЭНТ. Разумна канешне, але пажадана болей канкрэтна. Па сутнасці, еракідка з пустога ў парожняе, зіавага, з сіта ў пустое рэшата. Дзяржаўная справаздача патрабуе канкрэтыкі і канкрэтнасці.
ВЕРАДОВІЧ. Вінаваты, фактычна... Калі гаварыць канкрэтна, то канкрэтыка можа быць рознай. Але ў гісторыі быў факт. Хаця можа гэта і вымысел, фактычна — гэта пісьмовы факт з пісанняў, так сказаць, задакументаваны ў Бібліі. Забабоны фактычна, але там напісана, што Ісус Навін спыніў сонца. Факт. Такая канкрэтыка.
 ПРЭЗІДЭНТ. Дык найдзіце гэтага Навіна — і справа з канцом. Папрасіце, загадайце ад майго імя… Заплаціце яму, яўрэі грошы любяць, добра адваліце.
ВЕРАДОВІЧ. Ну… Як бы… Не факт, што ён спыніў, гэта сумніўна, а факт, што гэта зафіксавана ў пісьмовым дакуменце: не скончыў, маўляў, бітву і загадаў сонцу спыніцца. Факт. Вось такая канкрэтнасць.
ПРЭЗІДЭНТ. Якім чынам загадаў? Калі? Няўжо і сонцы падпарадкоўваюцца дэкрэтам прэзідэнтаў?! Дык што мы тут засядаем, шманы праціраем і нічога не штанаем? Зараз я выдам дэкрэт, пісьмовы загад, прылажу пячатку, подпіс і...
ВЕРАДОВІЧ. Фактычна, калі канкрэтыкі болей, то Ісус Навін не быў прэзідэнтам.
ПРЭЗІДЭНТ. Тым больш у мяне козыраў. Я веруючы атэіст, бо многіх, што стаяць сёння са свечкамі ў царкве, я б на пушачны выстрал да царквы не падпускаў. А ён нават прэзідэнтам не быў.
ВЕРАДОВІЧ. Яны не ведалі дэмакратый. Лічыўся так сабе невялікім правадыром ізральскага народа... Але сонца падпарадкавалася...
ПРЭЗЫДЭНТ. Усё зразумеў. Вы намякаеце, што мне неабходна прайсці абрад абразання? Ды я вам па самыя вушы паабразаю галовы за такое, па самае нельга!
ВЕРАДОВІЧ. Ніяк не, таварыш прэзідэнт! Ніякім разам! Проста давожу канкрэтыку канкрэтнай эпохі, канкрэтнага факта, як вы і хацелі.
ПРЭЗІДЭНТ. Далей што?
ВЕРАДОВІЧ. Што? А-а-а... Гэта адбылося каля пяці тысяч гадоў таму, калі быць канкрэтным. Калі верыць фактам.
ПРЭЗІДЭНТ. Гмх! Дык верыць? Ці не верыць? Яўрэі чаго хоч навыдумляюць, абы кішэнямі даляры набіваць.
ВЕРАДОВІЧ. Ну, так. Усё задакументавана.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух ты! Нічога сабе. Вось табе і на! Пяць тысяч гадоў таму.  Ух ты! І там яны першымі ўлезлі. Чакайце! Дык што ж гэта атрымліваецца? Дзікуны маглі спыніць сонгца, а мы сваёй тэхнікай, навейшымі тэхналогіямі не можам сцягнуць яго з небасхілу. Не! Гэтая халява ў вас не пройдзе. Хаця б адпіхнуць яго на якую Польшу. Не! Вы здзекваецеся , спадары, з мяне. Я ва ўсім разбяруся. І з усімі! Што гэта за хфакцікі такія?! Адкуль яно ўзялося? За што я вам грошы плачу? Плачу і плачу! За слёзы свае плачу. Рэформы не ідуць! Эканоміка ляціць у трубу! Крызіс! Эканамічны, сацыяльны, палітычны... Крызіс улады. Правыя муцяць ваду. Левыя ловяць у ёй асятрыну і прадаюць красную ікру, і чорную. Кішэні сабе набіваюць.  А вы не можаце расправіцца з нейкім незразумелым нелегальным сонейкам? Яно кантрабанднае! Хто дазволіў?! Хто тут кіруе?! Інфляцыя, дэнамінацыя, голад, холад... Хутка есці не будзе чаго, дармаеды! Што вы зрабілі, каб накарміць народ? Усіх пазвальняю! Усіх пад завязку!  Пад адну грабёнку. Набяру новую каманду і буду па-новаму камандаваць. Дакуль у маёй дзяржаве будзе чварыцца бог ведама што. І гэта пад жыватом Еўропы? Колькі можна цярпець? Народ вас не зразумее. Вас зробяць казламі адпушчэння, не мяне — вас! Яшчэ невядома, як на гэта паглядзіць Эўропа: што там дзеяцца ў яе падбрушшы? Па галоўцы не пагладзіць. Нам перакрыюць кісларод, закрыюць пастаўкі. І так абвінавачваюць, што мы ва ўсе бакі зброю распрадаём, а калі яшчэ і сонца з’явілася — чаго чакаць? Амба! Расія не дасць нафты. Агульны рынак і савет Еўропы пакажа дулю. З макам і са смакам пакажа, яшчэ і пряпярчыць зверху. Валютны фонд зрэжа крэдыты па самую макаўку. Вы гэтага хочаце? Хто за ўсё адкажа? Толькі не я! Я ўсенароднаабраны. Мне народ верыць. А вам?... Чаму ў вас два сонцы? Калі ў гэты час у якой-небудзь Азіопе няма ніводнага і людзі пухнуць без святла і здыхаюць у цемры? Хто дазволіў такое? Разгільдзяства, я так скажу. Разгільдзяства, таварышы генералы і міністры! Ніводнай думкі. У вас галовы мякінай панабіваны! Мне зноў за ўсё аддувацца? Дудкі! Што? Што вы руку цягнеце? Чаго ўсталі? Сядзь, а то назаўсёды пасаджу.
Упэўнены, яны праўдзіва лгуць. У іх таксама ёсць сонцы. Вешаюць лапшу. А вы вушы развесілі. Яны кажуць, у нас нічога няма. Маўчаць, як рыбы аб лёд. Маўляў, няхай дурныя беларусы самі раздолбваюцца. А мы паглядзім, якое выйсце лепшае. Загонім эканоміку у трубу і амба! Гэта ж рэсурсы. Патрацім усё, што можна было праесці. А яны на гатовенькае, хоп, і за дзве шчалі ўплятаць будуць. Чаго зноў устаў не па уставу? Га?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Ёсць адна думка, таварыш прэзідэнт.
ПРЭЗІДЭНТ. Адна думка. Сядзь, а то сядзеш назаўсёды. Вы павінны гэтымі думкамі парасіцца кожныя чатыры месяцы, як свіння парасятамі. Не адной, а дзесяткі думак ваша галава варыць павінна. Вось так. Па вас даўно турма плача, спадар Пралічылкін! Наеліся вашымі думкамі. На рыгу цягне. Дубінкін не дасць схлусіць. Трэцяя рэформа правальваецца ў прорву. А вы сабе вілу адгрохалі. Я хацеў бы спытаць: на чые грошыкі?
Чаму я, першы чалавек краіны, жыву на адну зарплату. А вы фірмы паадкрывалі, фазэнды збудавалі, будзь здароў і не кашляй! Утрая большыя фазэнды, чым лядовы палацы, што мяне ўвекавечаць. Заўтра ж прадставіць усім дэкларацыі аб даходах. Усім!
Толькі ў кішэні цягнеце, і ўсё з маёй, з дзяржаўнай казны. Улічыце, што ўсе абяцанкі, якія я даваў народу,  я выканаю. Будзеце пішчаць як вужы на скаварадзе. Народ за мяне прагаласаваў і я не дазволю яму галасаваць у пакутах. Вы ўсе сядзеце ў турму. Ён мяне падтрымае. А з вас за ўсё спытае. Да якой пары я буду прыкрывацца і аддувацца за вас?
Ух! Умучыўся з вамі... Усіх у расход хутка пушчу.
МОРДАЧЫСЦІК. Правільна! Дыстыпліна аснова асноў! Я цалкам падтрымліваю крытыку.
ЗАСКОКІН. Вы — геній! Геній вы, “спаварыш трэзыдэнт”! Прамова вымалявалася ў прыстойных рамках, хаця і з вострым крытычным пафасам. Вытанчаная дыпламатыя.
ВЕРАДОВІЧ. Фактычна, крытыка правільная. Я таксама “за”. А розным забабонам, што напісалі яўрэйчыкі ў Бібліі, верыць не абавязкова. Не маглі яны спыніць сонца. Брахня!
ПРЭЗІДЭНТ. Ой, палягчала. А то я ўжо думаю: няўжо?...
ВЕРАДОВІЧ. Канешне брэшуць, ім галоўнае гешэфт заграбці — дзеля яго, яны на ўсё пойдуць.
ЛІТАРЧУК. Ды кінь ты свае энтысіметызмы. Адарваў ад галоўнага. Я хацеў дадаць, што і стыль у таварыша прэзідэнта выбраны дакладны, убойны стыль. Сціслы, лапідарны і вобразны. Ну проста афарыстычны, рассыпаеце афарызмы, як гарох з мяха. У вас вялікія літаратурна-публіцыстычныя здольнасці, таварыш прэзідэнт, ці ведаеце?
ПРЭЗІДЭНТ. Ну я... Усё ж такі... Не лапцем шчы хлябтаў.
ЛІТАРЧУК. Мы падумваем у камітэце, каб вылучыць вас кандытатам на Нобелеўскую прэмію... па літаратуры.
ПРЭЗІДЭНТ. А што я пісаў вершыкі…. Калісьці. Нават друкаваўся. Але хопіць, хопіць... Не да гэтага січас. Дзякуй, канешне, за падтрымку. Дзякуй, што правільна зразумелі. А то, бывае, гаворыш, гаворыш, надрываешся як пракляты  — ніхто ні ў зуб нагой. Ну, што вы там хацелі, Пралічылкін? Якая такая думка ў лабавую атаку на вас пайшла?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Думка такая, таварыш прэзідэнт: гэтую сітуацыю можна выкарыстаць.
ПРЭЗІДЭНТ. Ну?!
ПРАЛІЧЫЛКІН. Прыкінуўшы, трэба павялічыць, напрыклад,  уезд у дзяржаву, на ўвазе маю кошт уязной візы, гэтак прыблізна... Прыкінуўшы як след, падлічыўшы як два, прыкладна... каб не накладна было,  у разоў тысячу, а можа нават у дзесяць тысяч. Тады б мы вывелі эканоміку з крызісу.
ПРЭЗІДЭНТ. Які печаны дурань паедзе за такія гршы?! Ты з дуба ўпаў?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Паедуць! Яшчэ як паедуць. Ламануцца проста. Людзі любяць дзівосы і цуды. А тут...
ПРЭЗІДЭНТ. Не, ён упаў з дуба, уніз галавою.
НЕДАГЛУДАЎ. А што, таварыш прэзідэнт? Яшчэ ў старажытнасці гаварылі: хлеба і відовішчаў!
ПРАЛІЧЫЛКІН. Хлеба ў нас малавата, ёсць відовішча — яно і накорміць! Яны гавораць, што ў іх няма двух сонцаў, так? Вось і абавязаны, каб падцвердзіць гэтую ісціну, так? Прыехаць да нас і паглядзець. Так!
ПРЭЗІДЭНТ. Ух ты!  Ха! Ого-го-го! А што, можа і не ўпаў. Хоць адна думка выспела ў ялавай галаве. Карова, якая цялят не прыносіць, называецца ялаўка, — ведаць патрэбна сельскую гаспадарку, якая вас корміць.
ПРАЛІЧЫЛКІН. Трэба толькі разумна падлічыць, галоўнае не пралічыцца. Наладзіць рэкламу, распіярыць другое сонца.
ПРЭЗІДЭНТ. Гэта ідэя! Можна сказаць, нацыянальная. Няўжо звядзём канцы з канцамі?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Не толькі звядзём, яшчэ і закруцім, марскім вузлом завяжам. Не толькі з канцамі, але і з пачаткамі. Патрэбна агарошыць свет. Дайце! Дайце мне рэзерўныя сорак мільярдаў і праз які тыдзень, прыкінуўшы як след, а падлічыўшы як дзесяць, вярну вам сорак тысяч мільярдаў.
ПРЭЗІДЭНТ. Ого-го-го! Зноў дайце! Дзе я вазьму? Каб хто сказаў — на. Не! Усе: дай-дай-дай! Во табе (паказвае дулю) сорак саракоў.
ПРАЛІЧЫЛКІН. Ну... резерўныя. Усё роўна скрадуць.
ПРЭЗІДЭНТ. Ага. Уключыць станок? Дык і папера нешта каштуе. Не дам. (Адварочваецца ад усіх.)
ПРАЛІЧЫЛКІН. Дайце. Дай. Вы ж разумееце, вы ж эканаміст. Трэба Сорак мільярдаў.
ЗАСКОКІН. Таварыш прэзідэнт, у развагах Пралічылкіна ёсць рацыянальнае зерне. А з пункту гледжання міжнароднай выкшталцонай дыпламатыі, гэта можа адзіны правільны выхад.
ВЕРАДОВІЧ. Фактычна, гістарычная фактаграфія і факталогія разам з метадалогіяй прымушае да прыняцця такога рашэння. Вы ж бліскучы гісторык, таварыш прэзідэнт. Каб выняць, трэба папярэдне ўкласці. Трэба даць.
ПРЭЗІДЭНТ. Даць? Ага, лёгка сказаць. А вы ведаеце, як гэта цяжка адрываць свае кроўныя. А калі заўтра вайна? Рэвалюцыя? З чаго прыкажаце плаціць наёмнікам? Не трэба пароць гарачку. Узважыць неабходна, ці можна рызыкаваць?... Перспектывы, канешне, зманлівыя, але ж... А ці паедуць за такую суму да нас? Гэта не авантура? Як з рублёвай зонай. Паедуць турысты да нас. А можа мы прадзешавілі? Не прагарэць бы.
ШУКЕВІЧ. Так сказаць, калі можна так сказаць, за мяжой любяць круізы, турнэ... Экскурсіі ўсякія.
ПРАЛІЧЫЛКІН. А мы цэны ўверх! Канкурэнцыі ніякай. Няхай плацяць капіталісты праклятыя. Хочаш бачыць другое сонейка — плаці. Паедуць. Вунь жа нядаўна, міліянер гэты — нават у космас паляцеў. Рызыка якая. А тут жа ніякай рызыкі, заплаціў — і глядзі сабе бясплатна, хоць вочы бельмы вылупі.
ПРЭЗІДЭНТ. Выходзіць, гэтае сонца — залатая жыла.
ШУКЕВІЧ. Залатое дно, так сказаць, калі можна так сказаць.
ПРЭЗІДЭНТ. А я сказаў жыла. І кропка. Будзе так, як я сказаў: жыла!
(Уваходзіць паэт, яго ніхто не заўважае ў час спрэчкі і ён прыпыняецца  каля дзвярэй.)
 ПРЭЗІДЭНТ.  Дазвольце мне, так сказаць, калі можна так сказаць, фактычна зацвердзіць факт, што мы прагаласуем правільна... Вырашым тым самым справу джяржаўнай важнасці і выведзем эканоміку, можна сказаць, з крызісу і з усіх спадарожных дэфолтаў. (Заўважае паэта.) А цябе хто сюды пусціў? У нас закрытае савішчанія. Ахова! Куды глядзіць ахова?! Хто ты?
ПАЭТ. Я? Паэт Сук.
ПРЭЗІДЭНТ. Ха-ха-ха! Ух, ты! Рассмяшыў. Калі б ты сказаў, што пастух свінней ці коз, я яшчэ зразумеў бы. А то – паэт сук. Ха-ха! Дык па-твойму выходзіць, што я прэзідэнт сабак? Хе-хе...
ПАЭТ. Можа, так, а можа і не: прэзідэнт прыхвастней, падбрэхічаў. Шалёных сабак...Нічога дзіўнага. Прозвішча маё такое: Сук!
ПРЭЗІДЭНТ. Сук? Хі-хі. Сук...
ПАЭТ. Так. Піліп Сук. І туды і назад — Піліп, туды Сук, на якім вы сядзіце і які падсякаеце: бум-бразь, — і галавою ўніз: хрась! Амба. А назад чытаецца “кус”, гэта значыць, калі ўзяцца з іншага боку, можна нешта адкусіць. Кус атрымаўся б, кусок вечнага жыцця, а так: Сук... Цюк-цюк, сякераю, а потым ботам бразь — і крышка. Ад дамавіны крышка, вечка. Капец, канец, трындзец…
ПРЭЗІДЭНТ. Штосьці цьмяна гаворыш, нічога не разумею.
ПАЭТ. Вобразы, вобразы... Абразы  ды абразы — гэтым і жыву.
ПРЭЗІДЭНТ. Так. Дзе Літурчук?
ЛІТАРЧУК. Я тут.
ПРЭЗІДЭНТ. Хто такі паэт Сук? Ці ёсць чалавек гэты ў спісе таленавітых людзей, які ты склаў па майму загаду для службовага карыстання?
ПАЭТ. Наўрад ці... У спісе для ўрада не знойдзецца  месца такому нябогу, як я. Паэтаў ад Бога пагоняць з парога. Бо спісы складае эліта, што вечна лыкае з карыта, і рада для ўрада па спісах распісваць сябе.
ПРЭЗІДЭНТ. Замаўчы ты! А ты чаго ў рот вады набраў, Літарчук?! Ёсць ён у спісе?
ЛІТАРЧУК. Ведаеце, усё залежыць ад дэфініцый... І гэтак далей і да таго падобнае. Што такое талент? Літаратура? Паэзія? А увогуле: чалавек — што ёсць ён у гэтым свеце? Паэзія — гэта лірычная рэалізацыя таленту, вядома, паэтычнага. Іншым словам, таксама дэфініцыя. І чалавек дэфініцыя, у сэнсе лексічнай адзінкі, але сам чалавек не дэфініцыя, у сэнсе сутнасці яго. Бо чалавеку трэба жыць, і жыць добра, а для гэтага патрэбны грошы. Грошы — галоўная дэфініцыя жаданняў. За грошы ўсё купляецца і чалавек жыве. Хто як можа так і жыве: хто добра, хто — кепска, каму як прыйдзецца, так і жыве. Як набяжыць. Але ўсё, паўтаруся, залежыць ад дэфініцый. Возьмем для прыкладу дэфініцыю “грошы” — яна не пэўная, не дакладная. Па-беларуску — гэта скажоная дэфініцыя. Ведаем з арфаграфіі, што ў беларускай мове “О” пераходзіць у “А” - і гэтак далей, і да таго падобнае… Як чуеш так і пішаш. Атрымліваем грашЫ, а не грОшы. Грашы і будзеш мець грошы, і не грашы — а вялікія грашышчы, баксы. І не назоўнік гэта, а дзеяслоў загаднага ладу. І гэтак далей і да таго падобнае.
ПРЭЗІДЭНТ. Век бы слухаў. Глядзі, паэт Сук, хі-хі! Якія таленавітыя людзі ў прэзыдэнскім урадавым спісе. Як па пісанаму гаворыць. Дарэчы, Літарчук! Дык ёсць у спісе Сук? Вось гэты паэта?
ЛІТАРЧУК. Я ж і кажу: усё залежыць ад дэфініцыі “грашы”! А ён хоча жыць па праўдзе, не хоча грашыць. А калі, як выказаўся я вышэй, нельга не грэшачы жыць, нельга без грошай, то ён, Сук гэты, сваім існаваннем сцвярджае, што і жыць не хоча. І не жыве, калі не грашыць. Як жа без грошай, без грахоў?... Мы думалі, ён памёр даўно.
ПРЭЗІДЭНТ. Цудоўна. Якія граматныя рэчы. Але я так і не зразумеў: ёсць Сук у спісе таленавітых людзей дзяржавы?
ЛІТАРЧУК. Адкуль яму там узяцца. Няма. Паэта (у бок паэта, сыкаючы) Сс-сука ў спісе няма. Усё залежыць ад дэфініцый, я ж і кажу...
ПАЭТ. А я што казаў?
ПРЭЗІДЭНТ. Вось бачыш, ты не таленавіты чалавек. Няма цябе ў спісе. А чаго ж адразу да прэзідэнта? Га? Кругом шагам арш! Стаіць?! Бач ты яго. Стаіць. Ахова!
ПАЭТ. Як гэта ўсё на праўду не падобна...
Магчыма, так сабе падумаеце вы:
“Нібата пабылі ў краіне дапатопнай...” –
І ўсё ж не скочыць вышай галавы.

                ( Паціскае плячыма і выходзіць.)
ПРЭЗІДЭНТ. Што ён сказаў? Пра чыю галаву, ці не пра маю часам?
ЛІТАРЧУК. Не звяртайце ўвагі: трызненне!
ПРЭЗІДЭНТ. Ходзяць тут сукі ўсякія... Кусаюцца, у вочы лезуць. Так, шаноўная грамада, ставім на галасаванне. Я думаю, знойдзем кансэнсус. Кворум у нас ёсць і мы не дапусцім нонсэнса.
ПРАЛІЧЫЛКІН. Таварыш прэзідэнт, навошта двойчы рабіць адну справу. Мы прагаласавалі ўжо. Знайшлі кансэнсус.
ПРЭЗІДЭНТ. Калі?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Калі вы размаўлялі з тым вар’ятам.
ПРЭЗІДЭНТ. А-а-а...
ПРАЛІЧЫЛКІН. Не трацілі дарма часу.
ПРЭЗІДЭНТ. Ну і якія вынікі?
ПРАЛІЧЫЛКІН. А якія вам патрэбны.
ПРЭЗІДЭНТ. Адказ гэта ці пытанне?
ЗАСКОКІН. Якія могуць быць пытанні.
ШУКЕВІЧ. Адказ вядома.
ДУБІНКІН. Вы ж за ўсё адказваеце.
НЕДАГЛУЗДАЎ. Прагаласавалі так, як вы падумалі.
ВЕРАДОВІЧ.  Таму што нам думаць забаронена.
МОРДАЧЫСЦІК. Як вам трэба, так і прагаласвалі.
ВЕРАДОВІЧ Знайшлі ваш кансэснсус.
ПРЭЗІДЭНТ. Малайцы, мальцы! Хвалю за службу, самцы!
УСЕ РАЗАМ. Служым прэзыдэнту!
(У кабінет урываюцца Чорныя цені. Усё кружыцца ў віхуры гукаў і рухаў.  Пад заслону па радыё аб’яўляецца пастанова прэзідэнта. Уся світа са шчаслівымі тварамі слухае пастанову.)
ГОЛАС. Усім жыхарам прайсці перарэгістрацыю па месцу жыхарства. Уводзіцца прагрэсіўны падатак на дабаўленае сонца. Паведамляць аб прыездзе замежных гасцей. Мытным службам павялічыць уязную візу ў сто дваццаць разоў. Праезд з горада ў вёску і наадварот абкладаецца падаткам, бо прыраўніваецца да ўязной візы замежных краін. Парушэнні караюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое распрацоўваецца. Усім атрымаць спісы забаронынех слоў. І не ўжываць спісавыя словы ні ў побыце, ні на рабоце, ні нават у сне. Парушэнне караецца штрафам, які прыраўноўваецца да ўязной візы замежнай краіны. Уводзіцца прэзідэнцкае праўленне.

                ( Світа пляскае ў ладкі. Заслона.)

                К А Р Ц І Н А     Ш О С Т А Я

(Той жа гарадскі парк і лавачка. На лавачцы сядзіць паэт Сук, падпёршы галаву рукамі. Да яго падыходзіць Другі прахожы.)

ПАЭТ. Ужо выпусцілі?
ДРУГІ. А чаго ж яны будуць трымаць? Штраф спагналі — і будзь здароў, каціся мячыкам!
ПАЭТ. Таму мяне ніколі і не забіраюць. Няма чым плаціць. Хоць грошы і не пахнуць, яле служывыя носам чуюць, дзе можна пажывіцца.
ДРУГІ. Ведаеш... Я хацеў сказаць... Папрасіць цябе, ці што... Прабач мяне.
ПАЭТ. Завошта?
ДРУГІ. За ўсё... Мне раптам сорамна стала. Гэта ж мне павінна балець, што я не помню імя дзеда. А мне хоць бы што. Чалавек жа не жывёліна, праўда? Паеду ў вёску, распытаю ў старых... Можа, дакументы якія знайду. Генеалагічнае дрэва зраблю разам з сынам, павешу на сцяну на самым відным месцы. Гэта ж калі я не помню дзеда, і мяне ўнукі забудуць, так? Якое ж тады кароткае жыццё, калі не імкнецца яно ўвабраць у сябе мінуўшчыну і не прарываецца ў будучыню праз унукаў, нашчадкаў.
ПАЭТ. Галоўнае, што ты гэта сам зразумеў.
ДРУГІ. Дзякуй табе. Калі б не ты...
ПАЭТ. Быў бы іншы. Шчасліва табе. (Другі зыходзіць са сцэны і яго месца займае нарад міліцыі, становяцца ўтрох паўкругам, засланітўшы паэта ад залы. Праз хвіліну зыходзяць і яны.)
ПАЭТ. Падурэлі яны ці што? Пяць разоў за дзень дакументы правяраюць.

                (Паказваюцца святыя.)
ТУРАЎСКІ. Рыцару сціла маё вітанне!
ПАЭТ. Дзень добры! Божа мой, Кірыла?.. Як жывы.
ТУРАЎСКІ. Пазнаў, пазнаў... А я і ёсць Кірыла Тураўскі — уласнаю пярсонай.
ПАЭТ. Хіба ўваскрэслі продкі? Ці Прышэсце пачалося?
 ТУРАЎСКІ. Да ўваскрасення вам яшчэ далёка. Дзякуй Богу, што даў адтэрміноўку. Мы ў госцікі на некалькі гадзін. З сястрою Еўфрасінняй.
ПАЭТ. І вы? Дзень добры Вам, Заступніца святая.
ПОЛАЦКАЯ. Вітаю я цябе, гаротнік слова.
ПАЭТ. З якой прычыны гэтакі нам гонар, што вы да нас, сюды на грэшную зямлю?
ПОЛАЦКАЯ. Бяда нас прывяла, вялікая бяда.
ПАЭТ. Што чую я, няўжо і там ёсць беды?
ПОЛАЦКАЯ. Няба ў нябёсах горасцяў і бед. Ні жэняцца, ні замуж не выходзяць, але... І радасці вялікай пакуль што мы не можам адчуваць. Бо тут карэнне засталося, а ў каранях зямных хаваюцца нябесныя праблемы.
ТУРАЎСКІ. І ты паэт нам дапаможаш разрашыць дылему часу.
ПАЭТ. Я б з радасцю. Ды як?
ТУРАЎСКІ. Хто ж можа лепш, як не паэт, разблытаць моўную праблему?
ПАЭТ. Праблему ведаю. Але ж ці слухае хто-небудзь беднага вар’ята?
ТУРАЎСКІ. Сказаць павінен ты. А з іх спытаецца за тое, што веры не далі, што не паслухаліся моўленага слова.
ПОЛАЦКАЯ. Бо грэх тады на чалавеку, як чуў абвінавачванне другога, і сам, адвергнуўшы папрок, праўдзівасць падмяніў хлуснёю. Калі паэт ёсць на зямлі, што плача словам — ёсць грэх на людзях гэтага народа, што зневажаюць мову. За ўсё адкажуць.
ТУРАЎСКІ. Спыніўся рух і рост, і слова болей не ўздымае. Магчыма, цяжка зразумець табе нябесныя праблемы — ды тое ёсць, што ёсць. Скажу па-простаму, ты бачыш сам, што сэнс са слова выхаласціўся, так як з калосся выбіваюць малацьбой літое зерне, палову з пацярухай пакідаюць, — так сэнсам слова абнікчэмнела. Гандлююць словамі нібы манетай меднай, усё змяшалася: дабро і зло. І цяпер, калі б з людзей хто і наважыўся дайсці да ісціны праз слова — не зможа аніяк. Таму што разабрацца не магчыма: дзе праўда, дзе мана? Схавалі праўду і замкнулі на семдзесят замкоў, нібыта злодзея якога кінулі за краты, і ісціна ўцякае ад людзей. А ўсё таму што мову родную забылі, і грэбуюць, і ганьбяць... бэсцяць… Дарэчы, ты ж паэт, дык паспрабую вобразам сказаць, праз адно слова. Ну, што Пілат спытаўся ў Хрыста?
ПАЭТ. Пілат?... А, ну гэта ж... Во: што ёсць ісціна?
ТУРАЎСКІ. А цяпер прыслухайся да апошняга слова.
ПАЭТ. Ну, слова як слова... Ісціна, ісціна...
ТУРАЎСКІ. Ісці да ісціны патрэбна, дайсці да ісціны! Шукаць і зразумець яе праз слова, каб потым словам да нябёсаў вырастаць. Ну, зразумеў?
ПАЭТ. Прабачце, не зусім.
ТУРАЎСКІ. Бач, не зразу меў, хоць і паэт... А як жа іншыя павінны мець, што на паўжыцця ад слова адстаюць? Яшчэ раз слухай: ісці на... Ісці на...
ПАЭТ. А-а-а!
ТУРАЎСКІ. Ага. Вось бачыш, як запляміліся сэнсы. Што толькі плакаць застаецца. А чалавек павінен радасцю крыліцца. Адкуль жа радасці ўзрасці, як не са слова? Вось хоць бы звычайнае ўзяць слова радасць, якой душа за воблакі ўзлятае.
ПАЭТ. У роднай мове тайну мне прыадкрываеш.
ТУРАЎСКІ. Бо словам творацца сусветы. Імя прыпомні, як звалі егіпцяне Бога Сонца?
ПАЭТ. Бог Сонца? Ра — ён зваўся Ра.
ТУРАЎСКІ. Вось так. І самае натхнёнае пачуцце сэрца: ра-дасць! Бог дасць, калі па-нашаму сказаць.
ПАЭТ. Я адчуваў, што скарбы ў кожным слове ёсць. Але каб так? — ніколі не чакаў.
ТУРАЎСКІ. Ёсць скарбы, ды яшчэ якія! А вы тут рэферэндумы на мову. Як можна так?! Зусім скруцілі мазгаўню! Па-першае, калі пастух пытаўся б у авечак, дзе пасвіць іх — яны яго б даілі паціхеньку, ды стрыглі воўну. А па-другое, як можна параўноўваць мову родную з чужой? “В одну телегу впрячь едвали можно, коня и трепетную лань» — так Пушкін некалі пісаў. Тут цяжка растлумачыць, тут адчуваць патрэбна сэрцам. Бадай, што быка на індыка памяняць. Вось так і тут. Жыла і жыціме мова, не вамі кончыцца народ. Але ўжо з году ў год не можаце вы болей да ісціны высокай падымацца, а ўсё таму, што не сярпом зжынаеце на жатве, махаеце сякерай, а дровы колеце вяслом. Ці разумееш ты мяне?
ПАЭТ. Чаго не ўцяміў галавой, дык тое сэрцам адчуваю.
ТУРАЎСКІ. Прыйшлося нам далоў спускацца, каб абудзіць яшчэ жывыя душы. Пытанне: як растуць грыбы? Ці дрэвы як пад небам узрастаюць?
ПАЭТ. Звычайна, знізу ўверх.
ТУРАЎСКІ. Вось так: пупышка першая, зрабіўшыся галінкай, на самым вільчыку красуецца пасля. Але што здарыцца калі, карэнне знізу перасохне?
ПАЭТ. Загіне дрэва.
ТУРАЎСКІ. Бясспрэчна: загіне! Бо што карэнне ёсць, ці голле ніжнее? То дзеці, ўнукі, праўнукі, якія сваім жыццём і жыцці продкаў падымаюць. Бо хто раней сыйшоў з зямлі, аддаўшы цела роднай глебе, душою ўзвіўся у нябёсы. Мы ўсе падпорка  праайцу Адаму, і чалавецтвам выправіць правіны першы грэх. Жывое жывіцца жывым і сілу мае. Цяпер ты разумееш, што ў небе гэтак жа спыніўся рух над нашаю зямлёю. Вось, дарэчы — “рух”, “то бишь движенье…» Дух на іудзейскай мове, уважліва паслухай, ёсць “Руах”, па-арамейску – гэта “руха”, а па-арабску “рух” таксама. А ўсё перакладаецца, як Дух, як вецер! Цяпер заўважыў нітачку?
ПАЭТ. Ну так.
ТУРАЎСКІ. Так слова беларускае стаіць блізёханька да Ісціны Хрыстовай! І не таму, што беларускае бліжэй да Госпада, о не! Але для беларусаў па крыві і сэрцу, па прыродзе — няма бліжэйшай мовы. А ІСЦІНА – то дзея словаў, і прылічыць яе магчыма к дзеяслову, як Пушкін некалі сказаў: глаголом жги сердца людей! Ад Бога быў паэт.
ПАЭТ. Дык мёртвым не баліць — даўно вядома. Як растлумачыць гэта трупам?
ПОЛАЦКАЯ. Сам будзеш сведкам. Вось наша тлумачэнне — сонца! (Паказвае на сонца. Падыходзіць нарад міліцыі.) А ўслед ляцяць каметы і будзе суд... Пакуль што не апошні, а так сабе, — прамежкавы пакуль.
СЯРЖАНТ. Зноў мітынгуеце? Ці вы не чулі пра дэкрэт, ці вы яго не прачыталі: больш трох нідзе, нікому і ніколі не збірацца?
ПАЭТ. Мы глупства не чытаем.
СЯРЖАНТ. Ого, крамола! Дазвольце дакуменцікі.
ПАЭТ. Колькі можна? Ўжо шосты раз за дзень.
СЯРЖАНТ. Калі патрэбна будзе, праверым і сто дваццаць шэсць. Пашпарт!
(Паэт нехаця працягвае пашпарт, сяржант вывучае старонкі, прыдзірліва разглядае фотаздымкі і чытае, быццам па складах.)
СЯРЖАНТ. А вашы дакументы, спадары астраномы?
ПАЭТ. Гэта мае людзі. Яны са мной.
СЯРЖАНТ. Грамадзянін Сук, (вяртае пашпарт) да вас не звяртаюцца! Вашы дакуменцікі.
ТУРАЎСКІ. Мы праездам.
СЯРЖАНТ. Квіток на аплату пошліны. Калі вы з-за мяжы, квіток аплаты падаткаў па ўязной візе, і ў інвалюце, калі ласка. Калі нелегалы, дык мы гэта можам дамовіцца на некалькі тысёнцаў.
ПОЛАЦКАЯ. Ды мы тутэйшыя.
СЯРЖАНТ. (Глядзіць са здзекам) Бачу, такія вы тутэйшыя, як я Маргарэт Тэтчэр. Бедуіны якіясці...
ПАЭТ. Вы што, не пазнаёце іх? Гэта ж нашы святыя!
СЯРЖАНТ. Ха! На гэтым участку я сам папа рымскі, і цар, і Бог, і воінскі начальнік і герой. Псіхушка па іх плача.  Там Цэзар ёсць, два Леніны і шэсць Напалеонаў. Ёсць нават Іісус.
ТУРАЎСКІ. Не богохульствуй, раб!
СЯРЖАНТ.  Што-што? Што ты сказаў, стары? Ты ведаеш, што я пры выкананні. А ты мяне абразіў!
ТУРАЎСКІ. Чарвяк ты, і не ведаеш пра гэта!
СЯРЖАНТ. Усё, бедуіны! Вы мяне дасталі. (Хоча ўхапіць Тураўскага за руку.) Іван, Сцяпан! Схапіце іх!
ТУРАЎСКІ. Ізыдзі, сотана! І-зы-дзі вон!
СЯРЖАНТ. (па рацыі) Камандзір, прышліце амапаўцаў. Тут бедуіны дэбош устроілі. Цягне на міжнародны скандал. Так, тры чалавекі ў парку (да святых) Хвіліначку, мы зараз разбярэмся, хто праў, хто вінаваты, і хто з нас грэшны, хто святы. Вось нашы аргументы важкія. (Паляпвае па далоні міліцэйскай дубінкай. Пранізліва гучыць міліцэйскай сірэна.)


К А Р Ц І Н А      С Ё М А Я


(Вёска. На лавачцы каля плоту сядзіць Гандзя. Да яе падыходзіць дзед Ягор, садзіцца побач. Воддаль на гасцінцы паказваюцца людзі).

ПЕРШЫ ВЯСКОВЕЦ. А чаму гэта вы ў царкве не былі? Ай-яй-яй! Грэх які на душу ўзвалілі.
ДЗЕД. Наўздагон не накланяешся. Штосьці раней я цябе там не бачыў.
ПЕРШЫ ВЯСКОВЕЦ. Ну і што? Галоўнае што цяпер, перад судом, трапіў. Бацюшка казаў, хто сёння ў царкве не быў, той на вякі выкраслены з кнігі жывых. Да сёмага калена.
ГАНДЗЯ. Ягор, што ён вярзе такое. Дзе ж справядлівасць тады?
ДЗЕД. Сабака брэша вецер носіць. Язык без касцей вось і меле. Ды ўсё адна пацяруха. Было ў Бога спадзяванне на дурня, а дурань узяў дый паразумнеў: у царкву падаўся. Ента, сам Гасподзь Бог тую кніжку бацюшку даверыў?
ПЕРШЫ ВЯСКОВЕЦ. Чаго зубы скаліш. Бяжы ў царкву пакуль не позна. Можа яшчэ і запіша. Светапрадстаўленія ж пачалася.
ДЗЕД. Куды ўжо нам... Да соннага папа на споведзь не ходзяць.
ГАНДЗЯ. Яго, Ягор, пэўна разумны індзюк выседзеў.
ДЗЕД. І не кажы, Гандзя, пераседжанае яйка заўсёды баўтун.
ПЕРШЫ ВЯСКОВЕЦ. Нехрысці.
УНУК. Я ж казаў, што трэба кідаць работу.
ПЕРШЫ ВЯСКОВЕЦ. Вуснамі немаўляці прамаўляе ісціна — а ён, бач ты, пень старагаловы, зубы на сонцы сушыць.
ДЗЕД. Ды не на адным, а на двух сонцах. Людзей слухай, унучак, а свой розум май. А ты давай-давай, шуруй адсюль, спасенец! Красно і пярэста гаворыш, ды ўсё пустацветам.
ДРУГІ ВЯСКОВЕЦ. Што ты, Яўхім, размаўляеш з ім? Іудзеі такіх пабівалі камнямі. Сказана: не мячыце бісер перад свіннямі.
ДЗЕД. Другі вынайшаўся. Паглядзі, Гандзя, на новаяўлена святога. Ці не ўчора ён у тваім хлявушку валяўся п’яным і цяля калашыну аджавала? А цяпер у праведнікі падаўся. Выць табе ваўком за тваю авечую прастату.
ДРУГІ ВЯСКОВЕЦ. Не спакушай мяне! Я святых таінстваў спадобіўся.
ДЗЕД. Спадобілася цяля паспакушаць тваю калашыну. Пара ўжо апахмяляцца ісці.
ВЯСКОЎКА. Вай-вай-вай! Прапалі людзі! Ах, Божухна, загінулі грэшныя.
ДЗЕД. Чаго галосіш, як па нябожчыках?
ВЯСКОЎКА. Вас, дурных, шкада. Чаго ж гэта вы ў царкве не былі? Там сёння ў вечнае жыццё запісвалі.
ГАНДЗЯ. (абыякава) Я тваю карову адвязала, крыху не засілілася. Рыкала, дык я вады дала. Ты што не паіла яе з ранку?
ВЯСКОЎКА. Што там карова. Прападзі яна пропадам. Не патрэбна болей яна. Не сеюць, не пашуць на нябёсах. Бацюшка казаў, хутка рэкі малочныя пацякуць... Бог выведзе сваіх улюбёных... Што ж ты, Гандзя, не пайшла? Шкада мне цябе, ой як шкада, вай-вай!
ГАНДЗЯ. Карову сваю пашкадуй: скура ды косці засталіся.
ДЗЕД. А цябе не возьмуць у рай!
ВЯСКОЎКА. Чаму ж гэта? Мяне запісалі, сямнаццатая па спісу.
ДЗЕД. Туды пускаюць толькі чыстаплосных.
ВЯСКОЎКА. Ціпун табе на язык. (Паказваецца прэзідэнт са світай.)
ДЗЕД. Унь, паглядзі, за табою ўжо Ангелы прыйшлі.
ВЯСКОЎКА. Ой, людцы, гэта ж наш любімейшы прэзыдэнт. А я ж яго таксама запісала. Пабягу паздароўкаюся.
ДУБІНКІН. Грамадзяне, разыдзіцеся. Усім разысціся. Тут зараз будзе праходзіць прэзідэнт і галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі дзяржавы.
ДЗЕД. Ну, паздароўкалася? Бяжы хутчэй, ён пацалавацца з табою хоча.
ВЯСКОЎКА. Трапло старое, памаўчаў бы.
ГАНДЗЯ. Пайшлі, Ягор. Далей ад начальства, бліжэй да Бога.
ДЗЕД. І то праўда. (Зыходзяць са сцэны. Апошняй, аглядаючыся, збягае вяскоўка.)
ПРЭЗІДЭНТ. Бюджэт павялічваецца?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Вельмі марудна...
ПРЭЗІДЭНТ. Чаму?... Вы абяцалі, панімаіш, што памножыце выдадзеную суму на тысячу.
ПРАЛІЧЫЛКІН. Абяцаў. Але ж... Не хочуць плаціць падаткі.
ПРЭЗІДЭНТ. Хто канкрэтна не хоча, назавіце прозвішчы.
ПРАЛІЧЫЛКІН. Ды ўсё злоўчваюцца неўзаметку паглядзець на наша сонца, кантрабандным, так сказаць, спосабам. Адзін, напрыклад, вочы павязаў чорнай хусцінкай і гаворыць, я не гляджу на ваша сонца, таму падаткі плаціць не буду. На сонца ж пячатку не паставіш і замок не павесіш.
ПРЭЗІДЭНТ. Я прасіў усіліць рэжым. Граніцу на замок, каб ні адна мыш не прашмыгнула. Каб ніводнай дзяржаўнай капейкі не прапала дарам. Гэта адзіная магчымасць, панімаішь, выцягнуць эканоміку з крызісу.
МОРДАЧЫСЦІК. Усё зробім, таварыш прэзідэнт! Ніводная капейка не прападзе. Кардоны выстаўлены, войскі ў баявой гатоўнасці. Але штосьці слабавата едзе замежны госць.
ДУБІНКІН. Слаўная прэзідэнцкая міліцыя арыштоўвае ўсіх падазроных. Але грошай у казну паступае катастрафічна мала.
ПРЭЗІДЭНТ. Трэба і не падазроных арыштоўваць, больш будзе грошай.
ДУБІНКІН. Будзем арыштоўваць усіх!
ПРАЛІЧЫЛКІН. І яшчэ. Мала квіткоў падрыхтавалі. Яны паедуць, як піць даць паедуць. Не хвалюйцеся, яшчэ сезон не пачаўся, пакуль здалёк прыглядаюцца. ПРЭЗІДЭНТ. Я не хвалююся, гэта вам трэба хвалявацца. Бо я заяўляю з усё адказнасцю, што вам мала не пакажацца.
ПРАЛІЧЫЛКІН. А квіткоў усё адно малавата.
ПРЭЗІДЭНТ. Якіх яшчэ квіткоў?
ПРАЛІЧЫЛКІН. На аплату пошлін. Міністр папяровай прамысловасці патрабуе папяровага загаду. Гаворыць ніводнага кілаграма паперы не выдам без подпісу прэзідэнта. Вось так.
ПРЭЗІДЭНТ. Яму мала майго тэлефоннага званка?
НЕДАГЛУЗДАЎ. Кажа, телефонную размову да справы не падшыеш. Яму, маўляў, за вас, таварыш маршал, у турму садзіцца не ахвота.
ПРЭЗІДЭНТ. Ах, так! Сядзе сам па сабе і за сябе.
ПРАЛІЧЫЛКІН. Так-так! Даўно пара, таварыш прэзідэнт. Неахвота, гаворыць, аддувацца за прэзідэнта: сёння ён прэзідэнт, а заўтра — конюх.
ПРЭЗІДЭНТ. Так і сказаў?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Так, конюх, гаворыць. Конюх, конюх…
ПРЭЗІДЭНТ. Хопіць паўтараць ужо. Спадабалася, бач ты! Падрыхтаваць загад... Два. Адзін аб звальненні папяровага міністра з займаемай пасады, а другі аб яго арышце. Усім зразумела? І на канюшню яго, на канюшню!
ПРАЛІЧЫЛКІН. Так точна!
НЕДАГЛУЗДАЎ. Вядома, усё зразумела.
ПРЭЗІДЭНТ. Так будзе з усякім, хто не будзе падпарадкоўвацца і будзе баяцца сесці за прэзыдэнта ў турму. Я гэта заяўляю з усёй адказнасцю.
ВЕРАДОВІЧ. За гонар павінны лічыць: пасядзець заместа прэзідэнта.
ПРЭЗІДЭНТ. Што ты сказаў? Пасядзець на месцы прэзыдэнта?
ВЕРАДОВІЧ. Як можна, як можна падумаць такое? Я сказаў пасядзець за вас у турме.
ПРЭЗІДЭНТ. Ах, вось што. Пахвальна.
НЕДАГЛУЗДАЎ. Вось гэтае месца, таварыш генералісімус. Вёска ўсё адно безперспектыўная. Дамы пазносім, расчысцім пляцоўку, крэслы паставім...
ПРЭЗІДЭНТ. Колькі чалавеку плануеце прымаць за адзін раз?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Тысяча трыста за сеанс.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух, ты! Здорава, панімаішь! А колькі будзе каштаваць квіток?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Тысячы дзве даляраў.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух, ты! Ого! Якія грашышчы! Добра. Але я думаю, трэба падняць кошт. Скажам, тысячу і тры долары. Тры долары на сацыяльныя праграмы.
ПРАЛІЧЫЛКІН. Зробім. Але, спадар прэзідэнт, мне б яшчэ мільярдаў дваццаць.
ПРЭЗІДЭНТ. Што?! Хіба мала таго, што атрымалі?
ПРАЛІЧЫЛКІН. Малавата... Грошай ніколі не хапае. Можа таму і не едзе замежны інтурыст, што пажміндзіліся на піяр. Рэклама трэба.
ПРЭЗІДЭНТ. Тавар выключнай якасці не патрабуе рэкламы. У нас унікальнае сонца, такога болей няма нідзе. Якая яшчэ рэклама?! Якая можа быць канкурэнцыя? Манаполія, олухі! Так што ніякіх грошай больш не атрымаеце! Міліпіздрыкі няшчасныя. Кропка. Не, клічнік! І ні капейкі болей.
ВЕРАДОВІЧ. Я думаю, спадар прэзідэнт, гэтыя сонейкі яшчэ можна выкарыстаць.
ПРЭЗІДЭНТ. Якім чынам?
ВЕРАДОВІЧ. Мільярдаў дваццаць на распрацоўку праекта патрэбна.
ПРЭЗІДЭНТ. Не дам! Зноў дай! Ніводнай капейкі. Вы нас усіх у трубу загоніце.
ВЕРАДОВІЧ. Ну, таварыш прэзідзенцік, двац-цаць мільярдаў...
ПРЭЗІДЭНТ. Не!
ВЕРАДОВІЧ. Што вам стоіць падмахнуць.
ПРЭЗІДЭНТ. Тпру!
ШУКЕВІЧ. Таварыш прэзідэнт, мы ў штабе контразведкі нарадзілі ідэю.
ПРЭЗІДЭНТ. Ну?
ШУКЕВІЧ.  Папрасіце застацца толькі сілавых міністраў. Абмеркаваць трэба вузкім колам, каб не было ўцечкі інфармацыі.
ПРЭЗІДЭНТ. Усім пакінуць нас. Маёр Дубінкін і генерал Чыстамордзік застаньцеся.
МОРДАЧЫСЦІК. Я Мордачысцік!
ПРЭЗІДЭНТ. Ух, ты! Ца-ца! Зразумеў, што цябе просяць застацца і хопіць. А ты куды, рэзідэнт?
ШУКЕВІЧ. Дык вы ж сказалі, усім пакінуць.
ПРЭЗІДЭНТ. Акрамя сілавых міністраў. Разведка — гэта сіла, інфармацыя – гэта зброя, хто ёю валодае, валадарыць светам.
ШУКЕВІЧ. А-а-а!
ПРЭЗІДЭНТ. Бэ-э-э! Што за ідэя?
ШУКЕВІЧ. Сонейка гэтая можна выдаць за звышсакрэтную зброю.
ДУБІНКІН. Пусціць пагалоску. Што мы вынайшлі новую звышмагутную зброю. Напрыклад, псіха-лінгва-нейтронна-ментальную. Такім чынам можна будзе шантажыраваць суседнія дзяржавы.
МОРДАЧЫСЦІК. Не толькі суседнія, увесь свет.
ДУБІНКІН. І сваю не шкодзіла б пашатажыраваць, зусім ад рук адбіліся.
ПРЭЗІДЭНТ. Што нам дасць такі шантаж?
ШУКЕВІЧ. Як Што?! Мы пашлём ультыматумы ўсім дзяржавам свету: калі хочаце міру — плаціце наяўнымі. Пералічвайце на нашы рахункі палавіну гадавога бюджэту. Вось так! А калі не, то... Ого-го-го!!!
ПРЭЗІДЭНТ. Што то? Што ого-ого-ого?
ШУКЕВІЧ (махае кулаком.) Ого-го-го!
ПРЭЗІДЭНТ. (Глядзіць у той бок.) Не зразумеў?
ДУБІНКІН. (Здымае чаравік і б’е па спіне Мордачысціка.) Ого-го-го!
МОРДАЧЫСЦІК. Пакажам кузькіну маць.
ПРЭЗІДЭНТ. А-а-а! Так бы адразу і сказалі. Дык шантажыруйце, усе казыры вам у рукі. Толькі лепш не “ого-го”, а больш сціпла “эге-ге”.
МОРДАЧЫСЦІК. Зразумела. Напужаем іх, што разнясем на кускі. Нібыта гэта бомба ў мільярд разоў страшнейшая за вадародную... Пералічаць.
ПРЭЗІДЭНТ. Думаеце, панімаішь, пералічаць?
ШУКЕВІЧ. А дзе яны дзенуцца.
ДУБІНКІН. Без сумневу, жыць-та хочацца.
МОРДАЧЫСЦІК. Абавязкова.
ПРЭЗІДЭНТ. Ух, ты! Добра! Выдатненька. Заўтра збярэм генеральны штаб і ўсё вырашым. Можа ваша ідэя акажацца больш дзейснай, чым турпраект таварыша Пралічылкіна. Заўтра будзем думаць, каб не пралічыцца. Хаця я ўжо ўсё рашыў і падумаў. А зараз, спадары сілавыя міністры, слухайце мой загад: усіліць рэжым! Каб ніводнай дзяржаўнай капейкі не прапала. І прыступіць да шантажу!
ШУКЕВІЧ. Ёсць!
ДУБІНКІН. Ёсць!!
МОРДАЧЫСЦІК. Ёсць!!!
УСЕ РАЗАМ. Служым прэзідэнту дзяржавы!!!
(Разварочваюцца і маршыраваным крокам зыходзяць са сцэны, следам за імі, спрабуючы падабраць нагу ў такт, маршыруе прэзідэнт.)


К А Р Ц  І Н А      В О С Ь М А Я

(Аддзяленне міліцыі: за сталом маёр Дубінкін, нарад міліцыянераў прыводзяць паэта і святых.)

СЯРЖАНТ. Вось, таварыш маёр, без квітка на аплату пошлін. Без дакументаў. Пры затрыманні аказалі супраціўленне.
ДУБІНКІН. Так, зразумела... Хаця не панятна: чаму без дакументаў? Вы чыталі ўказ прэзідэнта?
ПАЭТ. Якія ў іх могуць быць дакументы? Яны ж адтуль (паказвае пальцам у неба.)
ДУБІНКІН. З ААН?
ПАЭТ. Не. Бярыце вышэй.
ДУБІНКІН. Няўжо з сусветнай яўрэйскай арганізацыі?
ПАЭТ. Ды не, з неба яны.
ДУБІНКІМН. Маўчаць, ідыёт! У цябе не пытаюцца. За сваё адказвай. Так, хто такія будзеце?
ТУРАЎСКІ. Я Кірыла Тураўскі, празваны ў народзе златавустам.
ДУБІНКІН. Ага, значыць, залацішкам прамышляеце? Добра. А вы?
ПОЛАЦКАЯ. Полацкая Еўфрасіння. Святая.
ДУБІНКІН. Знаёмыя, знаёмыя прзвішчы. Цікавыя паганялы? Чуў штосьці пра вас... Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая... Па якой жа справе вы праходзілі?
СЯРЖАНТ. Можна ў картатэку.
ТУРАЎСКІ. Па справе Праваслаўнай царквы.
ДУБІНКІН. А-а-а... Гандаль алкаголем? У Епархіі цэлы склад выявілі. Безпошлінны гандаль. Так?
ТУРАЎСКІ. Не. Мы з сястрой гэтага дурману не ўжываем. І не гандляры, у наш час гандлем толькі жыд займаўся.
ДУБІНКІН. Што гэта за антысеметызм? Што за распальванне міжнацыянальных адносін? Як вашы прозвішчы? Па пашпарту.
ПОЛАЦКАЯ. Мы ж сказалі.
ДУБІНКІН. Вы мне тут жарцікі кіньце! Разумееце, дзе знаходзіцеся?
СЯРЖАНТ. Можна ў картатэку глянуць і вызначыць прозвішчы па “клікуках”?
ДУБІНКІН. Знай сваё месца, сяржант! Так-ак... Дзе прапісаны?
ТУРАЎСКІ. На небесі.
ПОЛАЦКАЯ. Беларускі ўдзел Госпада нашага Ісуса Хрыста і яго Найсвяцейшай Маці Дзевы Марыі.
ДУБІНКІН. Каго ты прывёў? Гэта ж недавумкі нейкія.
СЯРЖАНТ. Можа іх у Навінкі? Прыкідваюцца. У КэПэЗэ іх, таварыш маёр, папарацца крыху — мігам пасмірнеюць.
ДУБІНКІН. Пашпарты ёсць?
ТУРАЎСКІ. Дазвольце спытаць, князь, што такое пашпарт? Каторы раз нейкі ўсё пашпарт пытаюцца.
ДУБІНКІН. Златавуст, што ты вальку валяеш? Косіш пад дурня. А потым скардзяцца самому прэзідэнту, што я голас павышаю. (Выходзячы з сябе, але з паказной цярплівасцю і ласкай) Пашпарт — дакумент, які падцверджвае асобу чалавека, які прыпісвае чалавека да вызначанага месца жыхарства. Глядзі, якое ў мянее цярпенне!
СЯРЖАНТ. Жалезнае.
ТУРАЎСКІ (паглядваючы на дубінку) Я б сказаў гумовае. Хіба на гэтай зямлі людзям на слова ўжо не вераць? Патрабуюць нейкай паперкі.
ДУБІНКІН. Маўчаць! Хто дазволіў крытыкаваць парадкі дзяржавы?! Гэта яшчэ адзін артыкул.
ПОЛАЦКАЯ. Не баіцеся кары нябеснай?
ДУБІНКІН. У іх што, крыша надта высокая? Што яны ўсё небам пужаюць.
СЯРЖАНТ. Ды не здаецца. Заграблі ў гарадскім парку. Рэчаў ніякіх не было, нават без мабільнікаў. Якая ў іх можа быць крыша, бамжоўскі падвал.
ДУБІНКІН. Ха-ха! За пагрозы пры выкананні яшчэ артыкульчык. Я аднаго баюся, сударыня, калі мяне здымуць з работы. Усё астатняе для мяне — трын-трава.
ТУРАЎСКІ. Дажыліся. На роднай зямлі нейкай “прыціскі” патрабуюць.
ПОЛАЦКАЯ. Браце, Кірыле! Досыць  ужо. Трубі трывогу, пара!
СЯРЖАНТ. Таварыш маёр, што гэта з сонцамі?
ДУБІНКІН. Бачу-бачу...
СЯРЖАНТ. Яны сходзяцца.
ДУБІНКІН. Не сляпы.
СЯРЖАНТ. Зліліся. Глядзі, цяпер адно.
ТУРАЎСКІ. (Грукае посахам у зямлю.) Слухай, зямля бацькоў! Моц продкаў і прашчураў, што пад прастолам Госпада майго крычыць аб справядлівасці: дакуль! Дакуль славянскі Дух цярпецьме гэты здзек?! Дакуль!! Паўстань магутны Дух ад Белай Русі — і зачыні ім вусны.
ПОЛАЦКАЯ. Усе на суд! На плошчу Волі! Да Свята-Духава сабора.
ТУРАЎСКІ. Усім загадваю я валадарным Слова, уладаю, мне дадзенай Архангеламі Бога, усім на суд (грукае посахам).
ПАЭТ. Кірыле, што здарылася з імі?
ТУРАЎСКІ. Нічога страшнага. Яны ў жыцці занадта шмат бяздумна балбаталі языкамі — прыйшла пара адказ трымаць, і заняло ім мову.
ПОЛАЦКАЯ. І змушаны на суд ісці, нібы авечкі безгалосыя.
ТУРАЎСКІ. Мо, хоць цяпер уразумеюць, якімі скарбамі валодалі ў жыцці.
ПОЛАЦКАЯ. Пайшлі, паэце, з намі.
ТУРАЎСКІ. На суд наш паглядзіш.
ПОЛАЦКАЯ. І з цягам часу што-небудзь можа і напішаш.
ПАЭТ. Дазвольце зараз. Вось толькі нарадзіліся радкі.
ТУРАЎСКІ. Давай, парадуй сэрца рытмам.
ПОЛАЦКАЯ. Сапраўдны верш, нібы малітва.
ПАЭТ.                Хлусня, што ўсе шляхі вядуць у Рым.
Я тысячы дарог пакінуў за плячыма,
Прайшоў зямлю, нібыта пілігрым,
Ніводзін шлях не скіраваў да Рыма.
Дарэмна ўсё!... І час ляціць наперад,
Як птушка неразумная ў сіло —
Наступіць дзень — знямее ў сэрцы вера,
Даспее ў электронным вочку зло...
Жыццё цячэ... Жыццё распісана ў паперах:
Інструкцыяй, законам і мяжой —
Ды зноў вясной вада зрывае бераг,
Да сонца зноў праз камень прабіваецца жывое!
Што гаварыць — калі змярцвела слова?
Што прычакаць — як замест сэрцаў — спуд?
Жыццё цячэ! І час ляціць нанова —
А ўсе шляхі, як не круці, вядуць на Суд!
(Танец Светлых і Чорных ценяў. Панура, як жывёлы на забой, апусціўшы галовы, ідуць людзі. Цягнуцца калонамі: міністры і чыноўнікі, прэзідэнт, міліцыянеры, прахожыя... У многіх, за выключэннем некаторых, завязаны павязкаю рот, вочы або вушы. Можна прыдумаць іншыя адзнакі пакарання, напрыклад жывёльныя хвасты, рогі, капыты. Кары пазбеглі адзінкі, сярод якіх дзед Ягор, Гандзя, Унук, Другі Прахожы. Яны перагаворваюцца паміж сабой, з чаго можна зрабіць выснову, што мова адабралася не ва ўсіх.
На ўзвышшы сядзіць Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая, каля іх ног — паэт.)
ТУРАЎСКІ. Ну як, паэце, параіш суд вяршыць?
ПАЭТ. Калі спыталіся ў мяне, лічу, што трэба  навучыцца па прыродзе: усе расліны знізу цягнуцца да сонца.
ПОЛАЦКАЯ. Разважыў правільна паэт: ад дробных спраў — да больш вялікіх, ад люду простага — да першага ў дзяржаве чалавека.
ТУРАЎСКІ. Каму больш дадзена, з таго і запыт большы, хто быў апошнім — стане першым.
ПОЛАЦКАЯ. Каб розную і ўсякую на свеце спраўдзіць праўду.
ПАЭТ. Яшчэ дадам. Заўжды да чынавенства не дастояцца ў чарзе, няхай сягоння пачакаюць.
ТУРАЎСКІ. Пачнём? Хто першы? А ты куды? Назад! Ты сёння, прэзідэнт, адным з апошніх будзеш, каб зведалі нарэшце людзі, што й прэзідэнтаў судзяць.
(У ланцужок выстройваюцца дзеючыя асобы містэрыі. На сцэну выбягаюць Белыя цені і  пачынаюць танец. Усё кружыцца. Калі цені раптам разбягаюцца, то адкрываецца: пасярэдзіне лаўкі на сцэне ляжыць паэт — гэтак жа як і ў пачатку містэрыі.)
 
Э П І Л О Г    Н А    З Я М Л І

(Паэт прачынаецца, садзіцца на лаўку і здзіўленна аглядаецца навокал. Падымае галаву і ўзіраецца ў неба.)

ПАЭТ. Якія дзіўныя сны...
Птушкі помняць гнёзды свае... А што помніш ты, чалавеча? Ці ведаеш, што ніколі не паміраеш?… Вечны вандроўнік прасторы і часу. Брыдзеш з мінуўшчыны ў будучыню праз стагоддзі і эпохі, не помніш нават, што было ўчора, і заўтра робіш сённяшнія памылкі. Нічога не помніш. Ці не забыўся дарогі назад, да сваёй вечнай дамоўкі? Што прынясеш туды ў сваім сэрцы? Што значыць імя тваё ЧАЛА-ВЕК??!

(Выбліск маланкі, раскаты грому, людское шматгалоссе...)

Вось так бывае сапраўды:
Было, ці толькі будзе,
Як панясуць нас на клады
І ў рэшце рэшт — засудзяць?
Прамовіць Вечнасці Суддзя:
“Ты жыў не так, як трэба!”
Дзе апынуся, людцы, я,
Калі не пусціць Неба?
Абарані мяне, зямля,
Калі апошнім шляхам
У сінь нябёс памкнуся я
Безабаронным птахам.
Зямля бацькоў, зямля дзядоў,
Ты атулі мяне, як сына.
Усё вяртаецца дамоў
Сваёй апошняю часінай.

(Гоман людскога шматгалосся. Выбліск маланкі і раскаты грому. Паэт хрысціцца.  Апускаецца на калені і цалуе зямлю.)

Э П І Л О Г    Н А    Н Я Б Ё С А Х

(Нябесная Белая Русь. На воблаках тры Архангелы: Міхаіл, Гаўрыіл і Рафаіл.)

МІХАІЛ. Так слова валадарыць над Сусветам,
Што словам вырастаюць чалавекі
І робяцца багамі праз гады.
Падзякуем вандроўнаму паэту —
Ён будзіць Дух, як сонца будзіць рэкі
Пасля зімовай спячкі, ломячы ільды.
ГАЎРЫІЛ. Скажы, Архістраціг,
Пазбавілі нас крылаў назаўсёды?
МІХАІЛ. О, не! Нічога назаўсёды не бывае,
Хоць кажуць, часам і мядзьведзь лятае...
РАФАІЛ. Ды пад гару, калі дармовы мёд збірае.
МІХАІЛ. Вось я і гавару:
Прыступкай нам у вечным станаўленні
Паслужаць беларускія прыгоды.
А крылы?...
РАФАІЛ.             Адрастуць і праз паўгода.
МІХАІЛ.                Каб Богам стаць, трэ апусціцца на калені,
Бо нават дрэва, падпіраючы аблокі,
Спачатку ў глебу падае насеннем.
А чалавек да ісціны высокай
Падняцца можа толькі роднай мовай,
Бо слова для яго, нібы для птушкі крылы.
Арлу арлінае, салоўку — салаўінае.
Адвечна так. Ніколі не было,
Каб ластаўка арлінае прымерала крыло.
Вось так і тут, нібы для птушкі крылы
Для чалавека слова, нібы святло ад сонца.
Стагоддзямі маліўся Дух Кірылы
І хутка шлях расчыніцца ў бясконцасць,
І слова да вышынь уздыме беларусаў.
ГАЎРЫІЛ. Містэрыю паэту падарылі
А самі засталіся зноў без крылаў.
РАФАІЛ. Ахвяраваць жа нечым мусім.
МІХАІЛ. Не аднаму паэту падарылі, а ўсяму народу
Мы ахвяруем правам на свабоду,
Каб разам вольнымі ўзляцець, нібы буслы над хатай,
Каб і апошні чалавек аднойчы стаў крылатым.

(Выбліск маланкі, раскаты грому, гоман людскога шматгалосся.)
                ( Заслона)
СУЛАДНЫЯ ГАЛАСЫ КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА І ЕЎФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ  ЧЫТАЮЦЬ МАЛІТВУ:

Ойча наш Нябесны! Сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё ды станься воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штадзённага дай нам сёння, і выбач нам правіны нашы, як і мы выбачаем вінаватым прад намі, і ня дай нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Бо Тваё ёсць валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер і ўвесь час і на вякі вякоў. Амін.

К   А   Н   Е   Ц

1996-1997гг.